Вопыт валанцёрскай дзейнасці станоўча ўплывае на жыццё

- 10:50Інфармацыйная гадзіна

Удзел у валанцёрскім руху БРСМ “Добрае Сэрца” для 95 працэнтаў рэспандэнтаў прыносіць толькі станоўчыя эмоцыі, паведамілі ў Цэнтральным камітэце ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” па выніках апытання сярод валанцёраў руху, праведзенага Маладзёжнай лабараторыяй сацыялагічных даследаванняў пры ЦК БРСМ.

У ходзе даследавання апытаны 460 маладых людзей — юнакоў і дзяўчат, якія ў бягучым годзе прымалі ўдзел у акцыях і праектах валанцёрскага руху БРСМ. Рэспандэнты адзначылі, што вопыт валанцёрскай дзейнасці станоўча ўплывае на іх жыццё (80 працэнтаў). Гэта праяўляецца ў павышэнні цярпімасці, дабрыні, чуласці ў адносінах да іншых людзей, упэўненасці ў сабе, паляпшэнні навыкаў узаемадзеяння. Удзел у “Добрым Сэрцы” для 95 працэнтаў рэспандэнтаў прыносіць толькі станоўчыя эмоцыі. Сярод найбольш важных якасцей, якімі павінен валодаць валанцёр, удзельнікі апытання адзначылі камунікабельнасць (80 працэнтаў), самааддачу (71 працэнт), чуласць (60 працэнтаў) і ўпэўненасць ва ўласных сілах (54 працэнты).

Большасць рэспандэнтаў (61 працэнт) далучыліся да валанцёрскага руху “Добрае Сэрца”, ужо маючы вопыт добраахвотніцкай дзейнасці ў мінулым. Пры гэтым 13 працэнтаў валанцёраў маюць пяцігадовы вопыт такой дзейнасці і 7 працэнтаў займаюцца валанцёрствам сем і больш гадоў. Сярод матываў уступлення ў “Добрае Сэрца” рэспандэнты назвалі “імкненне атрымаць новы погляд на жыццё, людзей, работу” (50 працэнтаў), “пачуццё спачування да слабаабароненых” (49 працэнтаў), “жаданне пашырыць межы стасункаў” (41 працэнт). Неабходна адзначыць, што кожны ўдзельнік апытання мог адначасова выбраць некалькі варыянтаў адказу.

Найбольш масавым з’яўляецца сацыяльны напрамак дзейнасці валанцёрскага руху “Добрае Сэрца” — у ім прымалі ўдзел амаль 84 працэнты рэспандэнтаў (працавалі з цяжкахворымі дзецьмі, ветэранамі, людзьмі са складанымі жыццёвымі сітуацыямі, праводзілі мерапрыемствы, накіраваныя на прафілактыку дэвіянтных паводзін і інш.). Разам з тым, паводле ацэнкі ўдзельнікаў апытання, менавіта сацыяльны напрамак з’яўляецца самым цяжкім для валанцёра (81 працэнт).

У большасці ўдзельнікі валанцёрскага руху адзначаюць узровень развіцця валанцёрства ў Беларусі як прымальны (63 працэнты), астатнія 37 працэнтаў схіляюцца да таго, што руху яшчэ ёсць куды развівацца. Удзельнікі апытання прапанавалі звярнуць увагу на праблемы бяздомных жывёл, а таксама ўмацаваць сувязь руху “Добрае Сэрца” з іншымі валанцёрскімі рухамі рэспубліканскага і сусветнага маштабу.