Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу “На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь за 2013 год”, які праводзіўся Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, Праўленнем Саюза будаўнікоў і Прэзідыумам Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловых будаўнічых матэрыялаў.
У юбілейным спаборніцтве бралі ўдзел 127 арганізацый. Архітэктурна-будаўнічы каледж у складзе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта быў прадстаўлены на ім адразу ў дзвюх намінацыях: “Арганізацыя года” і “Кіраўнік года” (у катэгорыі “Установы адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў для будаўнічай галіны”). У выніку ў намінацыі “Кіраўнік года” перамогу і ганаровы дыплом атрымаў дырэктар гэтага каледжа Канстанцін Андрэевіч Башаркін.
Дарэчы, нядаўна за высокі ўзровень адукацыйнага працэсу Архітэктурна-будаўнічы каледж Беларуска-Расійскага ўніверсітэта быў узнагароджаны дыпломам Магілёўскага гарвыканкама. Гэта прызнанне той значнай работы, якую вядзе навучальная ўстанова па падрыхтоўцы кадраў для будаўнічай галіны.
“Перамогі Архітэктурна-будаўнічага каледжа ў складзе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта — вынік дружнай зладжанай работы як унутры калектыву, так і з партнёрамі, — гаворыць дырэктар Канстанцін Андрэевіч Башаркін. — Каледж мае дзясяткі сумесных дагавораў не толькі з заказчыкамі кадраў, але і з навучальнымі ўстановамі — прафесійна-тэхнічнымі і вышэйшымі. Гэта дазваляе яму, з аднаго боку, абапірацца на шырокі вопыт галіны, а з другога — вывучаць рынак працы і дзейнічаць на апярэджанне”.
Напрыклад, Архітэктурна-будаўнічы каледж прымае на вучобу моладзь з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. Дамовы аб бесперапыннай падрыхтоўцы заключаны з прафтэхустановамі Магілёва, Оршы, Светлагорска, Гомеля, Клімавіч, Крычава, Ашмян, Салігорска, Слаўгарада, Капыля і іншых гарадоў. У 2013 годзе ў каледж было залічана 30 выпускнікоў згаданых устаноў, якія займаюцца па спецыяльным вучэбным плане са скарочаным тэрмінам навучання.
Акрамя таго, з мэтай бесперапыннай падрыхтоўкі спецыялістаў у каледжы заключаны дамовы больш чым з дзясяткам устаноў вышэйшай адукацыі, сярод якіх БДУ, БНТУ, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт і іншыя. Лепшыя выпускнікі Архітэктурна-будаўнічага каледжа маюць магчымасць атрымаць там адукацыю ў скарочаны тэрмін.
Дарэчы, у 2013 годзе 23 выпускнікі каледжа паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі на дзённае навучанне (9,9% ад агульнай колькасці выпускнікоў-бюджэтнікаў) і 122 выпускнікі — на завочнае навучанне (52% ад агульнай колькасці выпускнікоў на бюджэтнай аснове).
“Матываваныя маладыя людзі могуць выбудоўваць свой прафесійны шлях, рухаючыся па ступенях адукацыі, — тлумачыць Канстанцін Андрэевіч. — Вядома, што спецыялісты, якія ведаюць будаўніцтва ад рабочай прафесіі да ўзроўню інжынера, асабліва цэняцца ў галіне, а таму яны могуць разлічваць на вельмі хуткую кар’еру”.
Сёння Архітэктурна-будаўнічы каледж у складзе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта з’яўляецца асноўным пастаўшчыком кадраў для будаўнічай галіны Магілёўшчыны. Доўгатэрміновае супрацоўніцтва звязвае навучальную ўстанову з базавымі прадпрыемствамі “Будаўнічы трэст № 12”, “Лаўсанбуд”, “Магілёўаблсельбуд”, “Магілёўскі домабудаўнічы камбінат”, “Магілёўграмадзянпраект” і іншымі. Дагаворныя адносіны аб узаемным супрацоўніцтве спрыяюць таму, што гэтыя прадпрыемствы дапамагаюць каледжу ў падрыхтоўцы будучых спецыялістаў.
“Дзейнасць нашага педагагічнага калектыву накіравана на аптымізацыю адукацыйнага працэсу і забеспячэнне тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў, — расказвае дырэктар каледжа. — Дзеля гэтага актыўна ўкараняюцца і выкарыстоўваюцца інавацыйныя практыка-арыентаваныя тэхналогіі. Удасканальваецца работа па комплексным метадычным забеспячэнні спецыяльнасцей у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Актывізуецца работа па выкарыстанні электронных сродкаў навучання ў працэсе выкладання розных вучэбных дысцыплін. Дарэчы, з верасня 2013 года наш каледж з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па апрабацыі дыстанцыйнага навучання на завочным аддзяленні па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”.
У адукацыйным працэсе каледжа плённа выкарыстоўваюцца інфармацыйныя, камп’ютарныя тэхналогіі, асобасна арыентаваны педагагічны падыход, тэхналогіі модульнага навучання, праектнага навучання, рознаўзроўневага навучання, гульнявая тэхналогія, навучанне ў супрацоўніцтве, элементы тэхналогіі дыстанцыйнага навучання. Вынікам усіх інавацый з’яўляецца паспяховае выступленне каманды навучэнцаў каледжа на Рэспубліканскай алімпіядзе прафесійнага майстэрства па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”.
5 вучэбных кабінетаў і лабараторый каледжа аснашчаны станцыямі для інтэрактыўнага навучання, што дае навучэнцам магчымасць стаць актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу і на высокім узроўні распрацоўваць курсавыя і дыпломныя праекты. Кабінеты забяспечаны планшэтамі, плакатамі, макетамі, дзеючымі мадэлямі абсталявання, узорамі дакументацыі, нарматыўнымі і даведачнымі матэрыяламі. Для выканання практычнай часткі маецца сучаснае вучэбна-лабараторнае абсталяванне.
Вельмі важна, што чытаць найбольш складаныя курсы і праводзіць кансультацыі па дыпломным праектаванні ў каледж запрашаюцца выкладчыкі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, а таксама спецыялісты праектных інстытутаў і будаўнічых арганізацый. Такім чынам, навучэнцы каледжа разумеюць патрабаванні, якія прад’яўляюцца да выпускнікоў, і даволі сур’ёзна ставяцца да вучэбнай дзейнасці.
Для больш якаснага інфармацыйнага абслугоўвання вучэбнага працэсу ў каледжы ствараецца электронная бібліятэка. У інфармацыйнай базе сабраны электронныя версіі падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, метадычных матэрыялаў і рэкамендацый па дысцыплінах агульнагуманітарнага блока, блока агульнапрафесійных і спецыяльных дысцыплін.
У бібліятэцы ўстаноўлена 5 камп’ютараў, што дае магчымасць праз інтэрнэт працаваць з іншымі бібліятэчнымі фондамі. Ёмістасць электроннага каталога складае амаль 10 тысяч бібліяграфічных запісаў. Для аддаленых карыстальнікаў бібліятэка вядзе сваю старонку на сайце каледжа.
Каледж мае добраўпарадкаваны інтэрнат, і забяспечанасць месцамі іншагародніх навучэнцаў складае 100%. Вучэбна-вытворчыя майстэрні размешчаны ў асобным корпусе і ўключаюць у сябе майстэрні каменных, тынкавых, сталярных і малярных работ. Таксама ў каледжы маецца добрая спартыўная база: 2 гульнявыя залы, зала атлетычнай гімнастыкі, 2 ціры, тэнісны корт, пляцоўкі для гульні ў валейбол і міні-футбол, лыжная база, студэнцкі спартыўны гарадок. Усё гэта дазваляе моладзі актыўна займацца фізкультурай і спортам. Добра развіта таксама гуртковая сетка.
“Мы стараемся, каб нашы выпускнікі выходзілі ў вялікі свет не толькі прафесіяналамі, але і маральна выхаванымі людзьмі. Гэта мэта ўсяго нашага калектыву. Таму я лічу, што перамога ў конкурсе “На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь за 2013 год” — гэта наш агульны здабытак”, — адзначыў Канстанцін Андрэевіч Башаркін.
Галіна СІДАРОВІЧ.