Волат зямлі беларускай

- 20:07Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Імя Героя Беларусі, генеральнага канструктара па аўтамабільнай тэхніцы краіны, акадэміка Міхаіла Сцяпанавіча Высоцкага вядома далёка за межамі нашай краіны. Слава пра яго неверагодны талент не згасае дзесяцігоддзямі. Імя Міхаіла Сцяпанавіча Высоцкага таксама носіць школа ў яго родным Семежаве Капыльскага раёна.

Дзе твае карані?

Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі — гэта чалавек-эпоха, сапраўдны беларускі волат, якога нездарма называюць бацькам айчыннага аўтамабілебудавання.

Сусветнавядомаму беларускаму аўтаканструктару за яго доўгае жыццё ўдалося многае. Ён заўсёды ведаў, чаго хоча, і шмат працаваў, каб дасягнуць пастаўленых мэт. У 60-я гады ХХ стагоддзя Міхаіл Сцяпанавіч здзейсніў нямнога-нямала — рэвалюцыю ў аўтамабілебудаванні, стварыўшы аўтамабільную кабіну, якая адкідалася, што змяніла знешні выгляд і сутнасць машыны. У два наступныя дзесяцігоддзі ён стварыў два сямействы магістральных аўтапаяздоў, якія не саступалі сусветным. А яго прынцыпова новая модульная канструкцыя аўтапоезда МАЗ-2000 пад назвай “Перабудова” была запатэнтавана ў 5 вядучых краінах свету і не мела аналагаў у сусветным аўтамабілебудаванні. Доследны ўзор, які дэманстраваўся на Вялікім Парыжскім аўтасалоне ў 1988 годзе, стаў сенсацыяй. Журналісты пісалі: “Гэта аўтапоезд ХХІ стагоддзя”.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі ад 1 сакавіка 2006 года акадэміку М.С.Высоцкаму прысвоена званне “Герой Беларусі” і ўручана “Залатая Зорка” Героя за выключныя заслугі ў сацыяльна-эканамічным развіцці Рэспублікі Беларусь.

Што за зямля выпеставала такога ўнікальнага чалавека? Нарадзіўся будучы геніяльны аўтаканструктар у звычайнай вёсцы Семежава ў Капыльскім раёне Мінскай вобласці. У сям’і было трое сыноў, Міхаіл — малодшы з братоў. Рана застаўся без мамы, спазнаць гора давялося напоўніцу. Дзяцінства Міхаіла Высоцкага апаліла вайна, яна ж забрала і аднаго з братоў. Думаю, хлапчуку даводзілася шмат і цяжка працаваць, дапамагаць бацьку. 

Можа, тады ў яго і з’явіліся думкі аблегчыць складаную сялянскую працу, пазваць на дапамогу людзям магутныя машыны? Бо адкуль у звычайнага вясковага хлапчука такая цяга да аўтамабілебудавання?

— Міхаіл Сцяпанавіч нам расказваў і пісаў пра гэта ў сваіх кнігах, — адказвае на пытанні дырэктар Семежаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Алена Віктараўна Сянюк. — Калі ён быў яшчэ маленькім хлопчыкам і пасля падлеткам, то часта прыходзіў да аўтадарогі і бачыў, як па ёй “праляталі” дзівосныя замежныя аўтамабілі. Гэта заварожвала хлопчыка і выклікала жаданне пабудаваць такія ж бліскучыя магутныя машыны. 

Так дзіцячая мара ўвасобілася ў нашу штодзённасць, а бліскучыя машыны з дзяцінства Міхаіла Высоцкага сталі служыць чалавеку працы.

Нашы, свае, родныя 

Дырэктар установы адукацыі расказвае, як у школе пачалася работа па ўвекавечанні памяці славутага земляка. Ідэйным пачынальнікам гэтага працэсу з’яўляецца Сяргей Іванавіч Апон, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства школы (у той час — яе дырэктар), які аб’яднаў вакол сябе настаўнікаў. У школу пачаў прыязджаць сам Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі, і ў архіве ўстановы адукацыі захаваўся фотаздымак, калі аўтаканструктара сустракаюць вучні школы. Калі супрацоўніцтва са школай пачало развівацца, Міхаіл Сцяпанавіч пачаў запрашаць у школу сваіх паплечнікаў, вядомых выпускнікоў Семежаўскай школы. Сустрэчы сталі рэгулярнымі. Гэта было вялікім рыўком у выхаваўчай рабоце, бо дзеці ўбачылі на свае вочы, чаго можна дабіцца ўпартай працай. 

— Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі гаварыў, што ў Семежаўскай школе ён адпачывае душой, — расказвае Сяргей Іванавіч Апон. — У 2015 годзе ў нашай школе ў дзень апошняга званка адбылася сустрэча прадстаўнікоў навукі, адукацыі, мастац­тва, прамысловасці і грамадскасці Мінска з выпускнікамі. Сярод гасцей прысутнічалі акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пётр Аляксандравіч Віцязь, народны мастак Беларусі скульптар Іван Якімавіч Міско, доктар медыцынскіх навук прафесар Міхаіл Іванавіч Рымжа і інш. 

— Хачу адзначыць, што ўсе нашы славутыя госці былі вельмі адкрытымі да дзяцей, з задавальненнем з імі мелі зносіны. Усе яны нашы, свае, родныя, — падкрэслівае Алена Віктараўна.

Мінулае сустракаецца з будучыняй 

Семежаўскай школе 1 кастрычніка споўніцца 154 гады. Па словах дырэктара ўстановы адукацыі, сёлета тут 130 навучэнцаў — на 11 дзяцей менш, чым летась. І гэта ўжо адчувальна для школы. Як і ў любой установе адукацыі, у Семежаўскай школе ёсць свае традыцыі. Тут трапятліва ставяцца да памяці, цэняць кожнага чалавека. У фае школы на другім паверсе размешчаны стэнды з інфармацыяй пра выбітных землякоў, у тым ліку і Героя Беларусі, пра лепшых навучэнцаў школы. Такая вось своеасаблівая сувязь часоў, калі на адным школьным калідоры мінулае сустракаецца з будучыняй.

— Першага верасня нашы першакласнікі разам з бацькамі пасля першага ўрока традыцыйна накіроўваюцца ў музей Міхаіла Сцяпанавіча Высоцкага, знаёмяцца з экспазіцыяй, — працягвае расказваць пра традыцыі школы Алена Віктараўна Сянюк. — І так 15 гадоў. На працягу навучальнага года ўсе класы школы абавязкова наведваюць музей. У бягучым навучальным годзе мы арганізавалі тыдзень памяці Міхаіла Сцяпанавіча Высоцкага. Гэтая работа дае плён. Сёлета адзін з нашых выпускнікоў Уладзіслаў Галушка пасля 11 класа паступіў у Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага, які ў далёкім 1949 годзе скончыў сам Міхаіл Сцяпанавіч (тады гэта быў аўтамеханічны тэхнікум).

Працаваў на Мінскім аўтазаводзе 50 гадоў, 35 з якіх — галоўным канструктарам, а з 1975 года — галоўным канструктарам — начальнікам упраўлення галоўнага канструктара вытворчага аб’яднання “БелаўтаМАЗ”, у якое ўвайшлі ўсе аўтамабільныя заводы краіны. 

У 2002 года пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь М.С.Высоцкі быў прызначаны на пасаду генеральнага канструктара па аўтамабільнай тэхніцы Рэспублікі Беларусь. Ён актыўна працаваў над стварэннем тэхнікі будучыні. 

За выпускнікоў школы педагогам не сорамна. Многіх знакамітых людзей дала семежаўская зямля Беларусі і свету. Але галоўны сакрэт поспеху мясцовых жыхароў у тым, што на гэтай зямлі ўмеюць працаваць і цэняць чалавека працы. Сярод кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі ААТ “Семежава” — скрозь выпускнікі Семежаўскай школы. Сёлета ў школе адкрыты педагагічныя класы: настаўнікі росцяць сабе годную змену.

Па словах Міхаіла Васільевіча Драцкага, намесніка дырэктара на вучэбнай рабоце, у школе працуюць 28 педагагічных работнікаў. На базе школы праводзяцца заняткі Капыльскай спартыўнай ДЮСШ па ручным мячы. Ёсць у школе добра абсталяваная трэнажорная зала — дарэчы, адна з першых у раёне. 

— Добра развіты ў школе турыстычны напрамак, у прыватнасці, велатурызм, — далучаецца да размовы пра поспехі ўстановы адукацыі загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Капыльскага райвыканкама Вера Фёдараўна Станкевіч. — Сельскія дзеці на спаборніцтвах не саступаюць гарадскім. 

Музей у бацькавай хаце

Каб захаваць памяць пра славутага земляка, у 2008 годзе ў Семежаве адкрыўся Дом-музей Героя Беларусі Міхаіла Сцяпанавіча Высоцкага.

Ідзём туды.

Звычайная сялянская хата, кало­дзеж і альтанка па падворку, цішыня разліта ў восеньскім паветры, напоеным водарам яблыкаў. Яблынь — тых, з мінулага жыцця аўтаканструктара, — на падворку баць­кавай хаты засталося дзве, затое з’явіўся мала­дзенькі клён, бо Міхаіл Сцяпанавіч успамінаў вялізны клён каля хаты. Усё тут зроблена так, як памятаў сваё дзяцінства і вясковы побыт Герой Беларусі. Цяжкія драўляныя дзверы адчыняюць дзівосны свет памяці…

У экспазіцыі — дзве залы: семежаўскае дзяцінства і дарослае жыццё. Экскурсіі для наведвальнікаў дома-музея праводзяць мясцовыя семежаўскія школьнікі — выхаванцы гуртка “Юны экскурсавод”. Кіруе гуртком настаўніца беларускай мовы і літаратуры школы Святлана Леанідаўна Шчэрба.

Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Сяргей Іванавіч Апон добра асабіста ведаў Міхаіла Сцяпанавіча Высоцкага. Ён гаворыць, што калі аўтаканструктар прыязджаў у Семежава, то шмат размаўляў з аднавяскоўцамі, быў з імі, што называецца, на адной хвалі. Ра­зам сядзелі на лаўцы, успаміналі дзяцінства і юнацтва. Чалавекам ён быў добразычлівым, вясёлым, любіў пажартаваць, памятаў усіх землякоў. Высоцкі як магнітам прыцягваў да сябе людзей. Далёкія родзічы Міхаіла Сцяпанавіча і зараз жывуць у Семежаве. Дачка Марына прыязджала ў вёску ў 2008 годзе, зараз яна жыве ў Італіі. 

Напрыканцы нашай экскурсіі ў дом-музей Святлана Леанідаўна Шчэрба расказвае гісторыю пра сяброўства Міхаіла Сцяпанавіча Высоцкага з Андрэем Разіным, лідарам групы “Ласкавы май”. Пазнаёміліся яны выпадкова, у цягніку. Андрэй Разін тады толькі пачынаў арганізоў­ваць гастролі “Ласкавага мая”. Музыкант папрасіў аўтаканструктара, каб той зрабіў для групы спецыяльны аўтобус, у якім бы музыканты ездзілі па ўсім Савецкім Саюзе і давалі канцэрты. Аўтобус быў зроблены. У ім была рассоўная сцэна, кухня, санвузел, спальня — усё, што трэба музыканту для жыцця ў дарозе. Дзякуючы аўтобусу, любы самы маленькі стадыён ператвараўся ў музычную пляцоўку. Міхаіл Высоцкі паставіў у гэты МАЗ рухавік ад “мерседэса”, і ўсе дзівіліся, як аўтобус падымаецца па стромкіх горных дарогах, ляціць па трасе, мінаючы іншыя аўтамабілі. Прычым у гэтым аўтобусе было прадугледжана нават тое, што ў выпадку, калі вадзіцель засынае, апускае галаву на руль, аўтобус спыняецца. Прадумана ўсё было да дробязей. Сам Анд­рэй Разін двойчы прыязджаў у Семежава, арганізоўваў у Капылі канцэрт “Ласкавага мая” і лічыў Міхаіла Сцяпанавіча Высоцкага хросным бацькам. 

Ёсць вядомая прыказка: “Дзе нара­дзіўся, там і прыгадзіўся”. Ідучы па калідорах Семежаўскай школы, слухаючы аповеды землякоў Высоцкага, разглядаючы фотаздымкі ў доме-музеі, я раз-пораз лавіла сябе на думцы, што Міхаіл Сцяпанавіч прыгадзіўся не толькі там, дзе нара­дзіўся. Ён прыгадзіўся ў Семежаве, на капыльскай зямлі, на Міншчыне, у Беларусі і наогул ва ўсім свеце.

Такі ён — волат зямлі беларускай.

Наталля КАСТЭНКА.
Фота аўтара і з архіва Семежаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Капыльскага раёна.