Вучэнні “Захад–2017” адкрыты для наглядальнікаў

Беларусь запросіць больш як 80 міжнародных наглядальнікаў на вучэнні “Захад-2017”. Аб гэтым у інтэрв’ю ТАСС паведаміў міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў.

“Нягледзячы на тое, што заяўленая на вучэнні “Захад-2017” колькасць асабовага складу, баявых браніраваных машын, артылерыі, авіяцыі не дасягае парогавых значэнняў для паведамлення, мы запросім нашых партнёраў, каб яны пераканаліся, што вучэнні не вырашаюць тых задач, аб якіх яны заяўляюць, — сказаў Андрэй Раўкоў. — Пры гэтым запрашэнні атрымаюць не толькі ваенныя аташэ, акрэдытаваныя пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь, але і шэраг міжнародных арганізацый, такіх як ААН, АБСЕ, НАТА, АДКБ, СНД, МКЧК”.

Паводле слоў міністра, будуць выкананы таксама абавязацельствы згодна з рэгіянальнымі мерамі даверу і бяспекі. “Мы чакаем наглядальнікаў ад нашых суседзяў — Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі. У рамках двухбаковых дамоўленасцей запрошаны наглядальнікі з Эстоніі, Швецыі і Нарвегіі. Усяго будзе запрошана больш як 80 наглядальнікаў”, — адзначыў Андрэй Раўкоў.

Сумесныя стратэгічныя вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі “Захад-2017” з’яўляюцца планавымі і праводзяцца па рашэнні прэзідэнтаў дзвюх краін. Вучэнні з’яўляюцца дэманстрацыяй пастаянства ў гарантаванні бяспекі двух брацкіх народаў. Такія вучэнні праходзяць раз у два гады па чарзе на тэрыторыях Беларусі і Расіі.

Практычныя дзеянні органаў ваеннага кіравання і войскаў пройдуць у Беларусі на шасці палігонах — Лепельскім, Барысаўскім, Лосвіда, Асіповіцкім, палігонах ВПС і войскаў ППА Ружанскім і Даманаўскім, а таксама на адным участку мясцовасці на тэрыторыі рэспублікі паблізу населенага пункта Дрэтунь. Што тычыцца маштабу вучэнняў, то гэта самае буйное мерапрыемства сумеснай аператыўнай падрыхтоўкі ўзброеных сіл дзвюх краін. Вучэнні з’яўляюцца лагічным завяршэннем падрыхтоўкі. Напярэдадні вучэнняў праведзена ўжо каля 40 сумесных мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, у тым ліку сумесныя спецыяльныя вучэнні па відах забеспячэння.