Вялікая дата ў сям’і настаўнікаў

- 11:49Адукацыйная прастора

3 ліпеня 2017 года ў сям’і патомнага педагога Ніны Уладзіміраўны Азернікавай двайное свята: Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 90-гадовы юбілей.

Нарадзілася Ніна Уладзіміраўна Азернікава 3 ліпеня 1927 года ў Полацку ў сям’і настаўнікаў. Бацька, Уладзімір Канстанцінавіч, быў адным з першых выпускнікоў хіміка-біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Маці, Таццяна Іванаўна Азернікава (Вышынская), пасля заканчэння Полацкай жаночай гімназіі ў 1911 годзе стала выкладаць у пачатковых класах. У 1941 годзе Таццяна Іванаўна скончыла Аршанскі настаўніцкі інстытут, а Ніна Уладзіміраўна толькі 6 класаў. І тут грымнула вайна. У ліпені 1941 года, страціўшы абсалютна ўсю маёмасць, сям’я Азернікавых пешшу дабралася да Невеля і была эвакуіравана на Урал. На Урале бацькі Ніны Уладзіміраўны працавалі настаўнікамі ў сельскай школе, а сама яна з 1941-га па 1945 год вучылася ў 7—10 класах у раённым цэнтры, пасёлку Шчучча Курганскай вобласці. Сям’я верыла ў перамогу Чырвонай Арміі, і гэтая вера дапамагла ім выжыць у цяжкія гады. Яны з нецярпеннем чакалі той гадзіны, калі змаглі б зноў апынуцца на роднай полацкай зямлі.

Многія вучні Уладзіміра Канстанцінавіча і Таццяны Іванаўны аддалі сваё жыццё за незалежнасць Радзімы. А тыя, хто застаўся ў жывых, з цеплынёй успаміналі пра бацькоў Ніны Уладзіміраўны, якія з дзяцінства прывівалі ім пачуццё любові да Айчыны, патрыятызм, высокую чалавечую маральнасць. Адным з такіх вучняў быў Дзмітрый Васільевіч Цябут (1914—1987) — арганізатар партызанскага руху на Полаччыне, камандзір брыгады імя К.Варашылава, дзяржаўны дзеяч. За вялікі асабісты ўклад у сістэму адукацыі і грамадскую дзейнасць у пасляваенны час бацькам Ніны Уладзіміраўны было прысвоена званне “Заслужаны настаўнік школы БССР”. Акрамя гэтага, Таццяна Іванаўна была ўзнагароджана ордэнам Леніна, а Уладзімір Канстанцінавіч — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў”.

У жніўні 1945 года сям’я вярнулася ў Полацк. Калі выйшлі з цягніка, то ўбачылі не горад, а пустку і груды камянёў. Прытуліла іх сям’я вучаніцы бацькоў у доме, у якім ужо жылі 25 чалавек. Многія жыхары горада ў той час жылі ў зямлянках. Тыя, хто выжыў у гады нямецкай акупацыі і хто вярнуўся, дружна ўзяліся за аднаўленне горада. Прыбіралі руіны, аднаўлялі ацалелыя цагляныя дамы, школы, Дом афіцэраў, лазню, чыгуначны вакзал. Школы размяшчаліся галоўным чынам у аднапавярховых драўляных хатках. У цэнтры горада захаваўся скалечаны двухпавярховы маленькі будынак, у якім размясціліся дзве школы (№ 1 і № 7). Працавалі яны ў тры змены.

1 верасня 1945 года Ніна Уладзіміраўна паступіла ў Ленінградскі педагагічны інстытут імя А.І.Герцэна, які скончыла ў 1949 годзе па спецыяльнасці “Настаўнік матэматыкі і фізікі”. Важную ролю ў станаўленні Ніны Уладзіміраўны як матэматыка адыграла тое, што яна вучылася ў такіх выдатных вучоных, як Г.М.Фіхценгольц, І.П.Натансон, Я.С.Ляпін, І.З.Самінскі. Ніна Уладзіміраўна і сёння, у свае 90 гадоў, кансультуе па матэматыцы ўнукаў сваіх былых вучняў, можа рашыць любую задачу са школьнага курса матэматыкі. Ніне Уладзіміраўне пашанцавала, што яна праходзіла практыку ў ленінградскай школе № 24 у Героя Сацыялістычнай Працы заслужанай настаўніцы РСФСР Ніны Аляксандраўны Кірсанавай. У далейшым, ужо ў яе самой, будучыя настаўнікі, студэнты Полацкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, праходзілі практыку ў школе № 7. У гэтай школе Ніна Уладзіміраўна вучылася да вайны. Пасля заканчэння інстытута яна вярнулася ў родную школу і працавала там 33 гады. У гэтай школе вучыліся яе дзеці (Алена і Сяргей) і ўнучкі (Вольга і Дар’я), якія таксама сталі настаўнікамі. Цяпер гэта гімназія № 1 імя Францыска Скарыны.

Для мужа Ніны Уладзіміраўны, Мікалая Іванавіча Талакнова, дзень 3 ліпеня таксама з’яўляецца асаблівым. 17-гадовым хлопцам яму давялося выпрабаваць усе нягоды вайны. У складзе 1-га Украінскага фронту ён вызваляў Украіну, Венгрыю, Чэхію, ваяваў у Германіі, мае мноства ўзнагарод. Пасля дэмабілізацыі прыехаў у Полацк, удзельнічаў у аднаўленні горада. Пасля заканчэння Віцебскага педагагічнага інстытута ў 1954 годзе працаваў настаўнікам гісторыі ў школе і ў Полацкім кааператыўным тэхнікуме. У 1977 годзе Мікалай Іванавіч быў удастоены звання “Выдатнік народнай адукацыі”.

Любоў Ніны Уладзіміраўны і яе бацькоў да вучняў — гэта не проста прыгожыя словы, гэта клопат аб іх душэўным стане, жаданне прывіць імкненне да атрымання ведаў і навучыць карыстацца імі. Ніна Уладзіміраўна з гонарам называе прозвішчы і імёны сваіх вучняў і вучняў сваіх бацькоў: беларускага пісьменніка, грамадскага дзеяча, ганаровага грамадзяніна Полацка Аляксандра Ануфрыевіча Савіцкага (1924—2015); генерал-лейтэнанта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Уладзіміра Аляксандравіча Мацкевіча; педагога, дацэнта, члена Саюза беларускіх пісьменнікаў Анатоля Мікалаевіча Канапельку (1938—2002), прафесара доктара філалагічных навук Аляксандра Аляксандравіча Гугніна (працуе ў Полацкім дзяржаўным універсітэце); кандыдата навук дацэнта Мікалая Аляксандравіча Гугніна (працуе ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце) і іншых выдатных людзей, чый лёс звязаны з Полацкам.

Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Ніна Уладзіміраўна не можа і не хоча спакойна сядзець дома, яна заўсёды ў руху, ёй трэба дзейнічаць, адчуваць сябе патрэбнай не толькі для членаў сваёй сям’і, але і для грамадства. У цяперашні час Ніна Уладзіміраўна з’яўляецца ганаровым членам прэзідыума ветэранскай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі Полацка, вядзе актыўную дзейнасць, якая праводзіцца полацкай раённай ветэранскай арганізацыяй, удзельнічае ў акцыі “Гаварыце праўду аб вайне”. Яе нястомная праца неаднаразова адзначана ганаровымі граматамі і падзякамі ад Полацкага савета ветэранаў, аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага гарвыканкама, Полацкага раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Полацкага РКГА “БРСМ”. Сярод іх такія як “За асабісты ўклад у развіццё ветэранскага руху ў Полацку”, “За героіка-патрыятычнае выхаванне навучэнскай моладзі”, “За актыўную работу па сацыяльнай абароне і падтрымцы ветэранаў вайны і працы і развіцці ветэранскага руху ў галіне адукацыі”, “За захаванне спадчыны і традыцый полацкай зямлі” і інш. Узнагароджана медалямі “Ветэран працы”, “100-годдзе з дня нараджэння У.І.Леніна (за доблесную працу)”, “65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.

Ніна Уладзіміраўна жаданы госць на ўсіх урачыстых мерапрыемствах, заўсёды гатова прыйсці на дапамогу, падзяліцца сваім багатым жыццёвым вопытам, ведамі з усімі жыхарамі і гасцямі Полацка. Спадзяюся, што цікавы і ў той жа час цяжкі лёс Ніны Уладзіміраўны дапаможа пасляваеннаму пакаленню яшчэ лепш зразумець значнасць свята Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. А маладому пакаленню трэба памятаць, што не толькі матэрыяльныя каштоўнасці павінны хваляваць сапраўдных настаўнікаў, а самае галоўнае — павага і памяць сваіх вучняў.

Вольга ДАНІЛАВА,
выкладчык Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа.