Вучэбнае відэа на перавернутым уроку

- 11:34Педагагічная майстэрня

Няма нічога больш зменлівага за час. Ён пастаянна ўносіць свае карэктывы ў нашу прафесійную дзейнасць. Педагогу сёння спыніцца на час у сваім прафесійным развіцці — значыць адстаць назаўжды. Паток інфармацыі ў сучасным свеце аказаўся настолькі імклівым, што (як смуткавала Аліса ў Залюстаркоўі) прыходзіцца “бегчы з усіх ног, каб толькі заставацца на тым жа месцы”. А ўжо каб рухацца наперад… Усе мы ведаем, як праходзіць традыцыйны ўрок: праверка дамашняга задання, потым тлумачэнне новай тэмы, замацаванне. Але вось з’явіўся ў нашым жыцці камп’ютар, і — рэвалюцыя здзейснілася!

А з 2016 года ў нашай гімназіі пачалася рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі “перавернуты ўрок” як рэсурсу павышэння якасці адукацыі навучэнцаў”.

Выкарыстанне методыкі “перавернуты ўрок” можна разглядаць як альтэрнатыўны традыцыйнаму спосаб навучання, у якім адукацыйны працэс будуецца на праектаванні ўмоў для індывідуалізацыі навучання вучняў, нацэленай на стварэнне новага адукацыйнага прадукту, на асобасна значны вынік. Асаблівасцю методыкі “перавернуты ўрок” з’яўляецца тое, што ў зоне першаснай увагі знаходзіцца дзейнасць самога навучэнца, яго асобаснае развіццё. Паколькі працэс арыентаваны на рэалізацыю патэнцыяльных магчымасцей навучэнцаў, у яго арганічна ўключаюцца сітуацыі поспеху, адкрыцця. Шмат у чым навучэнцы самі становяцца адказнымі на сваё навучанне. Дзеці могуць выбіраць, які дасягнуць пастаўленай задачы. І ўбудоўванне гэтага элемента выбару ў сістэму навучання — адзін з галоўных момантаў.

Сутнасць гэтай мадэлі ў тым, каб прыцягнуць навучэнцаў да рэальнай дзейнасці на вучэбных занятках, а не сумнага запісвання лекцый за педагогам. Для гэтага мяняецца змест дамашняй работы і работы на занятках. Замест выканання дзясяткаў прыкладаў дома, калі пры ўсім жаданні рэдка ўдаецца атрымаць кансультацыю тут і зараз, а прасцей спісаць раніцай у гімназіі, навучэнцам даецца доступ да электронных рэсурсаў. Галоўным чынам гэта вучэбнае відэа па тэме, зробленае самім настаўнікам або знойдзенае ў інтэрнэце. На занятках цяпер педагог арганізоўвае сумесную дзей­насць па вывучанай тэме: рашэнне задач, стварэнне міні-праектаў, складанне алгарытмаў, правя­дзенне эксперыментаў… Педагог ад крыніцы ведаў становіцца фасілітатарам, а навучэнец ад спажыўца становіцца актыўным удзельнікам адукацыйнага працэсу.

Перавернуты ўрок інвертуе традыцыйныя метады выкладання, рэалізуючы падачу матэрыялу па-за класным пакоем і пераводзячы дамашнюю работу на вучэбны час. Як жа гэта працуе ў адукацыйным працэсе?

Па-першае, педагогі рыхтуюць некалькі відэалекцый на тыдзень (гэта могуць быць гатовыя лекцыі і ўласныя распрацоўкі) і выкладваюць іх у сетку. Па-другое, навучэнцы глядзяць дома відэалекцыю, падрыхтаваную педагогам. Гэта дазваляе ім асвойваць матэрыял у сваім тэмпе, не будучы заціснутым часавымі рамкамі заняткаў, дае магчымасць мець зносіны з равеснікамі і педагогам, выкарыстоўваючы сістэму анлайнавых дыскусій. Калі дома няма доступу да інтэрнэту, то забяспечваецца магчымасць прагляду ў гімназіі. Па-трэцяе, на вучэбных занятках час выкарыстоўваецца для выканання лабараторных работ або іншай вучэбнай дзейнасці. Навучэнцы дзеляцца на міні-групы не толькі па ўзроўні падрыхтаванасці, але і на тых, хто больш любіць глядзець, чытаць або пісаць. Беручы гэта пад увагу, іх можна групаваць для выканання тых ці іншых заданняў.

Умоўных “чытачоў” садзім разам чытаць кнігі, “пісьменнікі” будуць рабіць нейкія паметкі, а тыя, хто лічыць за лепшае візуальны кантэнт, — глядзець відэа. Потым можна ўсіх перамяшаць, такім чынам у розных груп адкрыюцца іншыя перспектывы мыслення і ўспрымання інфармацыі. Спачатку трэба выкарыстоўваць тыя навыкі, якія ў іх найбольш развіты, а потым паспрабаваць ужо развіць і іншыя здольнасці. Безумоўна, ад педагога патрабуецца дадатковая падрыхтоўка, асабліва ў першы час, калі ён толькі пачынае арганізоўваць такую работу. Але яна дае свае вынікі!

Неабходна памятаць пра тое, што кожнае вучэбнае відэа або электронныя адукацыйныя рэсурсы суправаджаюцца інструкцыяй і якім-небудзь заданнем. Напрыклад, можна прапанаваць навучэнцам скласці некалькі пытанняў да відэа, напісаць канспект або невялікую нататку па прагледжаным матэрыяле. У некаторых выпадках пытанні педагогу можна задаць у сацыяльнай сетцы адразу пасля прагляду.

Важна адзначыць, што відэаролікаў з праграмным матэрыялам па некаторых вучэбных прадметах (матэматыка, беларуская мова і інш.) не так многа, таму ў нас узнікла ідэя творчага дамашняга задання: навучэнцам прапаноўвалася ства­рыць уласнае вучэбнае відэа па некаторым тэарэтычным матэрыяле. Праця­гласць відэа — ад трох да пяці хвілін. Навучэнцы дзеляцца на групы. Загадзя агаворваюцца тэрміны і крытэрыі ацэньвання. Потым відэа выкладваецца ў сацыяльнай сетцы, педагог і навучэнцы праглядаюць яго, пакідаючы свае каментарыі. Далей на вучэбных занятках арганізоўваецца агульнае абмеркаванне, выстаўленне адзнак.

Перавагі перавернутага ўрока адзна­чаюць як пе­дагогі, так і самі навучэнцы:

* прагляд відэа навучэнец можа арганізаваць у любы зручны для сябе час, у зручным месцы, прагледзеўшы любую колькасць разоў складаныя тэарэтычныя блокі;

* педагог усяго адзін раз рыхтуе вучэбнае відэа або электронны рэсурс, прапануючы ўласныя распрацоўкі, выкананыя навучэнцамі або запазычаныя ў аўтарытэтных калег;

* педагог на вучэбных занятках мае магчымасць якасна арганізаваць адукацыйную дзейнасць, далучаючы да розных відаў работ усіх навучэнцаў класа;

* дзецям, якім цяжка ўспрымаць інфармацыю на слых з першага разу, даецца магчы­масць праслухаць інфармацыю шматразова;

* пры стварэнні ўласных відэалекцый навучэнцам цікава глядзець на сваіх равеснікаў, ствараць штосьці новае, выступаць у ролі педагога. Безумоўна, гэтыя фактары павышаюць матывацыю да навучання.

Такім чынам, праца, затрачаная на кіраванне пазнавальнай дзейнасцю з дапамогай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на перавернутым уроку, апраўдвае сябе ва ўсіх адносінах — яна павышае якасць ведаў; стварае добрыя ўмовы для лепшага ўзаемаразумення педагога і навучэнцаў і іх супрацоўніцтва ў адукацыйным працэсе; прасоўвае наперад дзіця ў агульным развіцці, дапамагае пера­адольваць цяжкасці, забяспечвае падрыхтоўку выпускнікоў гімназіі да жыцця ва ўмовах інфармацыйнага грамадства, рэалізацыю сацыяльнага заказу, абумоўленага працэсамі глабальнай інфарматызацыі.

Алена СЕМЧАНКАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 3 Салігорска.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.