ВУП павінен расці за кошт прадукцыйнасці працы і новай эканомікі

- 10:43Інфармацыйная гадзіна

Праект пастановы Савета Міністраў “Аб рэалізацыі задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2017 год” разгледжаны на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна пад старшынствам прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова, паведамілі ў прэс-службе ўрада.

У кастрычніку кіраўніком дзяржавы падпісаны ўказ аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2017 год. У дакуменце вызначаны важнейшыя параметры прагнозу, іх колькасныя арыенціры і сфармуляваны мэтавыя задачы на будучы год. “Кіраўніком дзяржавы даручана выбудаваць поўную матрыцу персаніфікаваных паквартальных задач на 2017 год, што мабілізуюць усю вертыкаль улады на дасягненне канкрэтных вынікаў. Ад урада і аблвыканкамаў патрабуецца арганізаваць работу кіраўнікоў усіх узроўняў, нацэліўшы іх на павышэнне эфектыўнасці вытворчасці тавараў і паслуг, зніжэнне затрат, нарошчванне і дыверсіфікацыю экспарту, стварэнне новых рабочых месцаў, прыцягненне прамых замежных інвестыцый, а таксама вырашэнне іншых прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны”, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Прэм’ер-міністр заявіў, што пры фарміраванні прагнозу на 2017 год вызначана структура прыросту ВУП. “Палавіна — за кошт росту прадукцыйнасці працы на дзеючых прадпрыемствах, істотнага скарачэння затрат, укаранення новых тэхналогій і ўдасканалення сістэмы кіравання, больш актыўнай і агрэсіўнай работы на знешніх рынках. Другую палавіну прыросту эканомікі плануем атрымаць за кошт так званай новай эканомікі. Фактычна гэтая задача вырашаецца праз развіццё малога і сярэдняга бізнесу, стварэнне новых прадпрыемстваў, новых рабочых месцаў, прыцягненне замежных інвестыцый. На гэтым грунтуюцца і мэтавыя задачы ў прадстаўленым праекце пастановы”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Гаворачы аб матрыцы персаніфікаваных паквартальных задач, прэм’ер-міністр адзначыў, што аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму неабходна ў сціслыя тэрміны прыняць усе неабходныя рашэнні па давядзенні ключавых паказчыкаў эфектыўнасці старшыням рай(гар)выканкамаў і кіраўнікам адміністрацый раёнаў у Мінску. “Асноўныя мэтавыя арыенціры вядомы. Прашу Белстат актыўна ўключыцца ў гэтую работу разам з Мінэканомікі і аблвыканкамамі для фарміравання поўнай і правільна структураванай матрыцы задач усёй вертыкалі ўлады”, — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.