Вучоба праз праекты

- 16:09Адукацыйная прастора

Як зрабіць атрыманне ведаў працэсам цікавым і запатрабаваным сучаснымі вучнямі? У кожнага настаўніка — свае метады і прыёмы. Аб двух праектах расказваюць настаўніцы Святлана Яўгенаўна Давыдзік і Тамара Уладзіміраўна Герасімовіч.

Святлана Яўгенаўна ДАВЫДЗІК, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Гродна:

— Не сакрэт, што ў сучаснага чалавека знізілася цікавасць да чытання. Сёння мы канстатуем той факт, што камп’ютары, гаджэты, тэлебачанне выціснулі кнігу, і наракаем: навучэнцы празмерна захоплены камп’ютарамі. Але гэтае захапленне можа нам дапамагчы ў прыцягненні іх да чытання. Варта толькі выкарыстоўваць моцныя бакі візуальнай культуры на сваю карысць і зацікавіць падлетка, ды і дарослага, кнігай. Сваіх вучняў я прыцягваю да чытання з дапамогай буктрэйлераў.
Буктрэйлер — невялікі відэаролік (3—5 хвілін), які распавядае ў адвольнай мастацкай форме аб якой-небудзь кнізе. Мэта такога відэароліка — прапаганда чытання, прыцягненне ўвагі да кніг пры дапамозе візуальных сродкаў, якія характэрны для трэйлераў да кінафільмаў. У Беларусі буктрэйлеры — з’ява новая, але папулярнасць іх расце.

Можна скарыстацца гатовымі відэаролікамі, знойдзенымі ў інтэрнэце, а можна разам з навучэнцамі стварыць іх самастойна. Што і робім мы на вучэбных занятках. Для стварэння буктрэйлера я арганізоўваю работу ў чатырох групах. Групавое дзеянне развівае камунікатыўныя навыкі. Акрэсліваючы праблемнае поле будучага відэароліка і распрацоўваючы яго сюжэт, вучні вызначаюць шляхі рэалізацыі ўласнай задумкі. Шукаючы цытаты, здольныя захапіць увагу гледача, навучэнцы зноў вымушаны пагрузіцца ў тэкст твора, што працягвае фарміраваць навыкі яго аналізу. Падбіраючы неабходныя ілюстрацыі, кадры з кінафільмаў, музычнае суправаджэнне роліка, навучэнцы развіваюцца эстэтычна. І самае цікавае: калі матэрыял гатовы, яго трэба ператварыць у захапляльны фільм, які пакладзе пачатак знаёмству з кнігай. І тут не абысціся без камп’ютара і яго праграм (Windows Movie Maker, Sony Vegas Pro і інш.), а гэта патрабуе камп’ютарнай дасведчанасці.
Інтэграваны ўрок (руская літаратура і інфарматыка), на мой погляд, з’яўляецца самым аптымальным тыпам вучэбных заняткаў для стварэння буктрэйлера. Безумоўна, для паўнацэннага відэароліка адной гадзіны недастаткова. Я планую такую працаёмкую работу на два ўрокі (рускую мову і літаратуру). Вучні працуюць у чатырох групах: мастакі, літаратары, аніматары, рэжысёры па мантажы.

Атрыманыя матэрыялы рэжысёры па мантажы пад кіраўніцтвам настаўніка інфарматыкі склейваюць у адзіны фільм (аб’ядноўваюць карцінкі, відэа, цытаты, гук, спецэфекты). Праект буктрэйлера гатовы. Потым арганізоўваем калектыўны папярэдні прагляд, абмеркаванне і карэкціроўку відэафільма (запрашаем на яго навучэнцаў з іншага класа). Створаны ролік трансліруецца праз школьны прэс-цэнтр, сетку інтэрнэт.

У ходзе рэфлексіі, праведзенай пасля стварэння відэароліка, высветлілася, што 45% навучэнцаў зацікавіліся кнігай, якая рэкламуецца, 20% — паглыбілі свае веды па праблематыцы твора, а 35% вучняў спадабаўся сам працэс работы. Ніхто не застаўся абыякавым.

Наша мэта — стварыць буктрэйлеры па ўсіх творах, якія вывучаюцца ў школе, і прапанаваць настаўніку выкарыстоўваць іх у пачатку вывучэння твора з мэтай прыцягнення навучэнцаў да кнігі. У нашай літаратурнай скарбонцы ўжо ёсць буктрэйлеры да такіх твораў, як “Майстар і Маргарыта”, “Ціхі Дон”, “Пунсовыя ветразі”, “Тэлеграма”.

Таццяна Уладзіміраўна ГЕРАСІМОВІЧ, настаўніца нямецкай мовы Лойкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна:

— Цяжкасці вывучэння нямецкай мовы ў тым, што па-за класам вучні не маюць магчымасці на ёй размаўляць, у адрозненне ад англійскай мовы, дзе зносін значна больш, хоць бы праз інтэрнэт. Выкарыстанне праектнай методыкі ў працэсе навучання дазваляе прымяняць маўленчыя навыкі і ўменні на практыцы ў новых рэальных сітуацыях.

Праектная методыка можа быць выкарыстана на любым узроўні і ў любым узросце. Лічу, што яна з’яўляецца эфектыўным сродкам ад аднастайнасці і нуды. Работа над праектам дае магчымасць развіваць у вучня творчыя здольнасці, навыкі пошуку інфармацыі з розных крыніц, яе даследаванне і аналіз, усведамленне самога сябе як члена той ці іншай творчай групы. З гэтай мэтай і была выканана праектная работа па нямецкай мове “Der Osterhase lädt ein” у рамках тэмы “Feste feiern” (5 і 8 класы).
Работа была раздзелена на чатыры этапы. На першым этапе ў кабінеце нямецкай мовы школы сабраліся ўсе зацікаўленыя навучэнцы, бо Вялікдзень — адно з самых светлых хрысціянскіх свят — любяць многія. Былі вылучаны і абмеркаваны ідэі рэалізацыі праекта. Другі этап — арганізацыйны. Вучні разам з настаўнікам нямецкай мовы абмеркавалі праект, сфарміравалі групы па інтарэсах, кожная з якіх атрымала сваё заданне.
На трэцім этапе пачалася сумесная творчая дзейнасць навучэнцаў і настаўнікаў. Напрыклад, група дзяцей-артыстаў разам з настаўнікам нямецкай мовы і музычным кіраўніком школы развучвала песні, вершы, ролі ў інсцэніроўках. Навучэнцы групы дэкаратараў пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання выраблялі дэкарацыі: рабілі пляцень, выразалі з фанеры велікоднага зайца, рыхтавалі касцюмы і маскі для артыстаў. Група мастакоў рабіла сувеніры (велікодных зайчанят з кампакт-дыскаў, папяровых птушак), а таксама займалася мастацкім афармленнем праекта. Чацвёртая група навучэнцаў-гісторыкаў рыхтавала матэрыял пра ўзнікненне гэтага хрысціянскага свята. Пятая група адказвала за мультымедыйнае суправаджэнне. Навучэнцы шукалі ў інтэрнэце неабходны наглядны матэрыял і стваралі мультымедыйную прэзентацыю. Справа знайшлася ўсім.
Заключны, чацвёрты, этап праекта адбыўся на пасяджэнні раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў нямецкай мовы.

Удзел дзяцей у праектнай дзейнасці дазваляе стварыць тое моўнае асяроддзе, якое так неабходна для паўнацэннага навучання замежнай мове, фарміравання іх творчасці і крытычнага мыслення, моўнага ўзаемадзеяння ў дыялогу дзвюх культур.

Падрыхтавала
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.