Вольга Лапо: «Без характару артыст не дасягне нічога»

- 11:30Новости

Знакамітая балерына Вольга Лапо 19 красавіка адзначае юбілей. Вытанчаная і элегантная вучаніца легендарнай Ніны Младзінскай бліскуча выступала на беларускай сцэне ў балетах «Дон Кіхот», «Спартак», «Стварэнне свету», «Альпійская балада», «Бахчысарайскі фантан» і многіх іншых. Пагаворым з ёю пра мастацтва, тэатр, ролі і педагагічную дзейнасць.

Вольга Аляксандраўна, якімі былі вашы першыя крокі ў балеце?

Любоў да тэатра, музыкі і танца з дзяцінства мне прывіла старэйшая сястра. Сапраўдны тэатрал і балетаман, яна часта вадзіла мяне на спектаклі і нават была знаёма з Аляксандрай Нікалаевай. У гады майго дзяцінства па радыё часта гучала класічная музыка, і калі яна чула, напрыклад, які-небудзь шэдэўр Чайкоўскага, то гаварыла: «Гэта «Спячая прыгажуня», а гэта «Лебядзінае возера». І я, зусім маленькая, ужо магла адрозніць адзін твор ад іншага.

А ў 10 гадоў мама прывяла мяне ў харэаграфічнае вучылішча, я прайшла адбор і была прынята. Вучылішча знаходзілася тады ў будынку Вялікага тэатра, таму з дзесяці гадоў ён стаў маім другім домам. Мы праглядалі ўсе спектаклі, яшчэ дзецьмі былі заняты ў операх і балетах, хадзілі на выступленні артыстаў, якія прыязджалі да нас на гастролі, вучыліся ў нашых куміраў.

Вашым галоўным педагогам была легендарная Ніна Младзінская?

Гэта быў абсалютна ўнікальны чалавек. Ніна Фёдараўна вучылася ў Пецярбургу і прадстаўляла старую балетную школу, якая прыйшла ў Расію з Францыі. Класічны танец упершыню з’явіўся пры французскім каралеўскім двары — часта у спектаклях прымаў удзел сам кароль, таму ў балеце важны кожны погляд, жэст, паварот галавы, вытанчанасць адносін выканаўцаў. Калі я прыйшла вучыцца да Ніны Фёдараўны, яна ўжо не выступала на сцэне, але мы бачылі яе ў рэпетыцыйнай зале і вельмі шмат чаму навучыліся — музычнаму ўспрыманню кожнага твора, асвоілі манеру і культуру выканання.

У вучылішчы я была спакойнай дзяўчынкай, і Ніна Фёдараўна ўвесь час старалася мяне разварушыць. Але, калі я ўжо стала салісткай тэатра, аднойчы пасля «Шапэніяны» яна прыйшла да мяне ў грымёрку і сказала: «Волечка, я шчаслівая, што ты мая вучаніца, твае рукі як песня». Гэта была найвышэйшая пахвала.

Калі вы пачалі працаваць у тэатры?

У тэатр прыйшла ў 1967 г., галоўным балетмайстрам тады быў Атар Міхайлавіч Дадзішкіліяні. Менавіта дзякуючы яму трапіла на стажыроўку ў Маскву, якая вельмі змяніла маё стаўленне да прафесіі. Я вучылася ў Соф’і Мікалаеўны Галоўкінай, маімі аднакласнікамі былі Марына Лявонава (зараз яна рэктар Маскоўскай дзяржаўнай акадэміі харэаграфіі), Аляксандр Багатыроў, Вячаслаў Гардзееў. Мы літаральна кожны дзень наведвалі тэатры: Вялікі, Крамлёўскі палац, Ленкам, Тэатр Вахтангава і іншыя, для нас гэта была бясцэнная школа. З намі займаліся вельмі цікавыя педагогі. Тое, што я набыла за год вучобы і работы там, стала вельмі моцным штуршком у прафесіянальным плане.

Ці памятаеце вашы першыя партыі і спектаклі?

Сольныя партыі ў спектаклях нашага тэатра я пачала выконваць пасля Масквы — Блакітную Птушку і Кошачку ў «Спячай прыгажуні» (класічную пастаноўку на беларускую сцэну перанесла Ніна Аляксандраўна Фёдарава). Адным з першых сур’ёзных спектакляў стаў балет «Альпійская балада» паводле твора Васіля Быкава ў пастаноўцы Атара Дадзішкіліяні — цудоўны спектакль, кранальны, просты і зразумелы, на выдатную музыку Яўгена Глебава. Потым былі партыі Сальвейг у балеце Атара Міхайлавіча «Пер Гюнт» і Кітры ў «Дон Кіхоце». У спектаклі «Чыпаліна», які паставіў Генрых Маёраў, з задавальненнем танцавала Радыску.

З кім яшчэ з харэографаў працавалі?

Адразу пасля школы пашчасціла папрацаваць з Расціславам Захаравым, я была Марыяй ў яго «Бахчысарайскім фантане», танцавала Фею лета і Папялушку ў аднайменным балеце — адным з маіх самых любімых. Цікавай была работа ў «Шапэніяне», дзе выконвала партыю Дзяўчыны. Потым прыехаў Валянцін Елізар’еў і пакарыў нас сваімі спектаклямі. Мае любімыя пастаноўкі — «Стварэнне свету» і «Спартак».

Пасля партый Фрыгіі, якую Валянцін Мікалаевіч ставіў для мяне, і Евы — вельмі няпростых і розных вобразаў, нягледзячы на тое, што гэта пластыка аднаго харэографа, — я па некалькі дзён не магла ачуняць, не магла пераключыцца і танцаваць нешта іншае, бо кожную партыю мы пражывалі на сцэне. Па-іншаму нельга, публіка адчувае, калі ты не шчыры, калі ты не ў вобразе і механічна выконваеш рухі, — і яе рэакцыя адпаведная.

Вольга Аляксандраўна, на працягу многіх гадоў вы выкладаеце ў Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжы і лічыцеся выдатным педагогам. Як з часам мянялася ўспрыманне прафесіі?

Педагагічнае бачанне фарміравалася на працягу ўсёй прафесійнай дзейнасці. Гэтае бачанне правільнага і няправільнага па целе, па нагах, тэхніцы і акцёрскім увасабленні вобраза нам закладвалі нашы педагогі, яно развівалася падчас далейшай работы.

Калі працавала ў тэатры, то ў мяне былі іншыя задачы. Хаця паралельна некаторы час выкладала сцэнічны танец у вакалістаў кансерваторыі (зараз БДАМ), аднак нават падумаць не магла, што некалі буду працаваць з дзецьмі. Меркавала, што, магчыма, пасля заканчэння сцэнічнай дзейнасці стану рэпетытарам у тэатры, буду займацца з дарослымі балерынамі.

Сёння я прысвячаю сябе свайму любімаму Вялікаму тэатру Беларусі, імкнуся перадаць сваю любоў да тэатра дзецям, уяўляючы кожную сваю вучаніцу ў той ці іншай ролі, якую выконвала калісьці сама.

Разам з мужам Віктарам Саркісьянам пайшлі з балета ў 1987 г., а ў 1988 паехалі ў Сірыю працаваць па кантракце ад Дзяржканцэрта СССР і адкрылі дзіцячую балетную школу. З зусім маленькімі вучнямі мы пачыналі літаральна з нуля. Якраз у гэты час на базе кансерваторыі ў Дамаску было адкрыта аддзяленне харэаграфіі. Там са студэнтамі таксама працавалі і нават стварылі студэнцкі тэатр танца.

У беларускім харэаграфічным каледжы пачала выкладаць з 1993 г., калі вярнуліся з Сірыі. Мне далі таксама маленькіх дзяцей другога года навучання, якія і сталі маім першым выпускам. А праз пяць гадоў нам прапанавалі паездку ад каледжа ў Кітай, дзе адпрацавалі год.

З дзецьмі якога ўзросту падабаецца працаваць больш за ўсё?

З розным. Летась у мяне быў выпускны клас, зараз зноў малыя. Вельмі матываваныя дзеці, любяць танцаваць, многія да гэтага займаліся ў прыватных школах. Я ўжо прывучаю іх да таго, што трэба рабіць усё вельмі дакладна, старанна вывучаць кожную пазіцыю і фарміраваць сваю фігуру. Распрацавала ўласную методыку, якая прывівае будучым танцоўшчыкам пэўную культуру і манеру выканання, дапамагае фарміраваць цела з падоўжанымі лініямі, таму што не кожнаму дадзены прыродай доўгая шыя, рукі, ногі, выцягнутыя мышцы. Нават калі дзеці маюць выдатныя прыродныя даныя, яны не заўсёды правільна імі карыстаюцца. Вялікае значэнне маюць не толькі асноўныя рухі: скачкі, кручэнні, тэхніка, але злучальныя і дапаможныя, якія паказваюць дакладнасць, акадэмічнасць і культуру выканання. І калі танцоўшчык ці балерына не звяртаюць увагі на гэтыя нібыта простыя па і пераходы, то танец становіцца нават вульгарным.

Дарэчы, сёння мае вучаніцы працуюць у Вялікім тэатры Беларусі, Беларускім музычным тэатры, у тэатры Барыса Эйфмана і тэатрах іншых краін.

Вы строгі настаўнік?

Так. Гэта праяўляецца ў патрабавальнасці да выканання пастаўленых задач. Я магу і пажартаваць, і добразычліва пагаварыць, але стараюся дабіцца не крыкам або інтанацыяй, а настойлівасцю каб кожны выконваў пастаўленую задачу.

Наша прафесія загартоўвае нас яшчэ і таму, што мы павінны ўвесь час выконваць пастаўленыя задачы. Для гэтага мы практычна ўвесь час знаходзімся ў падпарадкаванні. Вучні падпарадкоўваюцца педагогу, артысты рэпетытару, харэографу, рэжысёру. Гэта выхоўвае дысцыплінаванасць і характар, бо без характару артыст не дасягне нічога.

Сёння я прысвячаю сябе свайму любімаму Вялікаму тэатру Беларусі, імкнуся перадаць сваю любоў да тэатра дзецям, уяўляючы кожную сваю вучаніцу ў той ці іншай ролі, якую выконвала калісьці сама.

А колькі гадоў вы выкладаеце ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі?

Больш за дзесяць. На аддзяленні харэаграфіі выкладаю методыку класічнага танца і класічны танец. У мяне чатыры курсы. Муж таксама выкладае ў Акадэміі музыкі акцёрскае майстэрства, класічныя варыяцыі і дуэты, масавыя сцэны, да таго ж працуе і ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў з акцёрамі тэатра і кіно, навучаючы іх сцэнічнаму танцу.

На ваш погляд, якія перспектывы ў класічнага танца сёння?

— Класічны танец перажыў усё. Прыйшоўшы ў Расію ў ХІХ стагоддзі, ён перажыў рэвалюцыю, войны, хвалі эміграцыі артыстаў. Балет захаваўся, кожны раз адраджаючыся. Гэта вечнае мастацтва. Класічны танец трэба беражліва захоўваць, каб ён жыў і працягваў удасканальвацца.

Вольга САВІЦКАЯ
Фота з асабістага архіва гераіні і Таццяны БЕРВІНАЙ