Вучні Дзісненскай школы імя Героя Савецкага Саюза М.А.Кузьміна шукаюць рэдкія расліны, каб узяць іх пад ахову

- 16:26Образование

Знайсці ўсе рэдкія расліны ў раёне і ўзяць іх пад ахову. Гэтую ідэю два гады рэалізуюць у Дзісненскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза М.А.Кузьміна Мёрскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Па словах Святланы Яленскай, настаўніцы біялогіі і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, экалагічная работа ў школе вядзецца маштабна і сістэмна. У пачатковай школе аматараў прыроды аб’яднаў факультатыў “Зялёныя школы”, у сярэднім звяне — “Дзікая прырода Беларусі”, у старшым — “Абагульняючы курс біялогіі”. Працуе ў школе і аб’яднанне па інтарэсах “Сябры лесу”. На кожны месяц у школе прадуманы пэўныя акцыі, тыдні. Напрыклад, аперацыі “Дапамажы крылатаму сябру”, “Папера”, акцыі “Дзень зямлі”, “Тыдзень беражлівасці”, “Тыдзень экалогіі”, “Чысты двор” і інш. У іх прымаюць удзел не толькі дзеці, але і іх баць­кі. З задавальненнем навучэнцы ходзяць у мясцовы Дзісненскі лясгас, дапамагаюць прыбіраць сасновы лес, які знаходзіцца ў межах горада і дзе любяць адпачываць і жыхары, і госці іх гарадка, а таксама дапамагаюць лясгасу са­джаць дрэвы.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца даследчай дзейнасці школьнікаў.

— У мінулым годзе ў нас галоўным быў праект “Барацьба з інвазійнымі раслінамі ў наваколлі Дзісны”. Мы выяўлялі месцы, дзе яны растуць, наносілі іх на карты, расказвалі мясцовым жыхарам пра шкоду і небяспеку гэтых раслін, а тых людзей, у якіх інвазійныя расліны растуць на клумбах ці паблізу ўчасткаў, заклікалі іх выполваць. І ў раёне, і ў вобласці пра наш праект добра ведалі і спрыялі таму, каб ён прынёс карысць прыродзе. У прыватнасці, калі мы выязджалі самі на месцы і знішчалі зараснікі сумніку, да нас падключалася і Мёрская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, — гаво­рыць Святлана Іванаўна.

Ідэя праекта, якой захоплена школа цяпер, узнікла прама ў лесе, непадалёк школы, два гады назад.

Мы з дзецьмі і маёй калегай заўважылі сон-траву, якая раней ніколі тут не сустракалася. І нам стала цікава, адкуль гэтая расліна ў нас узялася. Так мы з настаўнікам-дэфектолагам Алай Пятроўнай Майсяёнак сталі кіраўнікамі вучнёўскага праекта па рэдкіх раслінах. Мы ўсе разам шукалі мясціны, дзе яны растуць. Мясцовыя жыхары нам дасылалі фота, па іх меркаванні, рэдкіх раслін, мы разам выязджалі на месцы і вызначалі іх віды. Калі ў нас былі сумненні, мы карысталіся інтэрнэт-пляцоўкамі, дзе нам па фота дапамагалі вынесці вердыкт спецыялісты. Супрацоўнічалі і са спецыялістамі па батаніцы з БДУ, з батанічнага саду Акадэміі навук, якія нам пацвярджалі рэдкія віды, — успамінае Святлана Яленская.

Гэтай вясной Мёрская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя створыць інтэрактыўную карту, на якую нанясе месцы, дзе растуць знойдзеныя школьнымі даследчыкамі чырванакніжныя расліны, каб узяць іх пад ахову.

Ксенія, дачка Святланы Іванаўны і самая актыўная ўдзельніца праекта, дадае:

— Два гады мы займаліся пошукамі рэдкіх раслін у нашай мясцовасці. Былі знойдзены сон-трава, тайнік яйкападобны, ятрышнік мужчынскі, кураслеп лясны, лілея кучаравая, гайнік цёмна-чырвоны, касач сібірскі, шпажнік чарапіцавы, лясны цюльпан і іншыя. З 14 знойдзеных папуляцый чырванакніжных раслін, большая колькасць якіх знахо­дзіцца каля Дзісны, 12 былі няўлічаныя.

Пакуль аўтары праекта займаліся ўлікам новых відаў, купінка іх сон-травы з узгорка сярод сасонніку амаль знікла. Таму яны тэрмінова прынялі рашэнне размно­жыць рэшткі на большай тэрыторыі. Звярнуліся ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і атрымалі дазвол сабраць насенне (у выпадку з чырванакніжнымі раслінамі без такога дазволу гэта рабіць забаронена). Сабралі (дарэчы, у прысутнасці начальніка Мёрскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя А.Пальчэўскага), частку насення рассеялі паблізу купінкі, а частку пакінулі на расаду.

Акрамя таго, на прышкольнай тэрыторыі даследчыкі заклалі міні-дэндрарый з эксперыментальнымі пляцоўкамі: першая — з цюльпанам лясным, які ўжо мінулай вясной радаваў іх цвіценнем, другі — з сон-травой. Гэтай вясной будзе імі створаны і трэці эксперыментальны ўчастак — з кураслепам лясным.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота з архіва ўстановы