Кожны чалавек сутыкаецца з праблемамі эканомікі не толькі ў прафесійнай дзейнасці, але і ў асабістым жыцці. Недахоп адпаведных ведаў, а таксама практычных навыкаў у сферы кіравання фінансамі можа прывесці ў будучыні да прыняцця неабдуманых рашэнняў і неразважлівых учынкаў. Таму чым раней дзеці даведаюцца аб ролі грошай, тым раней могуць быць сфарміраваны карысныя фінансавыя прывычкі, што дапаможа пазбегнуць многіх памылак у дарослым жыцці. На павышэнне эканамічнай і фінансавай дасведчанасці навучэнцаў Жарабковіцкай сярэдняй школы імя М.Г.Мінкевіча Ляхавіцкага раёна быў накіраваны інавацыйны праект “Укараненне мадэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як умова прафесійнага самавызначэння навучэнцаў па запатрабаваных у рэгіёне прафесіях і спецыяльнасцях”.
У рамках інавацыйнага праекта, які рэалізоўваўся на працягу 2017—2021 гадоў, у адукацыйным кластары ўстановы адукацыі ажыццяўлялі сумесную дзейнасць, накіраваную на супрацоўніцтва ў адукацыйнай і навуковай сферах, стваралі асяроддзе, у якім новыя рашэнні могуць быць распрацаваны з удзелам школьнікаў і педагогаў. Іншымі словамі, установы адукацыі з’яўляліся першапачатковымі правайдарамі навучання, прадэманстравалі здольнасць хутка распрацоўваць, тэсціраваць і збіраць даныя аб новых падыходах і адукацыйных прадуктах.
Эфектыўнаму асваенню мадэлі фарміравання прафесійнага самавызначэння навучэнцаў спрыяла ўзаемадзеянне з кансультантам інавацыйнага праекта дэканам факультэта эканомікі і права БарДУ, кандыдатам эканамічных навук, дацэнтам Вікторыяй Аляксандраўнай Бязуглай. Яна арганізавала і правяла навучальныя і метадалагічныя семінары, круглыя сталы, якія дазволілі прыняць канцэптуальную аснову інавацыйнага праекта, удакладніць сутнасць навуковых паняццяў, вызначыць напрамкі дзейнасці, выбраць аптымальныя формы. Навукова-практычнае суправаджэнне забяспечвалася праз правядзенне семінараў, анлайн-кансультацый, е-mail-канферэнцый. Дзякуючы кансультанту, былі вызначаны дакладныя арыенціры дзейнасці, што дазволіла ўключыць кожнага педагога ў даследаванне.
У рамках адукацыйнага кластара ўстановы абменьваліся інфармацыяй. Абмяркоўваліся актуальныя пытанні адукацыі і прыняцце важных рашэнняў, якія тычацца, напрыклад, змянення зместавай траекторыі прафесійнай арыентацыі, псіхалагічнага суправаджэння ўсвядомленага выбару навучэнцамі будучага роду заняткаў і інш. Па сутнасці, новай была задума стварэння і дзейнасці ў межах кластара сеткі структур (пілотных праектаў), ва ўмовах рэалізацыі якіх можна прымяняць больш сучасныя спосабы і формы арганізацыі адукацыйнага працэсу. У школе створаны і функцыянуюць два пілотныя праекты — гэта вучэбная бізнес-кампанія “Няхітрыя вырабы” і рэсурсны цэнтр па эканамічным выхаванні навучэнцаў у пазаўрочны час (рэалізаваны праект па арганізацыі работы ў шосты школьны дзень).
За некалькі гадоў работы ў праекце ў нашай установе адукацыі сфарміравалася мадэль практыка-арыентаванай бізнес-адукацыі школьнікаў, якая ўключае ў сябе 5 складнікаў:
• Вучэбная бізнес-кампанія — гэта дзелавая гульня, у ходзе якой дзеці набываюць практычныя навыкі прадпрымальніцкай дзейнасці.
• Для ўдасканалення работы ў шосты школьны дзень і для правільнай арганізацыі вольнага часу дзяцей і падлеткаў у нашай установе рэалізаваны праект шостага школьнага дня “Гульня ў эканоміку ці эканоміка гульні?”. Штомесяц кожная трэцяя субота ва ўстанове была тэматычная. Мерапрыемствы, што праводзіліся, мелі пэўную накіраванасць і дазвалялі набываць новыя веды ў галіне эканомікі. Гэты праект стаў пераможцам раённага, абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ў намінацыі “Ёсць ідэя!”.
• З мэтай павышэння эканамічнай культуры навучэнцаў на базе школы былі арганізаваны факультатыўныя заняткі эканамічнай і прававой накіраванасці, на якіх дзеці атрымлівалі тэарэтычныя веды.
• Цікавасць навучэнцаў да школьных факультатыўных заняткаў навяла нас на думку аб стварэнні міжшкольнага факультатыву і прыцягненні знешніх педагагічных рэсурсаў, якіх у нас не хапае. У пачатку 2017/2018 навучальнага года мы заключылі дагавор аб супрацоўніцтве ў адукацыйнай і навуковай сферах з Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам. Заняткі міжшкольнага факультатыву праводзіла В.А.Бязуглая.
• У 2017/2018 навучальным годзе на базе школы быў створаны раённы рэсурсны цэнтр па эканамічным выхаванні навучэнцаў у пазаўрочны час. Рэсурсны цэнтр аказвае метадычную падтрымку класным кіраўнікам і іншым катэгорыям работнікаў устаноў адукацыі раёна ва ўкараненні ў практыку іх работы новых выхаваўчых тэхналогій і форм арганізацыі эканамічнага выхавання; дапамагае павышаць прафесійную кампетэнтнасць педагогаў у пытаннях новага зместу прафарыентацыйнай работы, у авалоданні новымі формамі работы з навучэнцамі. Для гэтага мы распрацавалі метадычныя веснікі. Плануем, што ў перспектыве рэсурсны цэнтр стане каардынуючай структурай прасторы школы і будзе прадастаўляць матэрыяльную базу для эфектыўнага эканамічнага выхавання ў школе, рэгіёне, вобласці.
Вольга Бурак:
“Установа адукацыі — адзін з найважнейшых сацыяльных інстытутаў, які павінен дапамагаць падрастаючаму пакаленню адаптавацца да сучасных эканамічных умоў і забяспечваць выпускнікам школы эфектыўнае ўваходжанне ў дарослае жыццё. Для гэтага неабходна стварыць умовы для іх асобаснага росту і павышэння ўзроўню інфармаванасці і кампетэнтнасці ў розных галінах жыцця”.
Выбар будучай прафесіі — складаны і адказны крок у жыцці кожнага чалавека. У 14—17 гадоў выбраць прафесію навучэнцам занадта складана. Прафесійныя планы падлетка вельмі расплывістыя, аморфныя, маюць характар мары. Таму мы, педагогі-наватары, павінны максімальна дапамагаць навучэнцам з самавызначэннем і выбарам будучай прафесіі. Зыходзячы з нашага вопыту, можна канстатаваць, што правільна арганізаванае псіхолага-педагагічнае суправаджэнне інавацыйнай дзейнасці дае станоўчы вынік. Па-першае, навучэнцы 9 і 11 класаў нашай школы працягваюць навучанне па эканамічным профілі ў Навагрудскім гандлёва-эканамічным каледжы, у фінансава-эканамічным каледжы Мінска, Палескім дзяржуніверсітэце, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце на факультэце “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці (эканамічная бяспека прамысловых прадпрыемстваў)”. Па-другое, працягваецца супрацоўніцтва ў адукацыйнай і навуковай сферах з Клецкім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэем, БарДУ, з навучальна-практычнай установай па ўкараненні тэхналогій сацыяльнага маркетынгу “Файная справа”. Па-трэцяе, праводзяцца факультатыўныя заняткі “Асновы эканамічных ведаў”, “Вучымся эканоміі і беражлівасці: Азбука Берагошы”, факультатыўныя заняткі па матэматыцы “Паўтараем матэматыку”. Акрамя таго, у НДЦ “Зубраня” навучэнцы 8 класа сталі ўдзельнікамі змены “Эканамічны БУМ, ці Бізнес. Універсітэт. Моладзь”, арганізавана навучанне школьнікаў 10—11 класаў па прафесіі агароднік у рамках вывучэння вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” на базе Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа і па прафесіі аператар ЭВМ на базе нашай установы адукацыі.
Вольга Камейша:
“Эканамічная адукацыя і выхаванне павінны быць творчымі, а не фармальнымі, бо фармальнае выхаванне росціць спажыўцоў”.
Як паказвае вопыт, такая сістэма работы дазваляе павысіць узровень эканамічнага выхавання школьнікаў і рэалізаваць свае галоўныя функцыі — выхаваўчую, інфармацыйную, арганізацыйна-педагагічную. Дзеці авалодваюць эканамічнымі ведамі, уменнямі і навыкамі, вучацца думаць па-гаспадарску і працаваць на карысць сваёй краіны.
Вольга КАМЕЙША,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце;
Вольга БУРАК,
дырэктар Жарабковіцкай сярэдняй школы імя М.Г.Мінкевіча
Ляхавіцкага раёна, Брэсцкай вобласці.