Беларускі бок гатовы да абмеркавання любых праблем і пытанняў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са спецыяльным прадстаўніком Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Усходняй Еўропе Кентам Харстэдам.
“Я хачу яшчэ раз запэўніць вас, што мы будзем мець вельмі добрыя адносіны з арганізацыяй. Мы гатовы да абмеркавання любых праблем і пытанняў. І вы абсалютна можаце ні з кім не абмяркоўваць, не саромецца і задаваць самыя нявыгадныя, з вашага пункту гледжання, пытанні нам, мне, нашым уладам, асобным людзям, міністрам, якім вы лічыце патрэбным задаваць гэтыя пытанні. Мы будзем іх абмяркоўваць, будзем на іх рэагаваць”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
“Умова адна: мы суверэнная незалежная краіна і, як любая іншая краіна, як і ваша родная Швецыя, мы не можам згадзіцца або дапусціць, каб нас недзе штурхалі ў спіну, пануквалі намі, павучалі нас”, — падкрэсліў беларускі лідар. Пры гэтым ён заўважыў, што вучыцца чаму-небудзь у Беларусі гатовы. “А вось павучаць — мы гэта ўспрымаем, як і любая іншая краіна, негатыўна”, — дадаў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў Кенту Харстэду за разуменне, якое ён праяўляе ў адносінах да Беларусі. “Што тычыцца бяспекі еўрапейскай, рэгіянальнай, вы ведаеце наша стаўленне да многіх рэчаў, тэндэнцый у Еўропе. Вы ведаеце наша стаўленне да пытанняў бяспекі, вайны і міру, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы і далей будзем прытрымлівацца гэтай пазіцыі. І, паверце, для АБСЕ мы будзем добрай апорай тут, у цэнтры Еўропы, і мы будзем рабіць усё, каб у нашым агульным еўрапейскім доме быў мір і парадак”.
Паводле слоў прэзідэнта, неабходна тэрмінова нешта рабіць, каб неяк знізіць негатыўную тэндэнцыю, якая характарызуе напружанасць у Еўропе. “Мы прапанавалі абмеркаваць у якасці варыянта падысці да нейкага “Хельсінкі-2”, каб вядучыя краіны планеты, якія ўваходзяць у АБСЕ, селі за стол перагавораў і абмеркавалі далейшыя дзеянні па зніжэнні напружанасці на Еўрапейскім кантыненце”, — адзначыў беларускі лідар.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што фармулёўка “Хельсінкі-2” неабавязковая, і новы перагаворны працэс можна сфармуляваць неяк інакш. Аднак ён лічыць, што менавіта “Хельсінкі-2” было б зразумелым працягам ранейшага працэсу.
Спецыяльны прадстаўнік Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Усходняй Еўропе Кент Харстэд заявіў аб сваім асаблівым стаўленні да Беларусі і яе народа.
“Я рады зноў быць у Беларусі. Вы, напэўна, ведаеце, што я ўпершыню пабываў тут каля 25 гадоў назад. Я прыязджаў сюды ў розных якасцях. Спачатку яшчэ маладым студэнтам, потым як прадстаўнік ЮНІСЕФ, а затым неаднаразова як прадстаўнік АБСЕ, — сказаў Кент Харстэд. — І мне чамусьці здаецца, што я і ў будучыні буду сюды прыязджаць. Павінен прызнаць, што я вельмі добра стаўлюся да вашай краіны і вашага народа”.
Спецпрадстаўнік падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за паспяховае правядзенне ў Мінску летняй сесіі ПА АБСЕ ў ліпені мінулага года. “Гэта было цудоўнае мерапрыемства з вельмі добрым вынікам для ўсіх нас. Я сам быў актыўна ўключаны ў гэты працэс і асабліва задаволены бачыць той факт, што Беларусь стрымала сваё слова да літары па кожным з пытанняў. Першапачаткова былі тыя, хто сумняваўся, але потым жыццё паказала, што гэта было правільнае рашэнне правесці мерапрыемства тут, у Мінску”, — сказаў ён.
“Я думаю, што Беларусь мае добрыя магчымасці для пашырэння розных ініцыятыў. Што тычыцца “Хельсінкі-2”, то тут не без цяжкасцей, таму што ёсць шмат меркаванняў адносна пачатку такога працэсу. Лічу, у многіх сталіцах іншых дзяржаў на гэтым этапе думаюць над такой ініцыятывай”, — сказаў Кент Харстэд.
Пры гэтым ён адзначыў, што ініцыятыва “Хельсінкі-2” афіцыйна яшчэ не абмяркоўвалася ў фармаце ПА АБСЕ, у прыватнасці ў Бюро або Пастаянным камітэце. “Але я праінфармую Асамблею наконт гэтага пытання”, — падкрэсліў спецпрадстаўнік.
Па выніках праведзенай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, Кент Харстэд расказаў, што гэта размова з Прэзідэнтам Беларусі стала своеасаблівым працягам папярэдніх сустрэч. Было абмеркавана шырокае кола пытанняў, звязаных з выбарамі і выбарчымі працэсамі, важнасцю ўдасканалення выбарчага заканадаўства.
Закраналася тэматыка ўзаемадзеяння па лініі АБСЕ, у тым ліку ўключанасць Беларусі ў рамках мінскіх перагавораў і мінскіх пагадненняў.
“Мы таксама гаварылі пра будучыню. Я згадаў і пра тэматыку, звязаную са смяротнай карай. У нас было насычанае і шырокае кола пытанняў, якія мы сёння абмеркавалі”, — дадаў Кент Харстэд.