Рэспубліканскі семінар на тэму “Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе ўстаноў вышэйшай адукацыі” прайшоў у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Пляцоўка для правядзення гэтага мерапрыемства была выбрана невыпадкова: БДУІР з’яўляецца лідарам у згаданым напрамку, і яго вопыт, безумоўна, выклікаў цікавасць ва ўдзельнікаў семінара — прарэктараў устаноў вышэйшай адукацыі.
Вучэбныя цэнтры БДУІР
будуць адкрыты для студэнтаў іншых універсітэтаў
Падчас семінара прадстаўнікі ўстаноў адукацыі змаглі непасрэдна азнаёміцца з вопытам БДУІР па выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у вучэбным працэсе. Для гасцей былі арганізаваны чатыры маршруты, у ходзе якіх яны паслядоўна наведалі вучэбныя цэнтры IT-кампаній, электронную бібліятэку, цэнтр відэаканферэнцсувязі і паглядзелі, як інавацыйныя тэхналогіі працуюць у штодзённым жыцці ўніверсітэта.
У выніку абмену думкамі ўдзельнікі семінара адзначылі, што граматнае выкарыстанне ў адукацыйным працэсе інфармацыйных рэсурсаў і паслуг інтэрнэту спрыяе ўключэнню студэнтаў у актыўны пазнавальны працэс, забяспечвае ім доступ да неабходнай інфармацыі, дазваляе фарміраваць уласнае аргументаванае меркаванне.
Паводле вынікаў семінара былі выпрацаваны прапановы па выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у навучальных установах. У прыватнасці, прапаноўваецца выкарыстоўваць магчымасці відэаканферэнцсувязі БДУІР для стварэння адзінага адукацыйнага кантэнту па вывучэнні розных дысцыплін. Таксама прапаноўваецца даць магчымасць студэнтам іншых універсітэтаў прайсці падрыхтоўку на базе вучэбных цэнтраў БДУІР.
Увогуле, трэба сказаць, што семінар атрымаўся вельмі насычаным цікавай і карыснай інфармацыяй. Вядома, можна было б тэзісна расказаць пра ўвесь ход гэтага мерапрыемства, але мне хацелася б спыніцца на двух дакладах, якія крыху выходзілі за межы заяўленай тэматыкі, але пры гэтым выклікалі вялікую цікавасць ва ўсіх удзельнікаў і справакавалі гарачыя дыскусіі. Безумоўна, можна па-рознаму інтэрпрэтаваць лічбы і факты, прадстаўленыя дакладчыкамі, але тое, што трэба выкарыстоўваць у рабоце з моладдзю, не падлягае сумненню.
Лічбавае пакаленне
“Вы працуеце на стратэгічным напрамку, і тэма, якую мы абмяркоўваем, таксама стратэгічная”, — звярнуўся да ўдзельнікаў семінара намеснік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксей Яўгенавіч Мацавіла.
Яго выступленне “Інтэрнэт-асяроддзе і сацыяльная самасвядомасць студэнцкай моладзі” грунтавалася на матэрыялах сацыялагічных даследаванняў ІАЦ. Насамрэч, усе ведаюць, што сучасная моладзь значную частку жыцця праводзіць у інтэрнэце, але надзвычай цікава паглядзець на гэты працэс праз прызму лічбаў і фактаў.
Так, паводле даследавання, амаль 86% студэнтаў карыстаецца інтэрнэтам штодня, астатнія — некалькі разоў на тыдзень. Мабільны інтэрнэт у Беларусі выкарыстоўвае 61% маладых людзей (у сталіцы — амаль 80%).
“Такім чынам, новае пакаленне не проста пагружана ў інтэрнэт, а ў прамым сэнсе носіць яго пры сабе”, — заўважыў Аляксей Мацавіла.
Аўтары даследавання пацікаваліся ў сталічных студэнтаў, што значыць інтэрнэт асабіста для іх, і тыя адказалі, што гэта, па-першае, крыніца інфармацыі (94%), па другое, магчымасць стасавацца (79,1%), па-трэцяе, спосаб бавіць час (52,%). Адметна, што амаль 43% рэспандэнтаў выкарыстоўваюць інтэрнэт для набыцця тавараў і паслуг, такім чынам, электронны гандаль пачынае адыгрываць істотную ролю ў жыцці маладых беларусаў. Магчымасць знайсці новых сяброў і аднадумцаў праз інтэрнэт пазначылі 23,6% апытаных. Амаль 20% выкарыстоўваюць інтэрнэт для дыстанцыйнай адукацыі, што таксама сведчыць пра значную папулярнасць такой формы навучання. І нарэшце, магчымасць выказвацца, пакідаць каментарыі і весці блогі адзначылі 17,8% маладых людзей. Больш як 11% вызначаюць інтэрнэт як спосаб зарабляць грошы.
“Апошняя лічба добра характарызуе эканамічныя паводзіны сучасных студэнтаў: так, многія займаюцца фрылансам і аказваюць розныя паслугі праз інтэрнэт (напрыклад, ВЭБ-дызайн, рэдагаванне тэкстаў і г.д.). Сёння гэты сегмент маладзёжнай эканомікі бурна развіваецца”, — адзначыў Аляксей Мацавіла.
Цікава, што каля паловы сталічных студэнтаў пераважна давяраюць інфармацыі, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце. Аляксей Яўгенавіч назваў гэты давер сітуацыйным: у адным выпадку інфармацыя выклікае давер, у іншым — не.
“Што да тэлебачання, то можна бачыць, што, з аднаго боку, у маладзёжным асяроддзі стала модным адмаўляць, як яны кажуць, “замбаскрынку” і гаварыць, што яны не глядзяць тэлевізар, — расказвае Аляксей Мацавіла, — але з другога боку, яны даволі добра ведаюць тэлевізійных зорак. Таму тэлебачанне, насуперак меркаванням, працягвае аказваць уплыў на свядомасць маладых людзей”. Паводле апытання, яму давяраюць 38% сталічных студэнтаў, але, улічваючы звычку адмаўляць тэлебачанне, у рэальнасці гэтая лічба можа быць большай.
Цікава, што зносіны ў інтэрнэце з сябрамі і знаёмымі моладзь ажыццяўляе пераважна на сайтах сацыяльных сетак (“Аднакласнікі”, “УКантакце” і г.д.) — на гэта ўказалі амаль 84% апытаных. Традыцыйныя сэрвісы абмену імгненнымі паведамленнямі (icq, m-agent, skype і г.д.) выкарыстоўваюць усяго 34,9%, форумы і чаты — 10,4%, галасавую і відэасувязь — 2,5% апытаных. Невялікая папулярнасць ІР-тэлефаніі, аднак, гэта характарызуе хутчэй не перавагі маладых людзей, а якасць айчыннага інтэрнэту: далёка не кожны сёння мае інтэрнэт патрэбных параметраў.
“Невысокі працэнт удзелу ў форумах і чатах гаворыць пра тое, што гэтыя камунікацыйныя пляцоўкі не для сучаснай моладзі, — заўважыў Аляксей Мацавіла. — Напрыклад, блогі — гэта ўвогуле культура 30-гадовых людзей, тых, хто далучыўся да інтэрнэту на пачатку 2000-х. А для цяперашніх студэнтаў асноўнай камунікацыйнай пляцоўкай, безумоўна, з’яўляюцца сацыяльныя сеткі”.
Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі даўно ўвайшлі ў адукацыйны працэс БДУІР і сёння аказваюць істотны ўплыў на якасць падрыхтоўкі спецыялістаў. Так, у 2003 годзе ва ўніверсітэце была адкрыта першая сярод устаноў адукацыі электронная бібліятэка (сёння ў БДУІР іх ужо тры).
У 2005 годзе распрацавана першае пакаленне электронных вучэбна-метадычных комплексаў па ўсіх дысцыплінах, што выкладаюцца ва ўніверсітэце. Такім чынам, студэнты БДУІР даўно не пішуць традыцыйныя канспекты, а маюць гатовыя тэксты лекцый.
Ва ўніверсітэце створана 29 сумесных лабараторый з вядучымі кампаніямі, якія дапамагаюць істотна павысіць якасць падрыхтоўкі будучых спецыялістаў. У БДУІР дзейнічаюць 7 сертыфікацыйных цэнтраў, дзе студэнты праходзяць навучанне па адукацыйных праграмах найбуйнейшых ІТ-кампаній свету, такіх як IBM, Microsoft, сеткавая акадэмія Cisco, SAP, National Instruments…
У 2011 годзе ў БДУІР быў адкрыты цэнтр відэаканферэнцсувязі, і зараз студэнтам чытаюць лекцыі, напрыклад, спецыялісты з Ілінойскай тэхналагічнай асацыяцыі (ЗША). Ну і, нарэшце, апошняе дасягненне ўніверсітэта: літаральна на днях падпісана пагадненне з амерыканскім бокам аб навучанні грамадзян ЗША выкладчыкамі БДУІР.
“Я не стаў бы, як некаторыя эксперты, дэманізаваць сацыяльныя сеткі і гаварыць, што яны адназначна негатыўна ўплываюць на моладзь, — заявіў Аляксей Мацавіла. — Насамрэч, рост папулярнасці сацыяльных сетак у інтэрнэце — гэта не прычына нейкіх змен у грамадстве, а іх наступства. Не грамадства мяняецца пад уплывам сацыяльных сетак, а сацыяльныя сеткі набылі папулярнасць па прычыне таго, што змянілася грамадства і характар сацыяльных сувязей у ім. Мы знаходзімся на той стадыі, калі распадаецца традыцыйная сацыяльная арганізацыя, уласцівая аграрным і індустрыяльным грамадствам, дзе мелі вялікае значэнне тэрытарыяльныя і кроўныя сувязі. Сёння ім на змену прыходзіць сацыяльная сувязь, заснаваная на ўзаемнай карысці, і сацыяльныя сеткі задавольваюць гэтую новую патрэбнасць грамадства”.
70% часу ў інтэрнэце сталічныя студэнты праводзяць менавіта ў сацыяльных сетках, пераважна ў “УКантакце”, дзе зарэгістраваны 93,5% студэнтаў (а ў сталіцы — практычна 100%). Відавочна, што сацыяльныя сеткі для беларускіх студэнтаў з’яўляюцца і асноўнай крыніцай інфармацыі, і асноўным асяроддзем для ўзаемаадносін.
“На пачатку 2000-х гадоў паявіўся спецыяльны тэрмін — “лічбавае пакаленне”, які характарызуе людзей, народжаных у эпоху бурнага развіцця інфармацыйных тэхналогій, — працягвае Аляксей Мацавіла. — Працуючы з пакаленнем, якое пагружана ў сеткавае асяроддзе, трэба абавязкова ўлічваць гэтую акалічнасць і весці дыялог на тэрыторыі студэнтаў, гэта значыць у сацыяльных сетках, выкарыстоўваючы адпаведны набор сеткавых інструментаў. Тут я магу спаслацца на вопыт, які мы атрымалі ў рамках сумеснага праекта з Міністэрствам адукацыі, Рэспубліканскім інстытутам вышэйшай школы і вядучымі ўніверсітэтамі. Праект называецца “Разумныя сеткі”. Так, у нас ёсць свая пляцоўка “УКантакце”, якая стала віртуальнай сеткавай экспертнай суполкай для маладых аналітыкаў. Пераважна ў інтэрнэце мы іх шукалі, у інтэрнэце і вядзём дыскусіі. Гэта вельмі каштоўны вопыт для нас, бо адна справа — чытаць развагі замежных экспертаў аб тым, як новыя тэндэнцыі адбіваюцца на свядомасці маладых людзей, і зусім іншая — сутыкнуцца з гэтым асабіста, працуючы непасрэдна з прадстаўнікамі новага пакалення. Такім чынам, вопыт работы ў сеткавым асяроддзі апраўдвае сябе: трэба ісці туды і працаваць там”.
Хакеры сёння ўжо не тыя
Вялікую цікавасць у прысутных выклікала таксама выступленне Алега Віктаравіча Слепчанкі, намесніка начальніка 3-га аддзела ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь (так званае ўпраўленне “К” па барацьбе з кіберзлачыннасцю). Выступоўца засяродзіў увагу на прафілактыцы проціпраўных паводзін моладзі ў інтэрнэт-прасторы.
“Нашы “падапечныя” — гэта зусім не маргінальныя асобы, а, наадварот, людзі, якія прайшлі праз універсітэты. Летась, напрыклад, мы раскрылі злачынную групу, арганізаваную менавіта студэнтамі”, — паведаміў Алег Віктаравіч, даючы зразумець, што кіберзлачыннасць — гэта не галівудскія фантазіі, а рэальныя дзеянні, якія могуць здзяйсняцца побач.
“Хакеры сёння ўжо не тыя, што былі раней, — заўважыў спецыяліст упраўлення “К”.— Першыя хакеры былі альтруістамі, якія імкнуліся кінуць грамадству інтэлектуальны выклік, паказаць свае веды і ўдаласць. Яны бескарысліва ўзломвалі чужыя рэсурсы, размяшчалі там нейкія смешныя карцінкі, каб паказаць неабароненасць тэхналогій. Сучасныя хакеры канчаткова камерцыялізаваліся, іх “работа” каштуе вялікіх грошай, і асноўнай мэтай узлому, DDoS-атакі, выкрадання інфармацыі з’яўляецца атрыманне прыбытку”.
Дарэчы, спецыялісты сцвярджаюць, што па прыбытках кіберзлачыннасць спакваля выходзіць на першае месца ў свеце, апярэдзіўшы такія традыцыйна прыбытковыя галіны, як продаж зброі, прастытуцыя і гандаль наркотыкамі. Па розных ацэнках, у 2012 годзе толькі расійскія кіберзлачынцы “зарабілі” каля 2 мільярдаў долараў.
“Мы цесна ўзаемадзейнічаем з замежнымі калегамі, напрыклад, у нас былі ў гасцях прадстаўнікі спецслужбаў Вялікабрытаніі, — расказвае Алег Віктаравіч Слепчанка. — Усе ўпэўнены, што кіберзлачыннасць — гэта плод добрай савецкай адукацыі. Пакаленне, якое на пачатку 90-х гадоў дасягнула ўзросту 23—25 гадоў, не маючы практычнага прымянення сваім ведам, пачало шукаць шляхі заработку і, на жаль, знайшло ў выглядзе кіберзлачыннасці. Заходнія спецслужбы асабліва хвалюе той факт, што калі на Захадзе часцей дзейнічаюць хакеры-адзіночкі, то на прасторах былога СССР кіберзлачынствы ўчыняюцца пераважна ў групах”.
Алег Віктаравіч расказаў, як у мінулым годзе ў міліцыю пачалі паступаць заявы ад грамадзян, маўляў, камп’ютар заражаны, аперацыйная сістэма заблакіравана, а на экране паяўляецца аб’ява прыкладна наступнага зместу: “МУС Рэспублікі Беларусь папярэджвае, што вы наведвалі парнасайты, у сувязі з гэтым ваш камп’ютар заблакіраваны і вам трэба заплаціць штраф на ўказаны электронны кашалёк”.
“Адразу хачу сказаць, што выявіць зламысніка ў падобным выпадку няпроста, — расказаў Алег Віктаравіч, — але нам літаральна за тры месяцы ўдалося выйсці на след і затрымаць гэтага чалавека. Ён аказаўся беларусам і, што асабліва дзіўна, магістрам тэхнічных навук — выпускніком аднаго з універсітэтаў. Парадокс заключаецца ў тым, што яму на працягу вучобы неаднаразова прапаноўвалі цікавую работу з добрым заробкам, але чалавек, відавочна, прагнуў адрэналіну або меў завышаную самаацэнку”.
Цікавы факт. Спецыялісты ўпраўлення “К” праводзілі адпаведнае даследаванне і выявілі, што 50% людзей, якія сталі ахвярамі кіберзлачынцаў, не звяртаюцца ў міліцыю. Калі ж пачалі высвятляць, у чым прычына, то аказалася, гэтыя людзі проста не ведалі, што дзеянні, накіраваныя супраць іх, з’яўляюцца злачынствам. Такім чынам, можна канстатаваць і тэхнічную, і юрыдычную неадукаванасць значнай часткі нашага насельніцтва.
“Што да сацыяльных сетак, то заклапочанасць выклікае менавіта “УКантакце”, дзе карыстальнікам дазволена ўсё: і парнаграфія, і экстрэмісцкія заклікі, — заявіў Алег Віктаравіч Слепчанка. — Паводле нашых звестак, каля мільёна беларусаў рэгулярна наведваюць гэтую сетку, і вядома, што гэта пераважна моладзь і дзеці. У Расіі таксама шмат незадаволеных, але юрыдычная казуістыка дазваляе ўладальнікам сеткі дзейнічаць у такім духу. Выйсце мы бачым у тым, каб развіваць беларускі сегмент інтэрнэту, ствараць кантэнт, цікавы моладзі. Вядома, каб пераманіць моладзь з рунэту, патрэбен неверагодны праект, але нам трэба ісці па гэтым шляху”.