У пачатку тыдня ў самым сэрцы беларускай сталіцы зацвіў яблыневы сад. Новы маштабны праект “Кветкі Вялікай Перамогі!” стаў галоўнай прэзентацыяй на 42-м З’ездзе Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Сімвалам праекта была абрана яблыневая кветка, таму Палац Рэспублікі, здавалася, напоўніўся майскім водарам. Яблыневы цвет з гэтага года, па сутнасці, стаў і візітоўкай маладзёжнага руху, а сімвалам чакання шчодрага ўраджаю сталі наліўныя яблыкі, якіх удосталь было і ў імправізаваным садзе ў холе, і ў напоўненых даверху скрынях на сцэне. Бутаньерку ў выглядзе чырвона-зялёнай стужкі з яблыневай кветкай пасярэдзіне першым атрымаў падчас мерапрыемства Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Андрэй Белякоў узначаліў маладзёжны саюз
“У розных народаў яблыню надзяляюць рознымі сімвалічнымі значэннямі, але заўсёды пазітыўнымі. У нашага народа яблыневы цвет звязаны яшчэ і з Вялікім Маем, Вялікай Перамогай, якія дазволілі і сёння ўяўляць нашу маладую краіну квітнеючым садам, які трэба любіць, пра які трэба клапаціцца, каб вырасціць добрыя плады і атрымаць багаты ўраджай”, — зазначыў у сваім выступленні Андрэй Белякоў. Менавіта ён і пераняў на бліжэйшыя тры гады эстафету ў кіраўніцтве Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі ад Ігара Бузоўскага.
Падчас выступлення, прысвечанага вынікам апошніх гадоў, Андрэй Белякоў асаблівую ўвагу акцэнтаваў на патрыятычным выхаванні, якое і далей будзе прыярытэтным напрамкам для арганізацыі. Так, ён падкрэсліў, што праекты БРСМ не паўтараюцца з году ў год, а кожны раз напаўняюцца новым зместам, набываюць наватарскія формы. Напрыклад, неад’емнай часткай “Марафону-70” стала перасовачная выстава “Музей-бус”.
“Незвычайны музей зрабіў марш-кідок па ўсёй Беларусі і выстраіў, хачу гэта падкрэсліць, чэргі не ў макдрайв, не на шоу залётных “зорак”, а да рэліквій гераічнага мінулага нашай зямлі, нашых дзядоў і прадзедаў”, — адзначыў выступоўца.
Дарэчы, менавіта за работу цэнтральнага камітэта па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі арганізацыі была прысуджана прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Кіраўніцтва арганізацыі вырашыла ўсе сродкі ад гэтай прэміі накіраваць на новы праект БРСМ — стварэнне маладзёжнага патрыятычнага цэнтра на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці.
Свае развагі Андрэй Эдуардавіч выказаў і наконт таго, што сёння ствараецца вельмі мала песень, якія б краналі душу і аб’ядноўвалі беларускую моладзь. “Мы і паняцце такое, як “грамадзянская лірыка”, усё радзей і радзей згадваць сталі. Упэўнены, што гэтую сітуацыю трэба выпраўляць. Наш саюз ужо пачаў гэта рабіць: знаходзім таленты, падтрымліваем, ствараем новыя маладзёжныя песні. Справа за фільмамі, кнігамі, навуковымі даследаваннямі”, — адзначыў ён.
Яркім пацвярджэннем гэтых слоў для ўсіх прысутных стаў творчы нумар ад моладзі Брэстчыны — удзельнікаў ваенна-гістарычнага клуба “Гарнізон”.
Вынік дыялогу — прапановы
У апошнія чатыры месяцы ўся краіна ўключылася ў адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня”. У яго межах па ўсёй краіне прайшло больш за 5 тысяч маладзёжных дыскусій, круглых сталоў, сустрэч. З’езд стаў фінальнай сустрэчай, дзе, як і планавалася, падвяліся вынікі гэтага маштабнага праекта. Гэтыя вынікі выліліся ў канкрэтныя прапановы і для дэлегатаў з’езда, і для кіраўніка дзяржавы.
Так, Андрэй Белякоў выступіў з ініцыятывай вярнуць у практыку ўключэнне кіраўнікоў тэрытарыяльных камітэтаў БРСМ у склад выканкамаў. Гэта, на яго думку, дазволіць не толькі аператыўна вырашаць многія пытанні, але і паспрыяе таму, што ніхто “не будзе бачыць у першым сакратары райкама дробнага чыноўніка для нязначных даручэнняў”. Выказаў ён і свае прапановы наконт магчымасцей для студэнтаў і маладых спецыялістаў стажыравацца на прадпрыемствах. Звяртаючыся да кіраўніка дзяржавы, Андрэй Белякоў унёс прапанову стварыць кансалідаваны маладзёжны бюджэт, выпрацаваць адзіныя правілы фінансавання мерапрыемстваў, сфарміраваць дакладныя і зразумелыя крытэрыі іх ацэнкі. Такі падыход, на думку выступоўцы, мнагакратна павысіў бы эфектыўнасць работы.
Што тычыцца фінансавага боку, цікавай была і прапанова вызваліць прадпрыемствы, якія прымаюць студатрады, ад выплаты падатку на пенсіённае страхаванне ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, што дадаткова стымулявала б прадпрыемствы ў прыёме студатрадаў. Актуальнай, на погляд Андрэя Белякова, будзе і арганізацыя паўнацэнных выязных атрадаў паміж раёнамі і абласцямі Беларусі. Прычым не толькі з прадастаўленнем неабходнага фронту работ і заработнай платы, але і стварэннем умоў для пражывання, харчавання студатрадаўцаў і, самае галоўнае, арганізацыяй сур’ёзнай выхаваўчай работы. А каб усе праблемы студатрадаў вырашаліся своечасова, Андрэй Эдуардавіч прапанаваў стварыць пры ўрадзе міжведамасны штаб студэнцкіх атрадаў з функцыяй планавання па галінах працоўных месцаў.
Вікторыя Меннанава, сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ, выказала ініцыятыву стварыць яшчэ адну арганізацыю — адзіны добраахвотніцкі цэнтр, які б каардынаваў усю валанцёрскую работу розных грамадскіх арганізацый. Яна выказала і ідэю стварэння так званых асабістых кніжак валанцёра. Гэта своеасаблівы аналаг працоўнай кніжкі, і ў ёй будзе змяшчацца інфармацыя пра валанцёрскі вопыт чалавека, сферы дзейнасці, удзел у мерапрыемствах, дасягненні, дадатковую кваліфікацыю. Як адзначыла Вікторыя, плануецца прасоўваць ідэю, каб такая кніжка дапамагала пры паступленні маладых людзей ва ўстановы адукацыі на сацыяльныя прафесіі, пры ўладкаванні на работу і каб валанцёрскі стаж нават залічваўся ў агульны працоўны.
Ад “вадзіцельскага пасведчання” да прафесіяналізму “вадзіцеля”
Аляксандр Лукашэнка падтрымаў усе агучаныя ініцыятывы і даручыў Адміністрацыі прэзідэнта скласці план мерапрыемстваў на аснове ўсіх прапаноў маладзёжнага з’езда.
Уключыўшыся ў маладзёжны дыялог, Аляксандр Рыгоравіч прадставіў моладзі і свой погляд на актуальныя праблемы. У першую чаргу закранаючы палітычныя аспекты, ён адзначыў: “Ва ўмовах, калі супраць суверэнных дзяржаў пачынаюць выкарыстоўвацца розныя паліттэхналогіі з апорай на раздзіманне пратэснага руху, агрэсіўнага нацыяналізму, мы бачым рэальнымі партнёрамі дзяржавы ў захаванні яе стабільнасці менавіта маладзёжныя групы патрыятычнай накіраванасці, якім не ўласцівы дэструктыўныя паводзіны”.
Па меркаванні прэзідэнта, менавіта маладое пакаленне Беларусі “павінна дакладна і выразна сказаць усім замежным тэатралам ад палітыкі: “Ваша драматургія на вуліцах і плошчах свету — штучна створаны і запушчаны сцэнарый. У Беларусі ў гэтым пераканаліся”. Мэта нашых нядобразычліўцаў — зрабіць моладзь той разбуральнай сілай, якая дапаможа прарвацца да ўлады замежным стаўленікам і пажывіцца за кошт будучых пакаленняў, за кошт абрабавання краіны. Гэтыя выклікі і пагрозы трэба бачыць і рашуча ім процістаяць”.
Важнай тэмай выступлення А.Р.Лукашэнкі ў маладзёжным асяроддзі стала адукацыя. Прэзідэнт адзначыў, што сёння мяняецца і роля самой дзяржавы ў сістэме адукацыі. “Мы павінны прадаставіць кожнаму маладому чалавеку якасную базавую адукацыю, а таксама выхаванне — тое, што стане фундаментам яго асобаснага выспявання. Далей — персанальны выбар і індывідуальны шлях развіцця, шлях да вашага дабрабыту і шчасця. Ужо сёння наймальнік глядзіць не толькі на дыплом, але і на дадатковыя веды і вопыт, якія выпускнік назапасіў, працуючы над сабой: курсы, трэнінгі, школы, стажыроўка, навуковыя даследаванні, самастойная работа”.
Хоць, здавалася б, да такой сістэмы адукацыі маладое пакаленне гатова лепш, чым папярэднія, кіраўнік дзяржавы выказаў заклапочанасць тым, што трэць беспрацоўных, зарэгістраваных у органах службы занятасці, складаюць менавіта маладыя людзі да 30 гадоў. І прычына, па яго меркаванні, не ў недахопе ведаў работнікаў і не ў завышаных патрабаваннях кіраўнікоў, а ў неапраўданых запытах саіскальнікаў вольных вакансій. “Работы, як вы ведаеце, у краіне хапае. Вось толькі “зялёныя” выпускнікі УВА хочуць адразу ўсяго і многа. Не хочуць працаваць на нізавых пасадах і лічаць, што ў іх павінна быць максімальна магчымая зарплата. Напрыклад, малады юрыст не хоча разумець, якія страты можа панесці кампанія, калі складаць шматмільённы кантракт будзе ён, а не яго больш вопытны калега. Юны інжынер хоча адразу атрымліваць зарплату генеральнага дырэктара, але не задумваецца, колькі таму прыйшлося пераадолець цяжкіх прыступак на шляху да кіравання прадпрыемствам. Нішто нікому не даецца адразу. Нельга выехаць на шырокую дарогу, не пераадолеўшы старт, не разагнаўшы аўтамабіль, дзесьці нават не забуксаваўшы. Скажу прама: адукацыя — гэта, калі хочаце, усяго толькі вадзіцельскае пасведчанне, а здольнасць ста ць лепшым спецыялістам, ісці ўверх па кар’ернай лесвіцы, да матэрыяльнага дабрабыту — гэта прафесіяналізм вадзіцеля, які выпрацоўваецца гадамі”.
А такіх “дарог” у Беларусі будуецца шмат. “Менавіта на вас разлічаны новыя высокатэхналагічныя працоўныя месцы, якія мы ствараем з удзелам нашых замежных партнёраў на АЭС у Астраўцы, у індустрыяльным парку “Вялікі камень”, на новым заводзе электрацягнікоў, іншых вытворчых аб’ектах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, энергетыкі. Ужо сёння можна ісці за работай у рэгіён, знаходзіць справу па душы і з высокім заробкам у сваёй краіне”.
Завяршаючы выступленне, Аляксандр Рыгоравіч пажадаў маладзёжнай арганізацыі развівацца і далей, асвойваць новыя кірункі дзейнасці. І дадаў: “Унясіце свае канкрэтныя прапановы, рэалізуйце масу мерапрыемстваў, карысных для нашага грамадства, каб гэты год запомніўся многім пакаленням”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.