Вольга Кароль: фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Брыз» з басейнам адкрыецца ва Уздзе

- 12:15Планерка

Сапраўдным падарункам для школьнікаў і іх бацькоў на Уздзеншчыне стане адкрыццё фізкультурна­аздараўленчага комплексу “Брыз” з басейнам. Вучыцца плаваць тут будуць навучэнцы не толькі горада, але і навакольных вёсак, з якіх плануецца арганізаваць падвоз. Пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Уздзенскага райвыканкама Вольга Кароль.

— Вольга Аляксандраўна, як школьнікі аздаравіліся за летнія месяцы?

— Летняя аздараўленчая кампанія прайшла на добрым узроў­ні. У раёне была арганізавана работа 23 аздараўленчых лагераў, з якіх 17 — з дзённым знаходжаннем і 6 — з кругласутачным. Аздараўленнем было ахоплена 1395 навучэнцаў, што склала 53% ад агульнай колькасці навучэнцаў раёна. План летняга аздараўлення непаўналетніх выкананы на 106%. У лагерах з дзённым знаходжаннем аздаравіліся 690 навучэнцаў, а з кругласутачным — 705 навучэнцаў. У раёне працавалі тры лагеры працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем, дзе аздаравіліся 50 навучэнцаў, і адзін лагер з кругласутачным знаходжаннем, дзе правялі час 10 школьнікаў.

Другі год запар на базе Уздзенскай раённай гімназіі быў арганізаваны лагер абаронна-спартыўнага профілю з кругласутачным знаходжаннем, дзе 9 дзён жылі 19 дзяцей.

У летні перыяд значная ўвага ўдзялялася дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, непаўналетнім, з якімі праводзіцца індыві­дуальная прафілактычная работа, дзецям з мнагадзетных сем’яў, дзецям-сіротам, дзе­цям-інвалідам.

Трэці год на базе гімназіі працаваў лагер з дзённым знахо­джаннем для адораных дзяцей (на працягу 18 дзён). Сёлета ў ім азда­равілася 67 дзяцей. Дзеці займаліся рускай і беларускай мовамі, матэматыкай, гісторыяй, замежнай мовай. Кожны дзень праходзілі заняткі і выхаваўчыя мерапрыемствы. Гэты ла­гер карыстаецца вя­лікай папулярнасцю. Вельмі многа жадаючых туды трапіць. На наступны год думаем павялічыць план аздараўлення ў ім.

— Раскажыце, калі ласка, як падрыхтаваліся школы да новага навучальнага года.

— Установы адукацыі раёна да 20 жніўня атрымалі сертыфікаты гатоўнасці да новага навучальнага года. За летнія месяцы яны абнавіліся, папрыгажэлі, тут былі праведзены касметычныя і бягучыя рамонты, пафарбаваны сцены, столь, заменена вучэбная мэбля (Суткаўская базавая школа), вокны (Уздзенская раённая гімназія), праведзены рамонт элект­раабсталявання, эвакуацыйнай лесвіцы ў адным з дзіцячых садоў, закуплены камп’ютарныя класы (гімназія, сярэднія школы № 1 і № 2 Узды, Дзешчанская сярэдняя школа, Зенькавіцкая базавая школа). На гэтыя мэты было выдзелена каля 357 тысяч рублёў з абласнога і раённага бюджэту. З абласнога бюджэту былі таксама выдзелены сродкі на набыццё школьнага аўтобуса ва ўздзенскую сярэднюю школу № 1 для арганізацыі падвозу дзяцей.

У новым навучальным годзе гасцінна расчынілі дзверы 12 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна. За парты селі 193 першакласнікі. У гэтым годзе адбылася рэарганізацыя Нёманскага дзіцячага сада шляхам далучэння да Нёманскай сярэдняй школы.

З 1 верасня на базе Уздзенскай раённай гімназіі быў адкрыты спартыўны клас, у якім вучні будуць займацца футболам і баскетболам. Адкрыты таксама група ваенна-патрыятычнай накіраванасці, а таксама
група педагагічнай на­кіраванасці, якую, да­рэчы, наведваюць навучэнцы іншых устаноў адукацыі. Акрамя арганізацыі ва ўстановах адукацыі па запытах навучэнцаў і бацькоў профільнага навучання на старшай ступені, у некаторых школах з новага навучальнага года вя­дзецца і дапрофільная падрыхтоўка: у 9 класе сярэдняй школы № 1 Узды на павышаным узроўні вывучаюцца беларуская мова і матэматыка, у гімназіі — хімія, біялогія (у 8 класе), англійская мова, хімія і біялогія (у 9 класе). У Озерскай сярэдняй школе ў 5 класе на павышаным узроўні арганізавана вывучэнне англійскай мовы.

Палова школ раёна следам за Дзешчанскай сярэдняй школай, якая летась прыняла ўдзел у пілотным праекце, сёння працуе па новых прынцыпах арганізацыі харчавання. 18 новых страў уведзена ў школьнае меню, і яны вельмі падабаюцца дзецям.

— Ці папоўніліся педагагічныя калектывы маладымі спецыя­лістамі?

— У педагагічную сям’ю раёна сёлета ўліліся 10 маладых спецыялістаў — настаўні­кі пачатковых класаў (Озерская сярэдняя школа і Сямёнавіцкая базавая школа), біялогіі і хіміі (Хатлянская сярэдняя школа), фізічнай культуры і здароўя (Озерская сярэдняя школа і ўздзенская сярэдняя школа № 2), замежнай мовы (сярэдняя школа № 1 Узды), тэхнічнай працы, гісторыі (Уздзенская раённая гімназія), выхавальнік дашкольнай адукацыі (Цэнтр развіцця дзіцяці “Вясёлка”) і педагог дадатковай адукацыі (Цэнтр творчасці дзяцей і мола­дзі). Маладыя спецыяліс­ты, якія прыходзяць да нас, маюць добры запас тэарэтычных ведаў, а вось практычныя навыкі набываюць на месцах. Мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб маладыя педагогі заставаліся працаваць, таму аказваем ім усемагчымую дапамогу. Для знаёмства і згуртавання маладых педагогаў былі арганізаваны сустрэча са старшынёй райвыканкама, турыстычны злёт. Падбіраем ім жыллё, у тым ліку і арэнднае. Ва ўстановах за моладдзю замацоўваюцца вопытныя настаўнікі (а ў гімназіі яшчэ і вопытныя класныя кіраўнікі). Зараз прапрацоўваецца пытанне пераводу маладых спецыялістаў на кантрактную форму работы, што дасць магчымасць павялічыць ім заработную плату.

Сёння, дарэчы, раён адчувае патрэбу ў педагогах-псіхолагах і педагогах сацыяльных. Сёлета нашым выпускнікам было выдадзена 8 мэтавых накіраванняў у БДПУ. Думаю, гэта дапаможа вырашыць сітуа­цыю. Свой вынік дае і дзейнасць групы педагагічнай накіраванасці, якая працуе ў якасці міжшкольнага факультатыву.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара