Віват, профіль!

- 15:02Адукацыйная прастора

З мэтай задавальнення адукацыйных запытаў вучняў у сярэдняй школе № 18 Брэста створаны мультыпрофільныя групы. Выбраныя профілі адпавядаюць далейшаму прафесійнаму выбару выпускнікоў.

У бягучым навучальным годзе ва ўстанове адукацыі адкрыты гісторыка-грамадазнаўчы і філалагічны напрамкі. У канцы першай чвэрці ў школе праходзіць мерапрыемства-пасвячэнне “Віват, профіль!”. Сёлета яно праводзілася ў форме інтэрактыўнай квест-гульні. 4 каманды з ліку 26 дзесяцікласнікаў рашалі галаваломкі і задачы па профільных прадметах.

Маршрут гульні пралягаў праз цэнтральныя гарадскія вуліцы. Вучні не толькі паказалі высокі ўзровень ведаў па краязнаўстве, але і даведаліся шмат цікавага з дапамогай гульнявых артэфактаў пра гісторыю Брэста, пабываўшы ў адметных мясцінах. Гульня завяршылася ў музеі гісторыі горада, пасля чаго пачалася ўрачыстая цырымонія з удзелам выпускнікоў школы розных гадоў. Сярод іх — сённяшні дырэктар установы А.А.Голубева і пісьменнік, журналіст, краязнавец А.М.Сувораў. Яны ўспомнілі гісторыі са школьнага жыцця і пажадалі дзецям цікавай і паспяховай вучобы, рэалізацыі творчых задум і прафесійных планаў. 

А.М.Сувораў падарыў дзесяцікласнікам сваю кнігу “Брэсц­кая крэпасць: вайна і мір”. Завяршылася цырымонія ўручэннем вучнёўскіх гальштукаў з лагатыпам профілю. А бацькоўскі камітэт класа згатаваў шыкоўны святочны торт.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.