Арыентуюць школьнікаў выбіраць педагагічныя спецыяльнасці ў сярэдняй школе № 3 Дзятлава з 2014 года. Амаль дзесяцігадовы вопыт работы ў гэтым кірунку педагог Святлана Віктараўна Салаўёва аб’яднала на адным электронным рэсурсе. Скарыстацца яе напрацоўкамі могуць усе педагогі краіны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Асабісты шлях у прафесіі для Святланы Віктараўны пачаўся яшчэ ў 1995 годзе. Спачатку працавала настаўніцай пачатковых класаў, сёння выкладае рускую мову і літаратуру. З сярэдняй школай № 3 Дзятлава звязана з 2007 года, а пачынаючы з 2014 года пад яе апекай і ўвагай нязменна знаходзяцца школьнікі, якія ў будучыні бачаць сябе педагогамі.
— У 2014 годзе ў нашай школе яшчэ не было факультатыву “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, але ўжо быў, па сутнасці, аналагічны — “Прафесія — педагог”. Яго з’яўленне стала вынікам супрацоўніцтва з абласным інстытутам развіцця адукацыі. А праз невялікі час мы сталі ўдзельнікамі агульнарэспубліканскай практыкі адкрыцця груп педагагічнай накіраванасці па ініцыятыве БДПУ, — успамінае Святлана Віктараўна.
Першыя выпускнікі такіх груп паступілі на адпаведныя спецыяльнасці ў БДПУ, ГрДУ імя Янкі Купалы і БДУ яшчэ ў 2018 годзе. З гэтага часу шмат выпускнікоў Святланы Віктараўны сталі студэнтамі педагагічных спецыяльнасцей. Яшчэ трое цяперашніх адзінаццацікласнікаў з педгрупы рашуча настроены трымацца іх прыкладу.
— Імкнёмся максімальна зацікавіць дзяцей магчымасцю ўдзелу ў разнастайных конкурсах. Да таго ж будуем работу так, каб ім было не проста цікава. Важна, каб дзеці сапраўды змаглі адчуць смак педагагічнай прафесіі, — працягвае Святлана Салаўёва.
Навучэнцы груп педагагічнай накіраванасці наведваюць урокі вопытных педагогаў з улікам профілю, на які ў будучыні накіраваны. Розныя віктарыны і конкурсы, рухавыя перапынкі будучыя педагогі праводзяць для вучняў пачатковых класаў.
Старшакласнікі групы педнакіраванасці ўдзельнічаюць у рэспубліканскім праекце “Урокі ўстойлівага развіцця” БДПУ. Актыўна працуюць будучыя педагогі з дзятлаўскай школы № 3 над Мэтай № 7, якая тычыцца чыстай энергіі.
— У мінулым годзе сталі ўдзельнікамі адпаведнага фестывалю ў галоўным педагагічным універсітэце краіны, а зусім нядаўна ў нас прайшоў уласны энергамарафон, які аб’яднаў літаральна ўсіх школьнікаў, — працягвае Святлана Віктараўна.
Незадоўга да сустрэчы з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” суразмоўніца вярнулася з фестывалю на базе ГрАІРА “ПедСТАРТ”, дзе прадставіла калегам рэгіёна ўласную распрацоўку — электронны рэсурс “Педагог — гэта класна, стыльна, адказна, перспектыўна!”. Пры пераходзе па адпаведным QR-кодзе ён дазваляе трапіць у сапраўдную скарбонку вопыту па рабоце з групамі педагагічнай накіраванасці.
Гэта не толькі матэрыялы, якія дапамогуць падчас урокаў і пры арганізацыі педагагічных проб. Можна даведацца тут усё і пра актыўнасць дзятлаўскіх педкласаўцаў сярэдняй школы № 3. Два гады запар яны, напрыклад, удзельнічалі ў фестывалі педкласаў на базе ГрДУ імя Янкі Купалы. Летась па выніках інтэрнэт-галасавання ў скарбонцы ўзнагарод школьнікаў з Дзятлава аказаліся два дыпломы І ступені і дыплом ІІІ ступені. У агульным заліку дзятлаўская каманда таксама ўвайшла ў тройку лепшых і заняла 2-е месца.
— Нашы вучні — нязменныя ўдзельнікі традыцыйных педагагіяд на базе ГрАІРА. Адпачывалі яны і ў профільным лагеры “ПрафСТАРТ” усё па тым жа адрасе, — дадае Святлана Віктараўна.
Да таго ж ужо двойчы школьнікі карысталіся і цікавай магчымасцю стаць студэнтам на адзін дзень дзякуючы супрацоўніцтву школы з БДПУ. Факультэты выбіралі самі з улікам тых напрамкаў, з якімі ў далейшым плануюць звязаць сваю прафесійную сцежку.
Педагог упэўнена, што такая форма ўзаемадзеяння з УВА матывуе на паступленне значна больш за любыя дні адкрытых дзвярэй. Бо адна справа пачуць пра вучобу, і зусім іншая — стаць яе неад’емнай часткай.
З групамі педагагічнай накіраванасці ў 3-й школе працуюць, як кажуць, са старту. І калі першапачаткова бацькам будучых абітурыентаў трэба было падрабязна расказваць, як арганізавана сістэма паступлення на педспецыяльнасці пасля вучобы ў профільным класе, то сёння, дзякуючы сістэмнай рабоце, добра знаёма яна ў тым ліку і многім школьнікам. Больш за тое, ёсць выпадкі, калі дзеля вучобы ў профільнай групе старшакласнікі прыходзяць у сярэднюю школу № 3 Дзятлава з іншых устаноў адукацыі раёна.
— Сярод выпускнікоў груп педагагічнай накіраванасці ўжо ёсць тыя, хто пачаў свой шлях у прафесіі педагога. Пасля заканчэння УВА яны выбралі мінскія школы. І, мабыць, толькі гэты момант можна, няхай і з нацяжкай, назваць мінусам існуючай сістэмы. Хацелася б стаць калегай для нашых сапраўды матываваных выпускнікоў у роднай установе адукацыі. Але, думаю, у нас яшчэ ўсё наперадзе, — падводзячы вынік дыялогу, адзначыла Святлана Салаўёва.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара