Удзел у конкурcе — магутны штуршок да самаразвіцця. У гэтым пераканана пераможца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2023” Вольга Сіняўская, настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 3 Оршы імя У.С.Караткевіча. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Высокая планка
— Для мяне эталонам прафмайстэрства была, ёсць і будзе мая настаўніца нямецкай мовы Ала Іванаўна Цітовіч, якая дала мне вялізны багаж ведаў і з’яўляецца прыкладам для пераймання. Гэта педагог з вялікай літары, якая выхавала шматлікіх настаўнікаў. Яна фарміравала ў сваіх вучнях павагу да духоўных каштоўнасцей і традыцый сваёй краіны і краіны, мову якой мы вывучалі. Умела захапіць прадметам, на яе ўроках заўсёды было цікава. Дзякуючы Але Іванаўне, я звязала сваё жыццё з педагагічнай дзейнасцю, аб чым ні кроплі не шкадую.
— Замежная мова далёка не самы просты прадмет у школе. Падзяліцеся, як матывуеце вучняў?
— Каб школьнікі з задавальненнем ішлі да цябе на ўрок, былі ініцыятыўнымі і творчымі падчас заняткаў, неабходна прыкласці велізарныя намаганні. Перш за ўсё варта надаць урокам практычную камунікатыўную накіраванасць. Творчы падыход да падачы матэрыялу — гэта таксама абавязковы момант. Стараюся паглыбіць школьнікаў у іншамоўнае асяроддзе, актыўна выкарыстоўваю гульнявы, праблемны, праектны метады. Вучым вершы, песні. Абавязкова займаемся даследчай дзейнасцю, удзельнічаем у розных конкурсах і алімпіядах. Мае вучні паказваюць добрыя вынікі на раённым і абласным узроўнях. Працуем не толькі на працягу навучальнага года — на летнія канікулы дзеці атрымліваюць заданні, якія павінны выканаць.
Характар як зыходны пункт
— Які ўрок вы лічыце паспяховым?
— На якім бачу неабыякавыя вочы дзяцей, на якім разам са сваімі вучнямі вырашыла ўсе пастаўленыя задачы і дасягнула ўсіх мэт. Урок, на якім мне ўдаецца абудзіць, запаліць навучэнца, паглыбіць яго ў свет іншамоўных зносін. Выкарыстоўваю для гэтага розныя сродкі: абмяркоўваем відэасюжэты пра людзей, культуру і традыцыі Германіі, слухаем нямецкую музыку, глядзім фільмы.
— Вы адзначылі, што вельмі патрабавальная да сябе ў жыцці і прафесіі. Назавіце іншыя моцныя рысы свайго характару.
— Адказнасць, стараннасць і камунікабельнасць. А яшчэ пачуццё гумару, якое дапамагае згладжваць вострыя вуглы на ўроках і наладжваць добрыя ўзаемаадносіны з вучнямі.
— На вашу думку, што неабходна настаўніку для максімальнай самарэалізацыі?
— Сучаснаму вучню патрэбен сучасны настаўнік, таму нам нельга стаяць на месцы. Педагог — не толькі той, хто вучыць, але і той, хто штодня вучыцца сам. Я ўдзячна сваім дзецям, разам з якімі знаходжуся ў пастаянным развіцці. Імкнуся ўдзельнічаць у міжнародных канферэнцыях, семінарах. Галоўнае ў маёй рабоце — гэта не толькі валоданне прадметам, але і ўменне данесці гэтыя веды да школьнікаў. Не абысціся настаўніку і без умення ўбачыць і раскрыць талент, здольнасці кожнага вучня, без пачуцця такту, цярпення, дабрыні, шчырай любові да дзяцей.
Мой дэвіз: “Дзейнасць — адзіны шлях да ведаў і развіцця”. Таму імкнуся ўвесь час адкрываць для сябе нешта новае і незнаёмае.
Самай вялікай узнагародай для мяне з’яўляецца тое, што многія мае выпускнікі звязалі сваё жыццё з педагагічнай дзейнасцю. Адна з іх — Вольга Трухан — атрымала званне “Настаўнік года — 2020” у намінацыі “Замежныя мовы”. Яе перамогай на гэтым конкурсе я вельмі ганаруся.
Выклік самому сабе
— Вы прымалі непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы Вольгі Аляксандраўны да конкурсу. Атрыманы вопыт дапамагае вам сёння?
— Так! Калі ты дапамагаеш, то і сам вучышся, такі вопыт не праходзіць бясследна! Я яшчэ тады зразумела, што конкурс складаны і неабходна прыкласці шмат намаганняў. Разам з тым ведаю яго структуру, этапы і ўяўляю, чаго чакаць на кожным з іх.
— Хто натхніў вас прыняць удзел у конкурсе?
— Прапанавала дырэктар школы Ірына Стэфанаўна Пармон. Шчыра скажу, пагадзілася не адразу.
— Што запомнілася падчас абласнога этапу?
— Канечне, урок у незнаёмым класе. Было складана і разам з тым вельмі цікава. Толькі ў 15 гадзін папярэдняга дня нам агучылі тэму ўрока. Часу на падрыхтоўку было мала, таму ў ноч перад выпрабаваннем амаль не спала. Хвалявалася, бо не мела вопыту работы ў незнаёмай школе з незнаёмымі дзецьмі. Важна было пераадолець свае страхі, сабрацца з сіламі і годна выйсці са стрэсавай сітуацыі. Я вельмі задаволена, бо ўсё атрымалася!
— Тэма ўрока вас не збянтэжыла?
— Ніколькі. Я вяла заняткі ў 11 класе па тэме “Нямецкі менталітэт”. За гады работы ў мяне сабралася шмат цікавага і карыснага матэрыялу, якім можна зацікавіць вучняў. Дарэчы, вельмі незвычайным вопытам стала арганізацыя міні-ўрока на сцэне. Таксама праводзіла яго першы раз у жыцці. Там увогуле на падрыхтоўку прадугледжана 10 мінут. Кожны з нас атрымаў выказванне, і неабходна было творча раскрыць яго сутнасць. Спадзяюся, я справілася. (Усміхаецца.)
— Раз сталі пераможцай, значыць, выдатна справіліся. Якія эмоцыі пераважалі, калі даведаліся, што выйшлі ў фінал?
— Спачатку не магла паверыць. А потым з’явілася пачуццё ўдзячнасці сваёй камандзе, якая заўсёды мяне падтрымлівала. Убачыўшы, як яны свецяцца ад радасці, адчула сябе вельмі шчаслівым чалавекам.
— Наперадзе чацвёрты этап. З якім настроем яго чакаеце?
— З баявым. (Усміхаецца.) Будзем імкнуцца паказаць Віцебшчыну з самага лепшага боку.
Марына ЖДАНАВА





