Вучыць дзяцей — прызванне святое

- 11:16Адукацыйная прастора, Рознае

Шмат віншаванняў і слоў падзякі гучала на абласным свяце, прысвечаным Дню настаўніка, што адбылося на Міншчыне. “Вучыць іншых — прызванне святое” — так называлася святочнае мерапрыемства, якое сабрала каля 600 педагогаў з усіх куточкаў Мінскай вобласці ў Вілейцы.

— Грамадства, у якім веды становяцца галоўным эканамічным рэсурсам, прад’яўляе высокія патрабаванні да педагогаў. І нашы педагогі гэтым патрабаванням адпавядаюць. Сёння ў сістэме адукацыі вобласці працуюць 150 выдатнікаў адукацыі, 61 педагог мае дзяржаўныя ўзнагароды, штогод настаўнікі атрымліваюць званне “Чалавек года Міншчыны”, — адзначыла напярэдадні мерапрыемства Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. — Толькі за мінулы навучальны год нашы навучэнцы заваявалі на міжнародных турнірах 59 дыпломаў, 4 медалі і 2 спецыяльныя прызы. Гэта сведчыць аб высокім узроўні абласной педагагічнай школы.

Вілейка вітала настаўнікаў прыгожым убраннем і мноствам арыгінальных пляцовак. Экскурс у мінулае прапаноўвала музейная экспазіцыя “Старонкі гісторыі. Тут ажывае мінулае”, што размясцілася ў фае Вілейскага палаца культуры, дакрануцца да мастацтва запрашала выстава работ мастака Эдуарда Мацюшонка, да знаёмства з талентамі калег заклікала выстава “Свет захапленняў педагогаў”. Давялося ў гэты дзень педагогам апынуцца і ля дошкі, толькі не для правядзення ўрокаў: на ёй кожны мог размясціць напісанае віншаванне і пажаданне калегам.

Цёплыя словы ў адрас педагогаў гучалі ў гэты дзень са сцэны, куды ўзнімаліся ганаровыя госці мерапрыемства. Віктар Іванавіч Сірэнка, намеснік старшыні Мінаблвыканкама, пажадаў настаўнікам старанных вучняў, якія будуць на карысць прымяняць веды, атрыманыя ў школе, а таксама адзначыў вялікае значэнне педагогаў у выхаванні падрастаючага пакалення.

— Вы праваднікі дзяржаўнай палітыкі, першыя выхавальнікі, якія ўкладваюць у дзяцей паняцце беларускай дзяржаўнасці. Ваш уклад у будаўніцтва краіны бясцэнны і бясспрэчны, — звярнуўся да педагогаў Віктар Іванавіч.

Свае віншаванні адрасавала калегам начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак, старшыня абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Мікалай Мікалаевіч Башко. Асаблівая ўвага ў гэты дзень чакала ветэранаў педагагічнай працы — заўсёды жаданых гасцей на абласных форумах і святах. Ім былі адрасаваны словы падзякі не толькі за выхаванне маладога пакалення беларусаў, але і за тое, што падрыхтавалі сабе годную змену.

Педагогаў чакалі шматлікія ўзнагароды. Напярэдадні свята былі падпісаны дакументы аб узнагароджанні 160 педагогаў граматамі рознага ўзроўню.

— Прафесійнае свята — гэта асаблівы душэўны стан. Атрымаць у гэты дзень узнагароду вельмі хвалююча і прыемна, — дзеліцца ўражаннямі Нэлі Казіміраўна Шайнова, настаўніца іспанскай мовы ліцэя Барысава, якая атрымала на святочным мерапрыемстве Ганаровую грамату Мінаблвыканкама. — Радасна, што мы працуем і прыносім карысць краіне і дзецям.

Яркая канцэртная праграма стала цудоўным падарункам да прафесійнага свята і прыгожым завяршэннем мерапрыемства.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.