Вопытам работы інжынерна-тэхнічнага цэнтра падзяліліся ў сярэдняй школе № 1 Шуміліна

- 10:05Образование

Раённы іжынерна-тэхнічны цэнтр на базе cярэдняй школы № 1 імя Героя Савецкага Саюза П.А.Акуцыёнка быў адкрыты ў снежні 2024 г. Аднымі з прыярытэтных напрамкаў вызначаны праектная дзейнасць і супрацоўніцтва з Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

У профільных зменах НДТП ужо прынялі ўдзел тры прадстаўнікі школы, якія цікавяцца тэхнічнымі навукамі, некаторыя з іх — неаднаразова. На сёння пададзена чарговая заяўка і яшчэ некалькі навучэнцаў шчыруюць над сваімі праектамі, каб потым прайсці адборачныя туры. Традыцыйна школа выступае пляцоўкай для правядзення раённых кірмашоў мэтавай падрыхтоўкі «Я выбіраю прафесію» для профільных класаў інжынернай накіраванасці. У цэнтры дзеці займаюцца 3D-мадэляваннем у праграмах КОМПАС-3D, AUTODESK Tinkercad і Blender, асвойваюць асновы праграмавання, канструявання, робататэхнікі з выкарыстаннем камплектаў ROBBO і схематэхнікі, вучацца рабіць праекты і публічна абараняць іх, бліжэй знаёмяцца ​​з тэхнічнымі спецыяльнасцямі, каб зразумець, якія навыкі і веды неабходны для паспяховай кар’еры ў той ці іншай галіне.

— Інжынерна-тэхнічны цэнтр дзейнічае на базе кабінета інфарматыкі, і яго работа сумешчана з адукацыйным працэсам, — расказала дырэктар школы Вольга Далецкая. — Гэта дазваляе педагогам значна павышаць якасць навучання, выкарыстоўваючы базу цэнтра для правядзення практычных заняткаў, дэманстрацыі эксперыментаў і доследаў, напрыклад, на факультатывах па фізіцы і матэматыцы ў рамках профільнага навучання. Праектная дзейнасць будучых інжынераў цесна звязана з рознымі навукамі, уключаючы геаграфію, біялогію, хімію і фізіку, а таксама з рознымі галінамі народнай гаспадаркі. Дзяцей цікавяць у тым ліку аграрны сектар і транспарт, складанне бізнес-праектаў. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў яны з задавальненнем распрацоўваюць мадэлі і раздрукоўваюць на 3D-прынтары промапрадукцыю. У прыватнасці, мы ўручаем арыгінальныя магніцікі гасцям школы. Прыадкрыю сакрэт: да прафесійнага свята нашы навучэнцы рыхтуюць педагогам высокатэхналагічныя 3D-сувеніры. У цэлым азначаны комплекс заняткаў, мерапрыемстваў, конкурсаў выдатна матывуе і арыентуе школьнікаў на канкрэтную прафесійную сферу. Яны мэтанакіравана з 10 класа выбіраюць для сябе інжынерныя прафесіі. Разам з тым у цэнтры назапашваюцца каштоўны педагагічны вопыт і эфектыўныя метадычныя распрацоўкі, якімі мы актыўна дзелімся з калегамі.

Магутны імпульс да развіцця дае партнёрства з установамі вышэйшай адукацыі. Так, у адпаведнасці з дагаворам, заключаным паміж школай і ВДТУ, навучэнцы груп інжынернай накіраванасці з Шуміліна рэгулярна наведваюць адукацыйныя і выхаваўчыя мерапрыемствы на базе тэхналагічнага ўніверсітэта. Прыносіць плён і ўзаемадзеянне з рэальным сектарам эканомікі. Напрыклад, школа заключыла дагавор з мясцовым філіялам Віцебскіх электрасетак РУП «Віцебскэнерга». Сёлетні выпускнік-мэтавік пасля заканчэння навучання вернецца ў раён дыпламаваным спецыялістам і будзе працаваць на гэтым прадпрыемстве. У планах школы — арганізаваць серыю майстар-класаў і семінараў для педагогаў раёна ў рэчышчы дзейнасці цэнтра і яшчэ шырэй выкарыстоўваць магчымасці інжынерна-тэхнічнага цэнтра для фарміравання прадметных і міжпрадметных кампетэнцый, прафесійнага вызначэння навучэнцаў. Таму што гэта месца, дзе мары ператвараюцца ў веды, веды — у праекты, а праекты — у рэальныя справы.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара