Вітамінныя маршруты

- 10:19Выхаванне, Выхаваўчая прастора

На школьным агародзе яшчэ з вясны ладзяцца эксперыменты, падвесці вынікі якіх юных аграномаў прыспешвае вераснёўскі званок.

Экалагічнае выхаванне ўжо некалькі гадоў з’яўляецца адным з галоўных кірункаў дзейнасці ў Мярэцкаўскай дзіцячым садзе — базавай школе Глыбоцкага раёна, але апошнім часам яно атрымала практычнае ўвасабленне. У прыватнасці, школьнікі маюць поспехі ў кірунку арганічнага земляробства. І калі вырошчванне бульбы, морквы, буракоў для спажывання ў школьнай сталовай даўно стала тут традыцыйным, то апрабоўванне новых культур і іх гатункаў цікавіць дзяцей значна больш. У гэтыя дні для вучняў і на продаж у новенькай цяпліцы спеюць пузатыя памідоры, каляровыя перцы, незвычайныя віды капусты, пра якія дзеці нават і не чулі раней, фасоля, баклажаны і інш. Цыбульныя і капустныя эксперыменты, выпрабаванні гатункаў таматаў і перцаў, ацэнка агурковага смаку, а цяпер яшчэ і спробы вырасціць эксклюзіўны злак тэф напоўнілі летнія будні дзяцей і настаўнікаў. У жніўні ў школе праходзіць аздараўленчы лагер для малодшых школьнікаў, таму аматараў і дэгустатараў вітамінаў тут хоць адбаўляй. 

Калектыў школы прымае актыўны ­ўдзел ­у многіх ініцыятывах праекта “Школьны сад” для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва”. У яго межах школа і атрымлівае матэрыяльную падтрымку для агародніцтва — цяпліцу, трымер, насенне, біяпрэпараты і інш. Дзякуючы такому супрацоўніцтву, гэтай вясной тут пасялілася такая рэдкая для Беларусі культура, як тэф — злак, які родам з Эфіопіі. Тэф упадабаў мярэцкаўскія глебу і клімат, ужо густа закаласіў, і школьнікі спа­дзя­юцца, што хутка змогуць спячы з яго першы ынджэра — эфіопскі хлеб з размалочанага тэфу.

Сёлета на прышкольным участку былі створаны і сацыяльныя градкі, дзе навучэнцы разам са сваімі бацькамі вырошчваюць агародніну для іх асабістага спажывання. Насенне, біяпрэпараты, кансультацыі па вырошчванні ад педагогаў яны атрымліваюць у школе, а ўраджай нясуць дадому. 

“Тут дзеці разам са сваімі бацькамі саджаюць тое, што любяць, — агуркі, баклажаны, фасолю, кабачкі, гарбузы і нават кавуны і дыні, — расказвае ўдзельніца праекта “Сацыяльныя градкі” настаўніца геаграфіі Надзея Мікалаеўна Германовіч. — Ураджай яны ядуць самі, але калі ўдалося вырасціць ураджаю больш, чым ім неабходна, то яго лішкі яны прадаюць. Развіваем мы і валанцёрскі рух, калі дзеці збіраюць кошыкі з агароднінай і разно­сяць мясцовым адзінокім пажылым лю­дзям, частуючы іх вітамінамі.

Стварыць — гэта адна справа, а навучыць гэтаму — іншая, яшчэ больш важная. Таму школа складае для дзяцей адукацыйныя маршруты па кірунку “Сельскі турызм праз школьны сад”. 

У маршруты эколага-біялагічнага кірунку па прышкольным участку і школьным садзе ўключаны некалькі актыўнасцей. Так, гульнявая праграма “Займальная батаніка” аб’ядноўвае дзяцей 6—10 гадоў і ахоплівае тырэторыю ў паўкіламет­ра. Падчас інтэрактыўнай эксурсіі дзеці спасцігаюць асновы батанікі і спрабу­юць прымяніць набытыя веды на практыцы: у залежнасці ад пары года дзеці сеюць, праполва­юць ці збіраюць насенне. Самым любімым заняткам у дзяцей стаў збор ураджаю ў калекцыйным аддзеле лекавых і рэзка-араматычных траў. У школе з іх гатуюць чайныя зборы і ро­бяць араматычныя сашэ, старэйшыя школьнікі бя­руць расаду лекавых траў і робяць “філіялы” школьнай зялёнай аптэкі ў сябе дома.

Падлеткі 11—14 гадоў маюць магчымасць спасцігаць тут асновы садова-паркавага дызайну. На тэрыторыі дэндрарыя, школьнага саду і альпійскай горкі яны з дапамогай экскурсаводаў даведваюцца пра гісторыю іх афармлення, знаёмяцца з разнастайнасцю зялёных культур, вывучаюць асаблівасці выкарыстання хвойнікаў у афармленні тэрыторыі і спасцігаюць сучасныя тэндэнцыі ў ландшафтным дызайне — вырошчванне раслін бансай нівакі, тэхналогію жывога пляцення вербаў, дэкаратыўную стрыжку такіх кустоў, як спірэя, барбарыс, лох серабрысты, асвойваюць мастацтва стварэння вадаёмаў і іх імітацыі. А практыкум “Шкодныя ўрокі” ідзе ад адваротнага: юныя ландшафтныя дызайнеры разбіраюць памылкі ў афармленні альпійскіх горак. 

“Апошнім часам паўстала праблема адтоку моладзі з сельскай мясцовасці. Сваім праектам калектыў школы хоча паказаць маладым людзям, што вёска, у якой яны жывуць, і школа, у якой яны вучыліся, — скарбонка інфармацыі і жыццёвага вопыту”, — гаворыць дырэктар школы Інеса Сцяпанаўна Гражэўская. 

Для падлеткаў ва ўзросце ад 15 гадоў актыўнасці праходзяць у школьным садзе і агародзе. Яны даведваюцца пра іх гісторыю, дэгустуюць розныя гатункі яблыкаў, абмяркоўваюць сучасныя тэндэнцыі ў садаводстве. Агароднікі знаёмяцца з такімі прыёмамі арганічнага земляробства, як закладка цёплай градкі, севазварот, выкарыстанне раслін-сідэратаў і мульчыраванне. Напрыклад, каб вясной заха­ваць пасевы цеплалюбівых культур, робяць льняныя маты для град. У цяпліцы падлеткі ацэньваюць на смак розныя гатункі перцаў і таматаў, а падчас практыкі знаёмяцца з сучаснымі біяпрэпаратамі для аховы розных культур.

“Гэты маршрут не толькі адукацыйны, але мае і эканамічнае абгрунтаванне. Яго канчатковы пункт — гандлёвая кропка, дзе кожны ўдзельнік экскурсіі па жаданні можа набыць агародніну ці фрукты, сабраныя сваімі рукамі з пры­школьнага ўчастка, — гаворыць Святлана Іванаўна Кажамяка, настаўніца біялогіі і хіміі, і дадае: — Нашы маршруты ўжо апрабавалі на сабе і школьнікі, і мясцовыя жыхары. Плануем правядзенне экскурсій для навучэнцаў нашай школы і навучальных устаноў раёна, а магчыма, і на ўзроўні вобласці і рэспублікі. З гэтай мэтай мы пачалі падрыхтоўку экскурсаводаў з ліку педагогаў школы, а таксама навучэнцаў старшых класаў з магчымым далучэннем да гэтай справы і мясцовых жыхароў”.

Святлана НІКІФАРАВА.