Вучнёўскія рабочыя месцы садзейнічаюць павышэнню канкурэнтаздольнасці на рынку працы

- 11:01Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі на вучнёўскія рабочыя месцы, створаныя наймальнікамі на дагаворнай аснове з цэнтрамі занятасці па праграме “Маладзёжная практыка”, у мінулым годзе працаўладкаваны 583 беспрацоўныя выпускнікі. Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Дзяржаўнай праграмай садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2015 год прадугледжвалася працаўладкаваць на “Маладзёжную практыку” 553 чалавекі. Такім чынам, гадавое заданне ў цэлым па рэспубліцы перавыканана на 5,4 працэнта. Прычым з яго выкананнем паспяхова справіліся ўсе рэгіёны і Мінск.
Праграма “Маладзёжная практыка” нацэлена на тое, каб маладыя людзі, якія не маюць вопыту работы, змаглі набыць прафесійныя навыкі. Гэта актуальна для тых, хто скончыў установу адукацыі без размеркавання і, адпаведна, без гарантаванага рабочага месца. Таму “Маладзёжная практыка” стымулюе наймальнікаў да працаўладкавання на часовыя рабочыя месцы беспрацоўных выпускнікоў ВНУ, ССНУ і ПТВ, а таксама беспрацоўных, якія прайшлі прафнавучанне па накіраванні органаў па працы, занятасці і сацабароне. Так, наймальнікам са сродкаў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва кампенсуюцца затраты па зарплаце работніка ў перыяд праходжання “Маладзёжнай практыкі” ў памеры мінімальнай заработнай платы (з 1 студзеня 2015 года МЗП устаноўлена ў памеры Br2 млн 100 тысяч 100, з 1 студзеня 2016 года — Br2 млн 300 тысяч) і абавязковых страхавых узносаў.
Паводле слоў спецыялістаў, “Маладзёжная практыка” арганізоўваецца на вучнёўскіх рабочых месцах, што ствараюцца прадпрыемствамі незалежна ад форм уласнасці, за выключэннем бюджэтных. Перавагу маюць наймальнікі, якія забяспечваюць магчымасць далейшага працаўладкавання беспрацоўнай моладзі на пастаянныя рабочыя месцы. Дарэчы, пасля праходжання “Маладзёжнай практыкі” ў мінулым годзе прадоўжылі працаваць на пастаяннай аснове амаль 43 працэнты “практыкантаў” — гэта самы высокі паказчык за апошнія гады.
З беспрацоўнымі, накіраванымі службай занятасці для працаўладкавання на вучнёўскае рабочае месца, наймальнік заключае тэрміновы дагавор тэрмінам да шасці месяцаў, складае і ўзгадняе з беспрацоўным яго індывідуальны вучэбны план. Асаблівая ўвага ўдзяляецца замацаванню працоўных рэсурсаў у вёсцы, малых гарадах і пасёлках гарадскога тыпу. У гэтых мэтах тэрмін праходжання “Маладзёжнай практыкі” павялічаны да 1 года для беспрацоўных жыхароў сельскай мясцовасці і малых гарадоў (у мінулым годзе такіх “практыкантаў” налічвалася адпаведна 70 і 111 чалавек).
Як адзначылі ў міністэрстве, сярод “практыкантаў” у мінулым годзе пераважалі беспрацоўныя, якія прайшлі прафнавучанне па накіраванні службы занятасці, — 281 чалавек. Большасць “практыкантаў” (345 чалавек) асвойвалі рабочыя прафесіі.
Рэалізацыя гэтага напрамку актыўнай палітыкі занятасці садзейнічае павышэнню канкурэнтаздольнасці на рынку працы — беспрацоўная моладзь атрымлівае новыя веды, уменні і навыкі практычнай работы на вытворчасці.