Волатава званіца

- 14:30Краязнаўства

Мсціслаўская зямля багатая на гістарычныя помнікі. Адзін з іх — Ануфрыеўскі манастыр, заснаваны мсціслаўскім князем Лугвенам. Ён размешчаны на паўднёва-ўсходняй ускраіне сучаснага аграгарадка Сялец. Па легендзе, тут знаходзіліся паляўнічыя ўгоддзі князя. У час палявання згубіўся малалетні сын князя Юрый. Дзіця загінула б, калі б яго не выратаваў сівабароды старац — святы Ануфрый. Пасля гэтага князь Лугвен заснаваў манастыр, які назваў у гонар ратавальніка — Ануфрыеўскім.

Поспехаў дасягнулі вучні Сялецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна ў раённым фотаконкурсе “Мая чароўная Беларусь”. Дыпломамі І ступені ў намінацыях “Мы — беларусы” і “…І перанесціся ў далёкае мінулае” ўзнагароджаны брат і сястра Краўцовы — Настасся і Андрэй. У абласным этапе гэтага конкурсу фотаздымак Настассі Краўцовай “Веліч Ануфрыеўскага манастыра” адзначаны дыпломам ІІ ступені.

Уладзімір Караткевіч так пісаў пра нашы мясціны: “…Бязмежная пойма Сожа. Пералескі і высокія аблокі над імі. За кіламетр ад Крычаўскага раёна, над Чорнай Натапай, непадалёк ад яе ўпадзення ў Сож, патанае пад высокімі дрэўнымі шатрамі вёска Ануфрыева. Яшчэ здалёк відаць над ёю волатаву стройную і зграбную, як сасновы ствол, пяціярусную званіцу”.

Галоўны храм манастыра вельмі прыгожы, з пяціяруснай вежай-званіцай. Але, на жаль, цяпер ён знаходзіцца ў паўразбураным стане. Вернікі спадзяюцца, што знойдуцца сродкі і хараство Ануфрыеўскага манастыра будзе радаваць нас.

Яніна ШЫНКАРОВА,
Наталля КУЗЮРЭНКА,
настаўніцы пачатковых класаў
Сялецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.