Вольны час, затрачаны на інтэлектуальнае развіццё

- 11:34Выхаванне

Тэхнічныя гурткі, аб’яднанні і цэнтры заўсёды вабілі школьнікаў. Аднак сучаснаму падрастаючаму пакаленню менш цікава разьба па дрэве ці выпальванне. Юныя творцы ўсё большую цікавасць праяўляюць да робататэхнікі, ІТ, электронікі. Адсюль і відавочная задача педагогаў. Несумненным прыкладам у гэтым можа быць Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. За апошнія некалькі гадоў калектыву ўстановы ўдалося развіць не адзін новы і асучасніць традыцыйныя кірункі, стварыць умовы шматступеньчатага навучання і пачаць сур’ёзную прафарыентацыйную дзейнасць.

— Вядучай тэндэнцыяй абнаўлення сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з’яўляецца ўключэнне ў інавацыйную дзейнасць, — лічыць дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Наталля Алейнік. — Таму для нас выключна важна прыцягненне падрастаючага пакалення ў сферу высокіх тэхналогій і інавацый, у навукова-даследчую дзейнасць і раннюю прафарыентацыю.

Менавіта такое бачанне далейшага развіцця ўстановы дадатковай адукацыі паслужыла падставай для рэалізацыі праекта “Інапарк — дзіцячы цэнтр навуковых адкрыццяў”, які стартаваў у верасні 2015 года. Галоўнай мэтай праекта ставілася папулярызацыя навукова-тэхнічнай творчасці, выяўленне і развіццё дзіцячага патэнцыялу ў сферы тэхналогій новага пакалення. Сёння “Інапарк” стаў запатрабаваным цэнтрам інтэлектуальнага вольнага часу для дзяцей і паспяхова развіваецца.

У цэнтры створана шматузроўневая бесперапынная сістэма адукацыі ў галіне электронікі, робататэхнікі і IT. Яна ўяўляе сабой сучасны навукова-адукацыйны комплекс, які служыць платформай для атрымання дзецьмі інжынернай адукацыі і прызначаны на выхадзе даць ім моцную базу для паступлення ў прафесійна-тэхнічныя, сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя ўстановы адукацыі тэхнічнага профілю. Будучы інжынер павінен валодаць не толькі асноўнай кампетэнцыяй, але і скразнымі. Менавіта на рознабаковую падрыхтоўку і накіраваны фармат праекта. Такім чынам, можна сказаць, што цэнтр рыхтуе абітурыента, які ўжо будзе мець пэўную спецыяльную падрыхтоўку. Разам з гэтым узрастае і яго канкурэнтаздольнасць падчас уступнай кампаніі.

“Інапарк” дае дзецям магчымасць развівацца ў гэтым кірунку з малодшага школьнага ўзросту. У дзіцячым цэнтры за мінулы навучальны год распрацаваны і паспяхова апрабаваны 7 праграм па інфармацыйных тэхналогіях, якія накіраваны на фарміраванне IT-кампетэнцый навучэнцаў розных узроставых груп.

Н.А.Алейнік гаворыць, што толькі за год работы ў праекце, дзякуючы намаганням маладых і вопытных крэатыўных педагогаў, удалося дасягнуць сур’ёзных вынікаў. Па-першае, колькасць дзяцей, якія вучацца па гэтым профілі, узрасла на 205%. Па-другое, хлопцы і дзяўчаты паказалі высокія вынікі ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Больш за тое, абласны Цэнтр тэхнічнай творчасці стаў добрым прыкладам для раённых цэнтраў, якія таксама пачалі развіваць ІТ-навучанне.

У рамках праекта “Інапарк” актыўна развіваецца і іншы кірунак — адукацыйная робататэхніка. Гэта адна з найбольш інавацыйных галін у сферы дзіцячай тэхнічнай творчасці. Вывучэнне робататэхнікі праходзіць на трох узроўнях — ад падрыхтоўчага да прасунутага. А адораных навучэнцаў, якія ўжо добра арыентуюцца ў тэме робататэхнікі, уключаюць у спартыўныя каманды для ўдзелу ў спаборніцтвах.

Адзін з самых складаных, але цікавых напрамкаў, які займае важнае месца ў дзейнасці “Інапарка” — радыёэлектроніка. Яе вывучэнне таксама будуецца на трох узроўнях. Каб можна было прыцягваць да справы самых малых (пачынаючы з пачатковых класаў), у цэнтры была адкрыта навукова-даследчая лабараторыя “Кулібінград”, дзе дзеці спасцігаюць азы радыёэлектронікі на зразумелым для іх узроўні.

“Радыёэлектроніка” — адзін з самых папулярных гурткоў абласнога Цэнтра тэхнічнай творчасці. Перш за ўсё гэта можна звязаць з педагогам дадатковай адукацыі Аленай Мартынавай. Яе работа з навучэнцамі — гэта бясконцы рух наперад і дасягненне новых вяршынь. Алена Георгіеўна атрымала грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на распрацоўку новай адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі ў галіне 3D-мадэлявання. Асноўная канцэпцыя новай праграмы заключаецца ў аб’яднанні электронікі, механікі, 3D-мадэлявання і праграмавання ў адным курсе, што спрыяе развіццю політэхнічнага інжынернага мыслення.

Сёння цэнтр вырашыў сур’ёзна падключыцца да прафарыентацыйнай работы.

— Паколькі 90% нашых навучэнцаў паступаюць у тэхнічныя ўстановы вышэйшай адукацыі, выбіраюць інжынерны профіль, з гэтага навучальнага года мы адкрылі аб’яднанні “Юны фізік” і “Юны матэматык”, — расказвае дырэктар установы. — Заняткі ў аб’яднаннях, якія, дарэчы, праводзяць выкладчыкі і спецыялісты тэхнічных універсітэтаў і факультэтаў, накіраваны на паглыбленае вывучэнне прадметаў, падрыхтоўку юнакоў і дзяўчат да здачы цэнтралізаванага тэсціравання і паступлення ва ўніверсітэты.

Па словах Наталлі Алейнік, прыцягненнем дзяцей і моладзі ў сферу высокіх тэхналогій і інавацый, у навукова-даследчую дзейнасць вырашаецца адразу некалькі задач: гэта развіццё здольнасцей дзяцей, іх занятасць у шосты школьны дзень, прафарыентацыя і, канечне, развіццё пазабюджэтнай дзейнасці.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.