У ролі вучняў тры дні былі настаўнікі, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання прадпрымальніцкай культуры навучэнцаў праз арганізацыю сеткавых бізнес-супольнасцей”. У гімназіі Зэльвы адбылася сезонная школа для сельскіх педагогаў.
Такая форма метадычнай работы была выкарыстана ўпершыню. Галоўная тэма работы сезоннай школы — садзейнічанне развіццю прадпрымальніцтва і прадпрымальніцкіх навыкаў у падлеткаў, якія жывуць у сельскай мясцовасці. Дасягнуць гэтай мэты можна праз развіццё прафесій кампетэнцый сельскіх настаўнікаў.
У інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання прадпрымальніцкай культуры навучэнцаў праз арганізацыю сеткавых бізнес-супольнасцей” удзельнічаюць 14 навучальных устаноў, 11 з іх — з Гродзенскай вобласці.
— Гэты праект стаў лагічным працягам праекта “Укараненне мадэлі прадпрымальніцкіх кампетэнцый сельскіх школьнікаў ва ўмовах сацыякультурнага партнёрства”, які быў рэалізаваны ў нашай вобласці, — гаворыць намеснік начальніка цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людміла Кіўлюк. — Новы праект разлічаны на 2017—2020 гады. Акрамя навучальных устаноў Гродзенскай вобласці, у ім удзельнічаюць сельскія школы з Мінскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей. А месца правядзення сезоннай школы ў гімназіі Зэльвы выбрана невыпадкова: гэтая навучальная ўстанова інавацыйна працуе на працягу многіх гадоў, і такая дзейнасць знаходзіць падтрымку мясцовай улады.
— Зэльвенскі раён — сельскагаспадарчы, — гаворыць старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянцін Семяняка. — У прынятай Стратэгіі развіцця сельскіх тэрыторый Зэльвенскага раёна як адзін з прыярытэтных кірункаў вызначана павышэнне эканамічнай актыўнасці людзей, дадатковая адукацыя дарослых. Дзейнасць гімназічных бізнес-кампаній, выхаванне прадпрымальніцкіх кампетэнцый навучэнцаў добра спалучаюцца з бачаннем развіцця рэгіёна, у тым ліку з накіраванасцю на развіццё малога і сярэдняга бізнесу.
Адметнасцю сезоннай школы стаў удзел у яе рабоце студэнтаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, якія атрымліваюць спецыяльнасць “Сацыёлаг” са спецыялізацыяй “эканамічная сацыялогія” пад кіраўніцтвам навуковага кансультанта інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання прадпрымальніцкай культуры навучэнцаў праз арганізацыю сеткавых бізнес-супольнасцей” дацэнта кафедры эканамічнай сацыялогіі Інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ Галіны Бядулінай. Галіна Фёдараўна шмат сіл аддае развіццю і папулярызацыі студэнцкага цьютарства як інструмента фарміравання і развіцця прадпрымальніцкіх кампетэнцый навучэнцаў.
Члены валанцёрскага клуба студэнтаў-настаўнікаў “Бізнес-цьютар” правялі з настаўнікамі трэнінгі “Віды прадпрымальніцкай дзейнасці, іх асаблівасці і сферы прымянення”, “Прававыя формы развіцця прадпрымальніцтва”, “Прадпрымальніцкая ідэя як аснова камерцыйнага поспеху і яе выбар”, “Рызыкі ў прадпрымальніцкай дзейнасці”, “Як скласці бізнес-план”, “Уяўленне аб маркетынгу, яго значэнне і асноўныя этапы”.
Студэнтка Марыя Пракаповіч стала вядучай трэнінгу “Партрэт прадпрымальніка. Асобасныя характарыстыкі”. Педагогі актыўна ўключыліся ў работу і вызначалі, якія асацыяцыі ўзнікаюць пры згадванні прадпрымальніка і прадпрымальніцтва, вучыліся прыёмам правядзення трэнінгу, бо самі будуць выкарыстоўваць іх у рабоце са сваімі вучнямі.
— Важна не проста ўзбагаціць моладзь эканамічнымі ці фінансавымі ведамі, — гаворыць Галіна Бядуліна. — Важна мяняць мысленне, выхоўваць гатоўнасць да прадпрымальніцтва, яшчэ са школы фарміраваць у дзяцей прадпрымальніцкія кампетэнцыі як асобасны стан чалавека. І тут вялікая роля адводзіцца настаўнікам-інаватарам.
Галіна Фёдараўна азнаёміла ўдзельнікаў сезоннай школы з праграмай “4-Н”, ідэя якой зарадзілася ў ЗША ў мінулым стагоддзі і ахоплівае сёння 80 краін. Галоўная мэта праграмы — развіццё грамадзянскасці, лідарства, сацыяльнай адказнасці і жыццёвых навыкаў навучэнцаў пры дапамозе праграм навучання, заснаваных на вопыце і пазітыўным падыходзе да развіцця моладзі. Г.Ф.Бядуліна — выпускнік праграмы COMMUNITY CONNECTIONS — 2017 па тэме “Навучанне школьнікаў асновам прадпрымальніцкай дзейнасці” Універсітэта Дэтройта.
У творчай лабараторыі, якую правяла Галіна Фёдараўна, настаўнікі азнаёміліся з распрацоўкай сучасных форм прадпрымальнасці і прадпрымальніцкіх навыкаў у падлеткаў, якія жывуць у сельскай мясцовасці, па праграме 4-Н з улікам міжнароднага вопыту.
Трансляцыю вопыту працягнулі педагогі зэльвенскай гімназіі.
— Мы ставім задачу выхаваць такіх маладых людзей, якія вызначаюцца энергічнасцю, творчасцю ва ўсіх сферах дзейнасці, арганізатарскімі здольнасцямі, адрозніваюцца імкненнем спрыяць пры дапамозе інавацыйнай работы асабістаму поспеху і росту багацця краіны, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Таццяна Найдэр. — Мы ажыццяўляем мадэль сеткавай супольнасці школы, вышэйшай школы і грамадства. У гімназіі створаны рэсурс “ПрадпрымальнікRPO100”, навучанне дзяцей вядзецца праз коўч-цэнтр, квест-кампаніі, дыстанцыйныя курсы “МініБос”, факультатыўныя заняткі “Асновы прадпрымальніцтва”. Практычныя навыкі рэалізоўваюцца праз піяр-агенцтва, святочнае агенцтва, банк прадпрымальнікаў-ментараў, інтэрнэт-магазін. Праводзяцца заняткі па тайм-менеджменце, запланавана дзейнасць школы пітчынгу — магчымасць трэніравацца ў кароткіх выступленнях, вучыцца максімальна сцісла прэзентаваць сябе і свой праект.
У гімназіі арганізоўваюцца сустрэчы з мясцовымі прадпрымальнікамі, у ходзе бізнес-інтэрв’ю дзеці вывучаюць умовы адкрыцця ўласнай справы, атрымліваюць парады практыкаў. Усе матэрыялы такіх інтэрв’ю і майстар-класаў размяшчаюцца на канале YouTube, у сацыяльных сетках “УКантакце”, “Аднакласнікі”. Толькі ў “Аднакласніках” кожны відэаролік праглядзелі звыш 2600 разоў.
“Крок за крокам” — так назвалі бізнес-кампанію навучэнцы Геранёнскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна.
— Для сельскай школы дзейнасць бізнес-кампаніі — важны элемент падрыхтоўкі дзяцей да самастойнага жыцця. Гэта і прафарыентацыйная работа, і атрыманне новых кампетэнцый і ведаў, — гаворыць дырэктар Геранёнскай школы Людміла Станкуць. — Члены школьнай бізнес-кампаніі “Крок за крокам” вырабляюць сувеніры, упрыгажэнні. Зараз атрымалі запрашэнне стаць удзельнікамі абласнога свята “Дажынкі”, якое адбудзецца ў Іўі, і прадставіць там свае вырабы. Удзел у рабоце сезоннай школы дае педагогам новы карысны вопыт, новыя ідэі для работы, у тым ліку для правядзення тыдня прадпрымальніцтва ў школе.
Яшчэ два майстар-класы прайшлі ў аграсядзібе “Верас”. Яе гаспадар, Міхаіл Макей, расказаў пра асаблівасці вядзення сайго бізнесу, развіццё агратурызму, а гаспадыня Ірына — пра аздабленне сядзібы, таксама яна навучыла слухачоў сезоннай школы дэкарыраваць апрацоўчыя дошкі ў тэхніцы дэкупаж.
— У ходзе заключнай рэфлексіі ўдзельнікі прапанавалі працягнуць работу сезоннай школы, якая апраўдала сябе як інавацыйная форма дадатковай адукацыі сельскіх педагогаў, правесці яе і ў летні перыяд у іншым рэгіёне Гродзеншчыны, — расказвае Людміла Анатольеўна Кіўлюк. — Таксама ўдзельнікі адзначылі творчую атмасферу, якая паспрыяла з’яўленню новых крэатыўных ідэй, што будуць садзейнічаць папулярызацыі прадпрымальніцтва як паводзінскай мадэлі і жыццёвай стратэгіі вучнёўскай моладзі. Як адзначыў намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама Сяргей Лойка, многія прапановы педагогаў вартыя таго, каб увайсці ў стратэгію развіцця рэгіёна.
Далейшая сумесная праца ўдзельнікаў сезоннай школы працягнецца ў секцыі рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам “Інавацыйныя падыходы па фарміраванні прафесійных навыкаў студэнтаў, прадпрымальніцкіх кампетэнцый і прадпрымальнасці ў маладзёжным асяроддзі”, якая адбудзецца 13 снежня 2018гадоў у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Запланавана таксама правядзенне ў сакавіку 2019 года семінара-практыкуму на базе Залескай школы Смаргонскага раёна.
Па выніках работы будзе выдадзены дапаможнік “Асновы прадпрымальніцтва для школьнікаў”. Дапаможнік рыхтуецца да ўдзелу ў ХVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, прысвечанай Году малой радзімы.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.