Вялікая размова пра важнае

З нагоды Дня беларускай навукі міністр адукацыі сустрэўся з маладымі вучонымі

Размова ішла аб задачах і перспектывах універсітэцкай навукі, навукова-даследчых распрацоўках маладых вучоных і іх укараненні ў эканоміку.

Падзяку міністра адукацыі атрымала дацэнт кафедры «Падаткі і падаткаабкладанне» БДЭУ Марыя Шклярова.

Сёння ўніверсітэты займаюць годнае месца ў навуковай сферы краіны. Іх узаемадзеянне з рэальным сектарам эканомікі ажыццяўляецца праз рэсурсныя цэнтры, філіялы кафедр на перадавых вытворчасцях (у сістэме адукацыі іх ужо больш за тысячу), заключэнне прамых дагавораў паміж установамі адукацыі і базавымі арганізацыямі. Інавацыйная інфраструктура вышэйшай школы ўключае 17 галіновых лабараторый, 6 навукова-тэхналагічных паркаў, 2 цэнтры трансферу тэхналогій.

Міністэрствам адукацыі спецыяльна створаны міжгаліновы задачнік, у якім змяшчаюцца запыты прадпрыемстваў і арганізацый па стварэнні новых тэхналогій і вырашэнні праблемных пытанняў. У 2018 годзе ў рамках гэтага задачніка ўніверсітэты сістэмы адукацыі ажыццяўлялі работу па 55 напрамках.

Універсітэты і навуковыя арганізацыі Міністэрства адукацыі ўдзельнічаюць у выкананні 818 заданняў ва ўсіх 12 дзяржаўных праграмах навуковых даследаванняў. На гэтыя мэты з рэспубліканскага бюджэту выдзелена 15,2 млн рублёў (18% ад агульнага фінансавання фундаментальных даследаванняў у краіне). Трэць заданняў выконваецца сумесна з навуковымі арганізацыямі, падпарадкаванымі іншым органам дзяржаўнага кіравання, у тым ліку ўстановамі НАН Беларусі.

— Укараненне ў практыку праекта “Універсітэт 3.0” прывядзе да станаўлення ўніверсітэта новай фармацыі, захавае моладзь у навуцы, — адзначыў міністр Ігар Карпенка.

Эксперыментальны праект рэалізуецца ў сямі ўстановах: БДУ, БНТУ, БДУІР, БДЭУ, БДТУ, ГрДУ і Беларуска-Расійскім універсітэце. Ён прадугледжвае комплекснае развіццё навукова-даследчай, інавацыйнай і прадпрымальніцкай інфраструктуры ўніверсітэтаў у мэтах камерцыялізацыі вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці і стварэння інавацыйнай прадукцыі, якая мае попыт і камерцыйны поспех у краіне і за яе межамі.

— У 2018 годзе першы этап пераходу на мадэль “Універсітэт 3.0” завяршыўся распрацоўкай універсітэтамі дарожных карт па ўдасканаленні адукацыйнай і навуковай дзейнасці, падрыхтаваны пакет прапаноў па развіцці інавацыйнай інфраструктуры за кошт сродкаў Сусветнага банка развіцця, — паведаміў Ігар Васільевіч.

Ён адзначыў, што Міністэрствам адукацыі распрацавана комплексная сістэма матывацыі работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу да заняткаў навукова-педагагічнай дзейнасцю. Яна мае на ўвазе павышэнне памераў стыпендый аспірантам і дактарантам, павелічэнне працоўных затрат на навуковае кіраўніцтва аспірантамі (кансультаванне дактарантаў), павышэнне заработнай платы прафесарска-выкладчыцкаму складу, усталяванне штомесячнай выплаты непрацуючым пенсіянерам з ліку асоб, якія маюць навуковую ступень доктара навук і вучонае званне прафесара. Сістэма ахоплівае перыяд з 2019 па 2025 год.

— Моладзь — гэта лепшая інвестыцыя ў будучыню. Шукайце, прапануйце новыя ідэі, праекты для вытворчасці і сацыяльнай сферы, — звярнуўся міністр адукацыі да ўдзельнікаў сустрэчы. Ён запрасіў усіх да адкрытага дыялогу і абмеркавання хвалюючых праблем і прапаноў.

Міждысцыплінарны падыход

Загадчык кафедры “Гандлёвае і рэкламнае абсталяванне” БНТУ, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Аляксей Ермакоў заўважыў, што такім універсітэтам, як БДУ і БНТУ, прасцей пераходзіць на мадэль “Універсітэт 3.0”, бо там ужо створана неабходная інфраструктура. Так, у структуры БНТУ функцыянуе 120 кафедр, 29 навукова-даследчых лабараторый, некалькі навукова-даследчых інстытутаў. Пры пераходзе на мадэль 3.0 асобая роля нале­жыць універсітэцкаму тэхнапарку, які займаецца камерцыялізацыяй рашэнняў.

— Стаіць задача прыцягнуць маладых людзей у навуку, — гаворыць Аляксей Ігаравіч, — але ў навуковых цэнтрах усе працуюць у межах пэўнай тэматыкі. Так, яны далучаюць моладзь для рэалізацыі сваіх праектаў — заўсёды патрэбны свежыя галовы і рукі. Аднак бывае, што ў маладога чалавека ёсць уласная ідэя, якую ён хоча рэалізаваць, і яна выходзіць за межы тэматыкі кафедры. Што рабіць у такім выпадку, як дапамагчы?

— Для таго каб дапамагчы, патрэбен экспертны аналіз прапановы, разуменне таго, дзе гэта можа быць рэалізавана. І тут вельмі важна выходзіць на міждысцыплінарны ўзровень — многае можна вырашыць на стыку розных напрамкаў, — заўважыў міністр.

— Белдзяржуніверсітэту і БНТУ, напэўна, прасцей, паколькі там ужо ёсць свае прадпрыемствы, але ім пастаўлены глабальныя задачы. І яны павінны падцягнуць за сабой рэгіянальныя ўніверсітэты. Так, у БНТУ ўжо ёсць сумесныя навуковыя праекты з Беларуска-Расійскім універсітэтам — і гэтую работу трэба працягваць, — падкрэсліў Ігар Карпенка.

Вопытам распрацоўкі і рэалізацыі міждысцыплінарных праектаў падзялілася Таццяна Гараева, дацэнт кафедры “Эканоміка і кіраванне на вытворчасці” Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

— У 2016 годзе ў нашым універсітэце быў рэалізаваны першы міждысцыплінарны праект, у 2017 годзе іх было два, а летась студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі ГрДУ было распрацавана 12 міждысцыплінарных праектаў, — паведаміла Таццяна Юр’еўна. — Нам прасцей, ГрДУ — класічны ўніверсітэт, дзе ёсць 15 факультэтаў рознага профілю, здольных прапаноўваць найноўшыя распрацоўкі. Рэалізаваць іх намаганнямі адной кафедры было б немагчыма. Акрамя таго, нядаўна ва ўніверсітэце быў адкрыты навукова-тэхналагічны парк, і мы звязваем вялікія на­дзеі з гэтым новым суб’ектам інавацыйнай інфраструктуры.

У чым заключаецца асаблівасць міждысцыплінарных праектаў? Таццяна Гараева расказала, што ў рамках выканання курсавых і дыпломных праектаў студэнты розных профіляў аб’ядноўваюцца для вырашэння адной задачы.

— У прыватнасці, нашай кафедрай сумесна з факультэтам біялогіі і экалогіі, а таксама юрыдычным факультэтам быў напісаны бізнес-праект, які ўключаў тэхніка-эканамічнае, тэхналагічнае і прававое абгрунтаванне стварэння кавярні ў Гродне, — паведаміла Таццяна Юр’еўна. — З аднаго боку, гэта простая ідэя. Але яна была рэалізавана менавіта дзякуючы ўзаема­дзеянню студэнтаў, дзе кожны выконваў сваю частку работы. Затым яны ўсе разам абаранялі свой праект, і на публічнай абароне прысутнічалі заказчыкі кадраў, што дадаткова матывавала студэнтаў. Такім чынам, ва ўніверсітэце ствараюцца не абстрактныя праекты, пра якія студэнты забудуцца ў хуткім часе, а мае месца камерцыялізацыя ідэі і выхад на рынак. У міждысцыплінарных праектах эканамічны профіль вельмі запатрабаваны, бо сёння мала прыдумаць ідэю, важна разлічыць яе магчымы эканамічны эфект і правільна данесці да патэнцыяльнага заказчыка. Так, ва ўзаемадзеянні, студэнты вучацца адно ў аднаго, і разам яны могуць дасяг­нуць значна большага, чым паасобку.

— Гэта правільны падыход, — падтрымаў ідэю міністр адукацыі. — Вучоныя маю ць шмат выдатных ідэй, але часцей за ўсё яны не ве­даюць, як іх можна вывесці на рынак. Таму патрэбен юрыст, маркетолаг, мене­джар, які можа рухаць праект наперад. У рамках стратэгіі “Універсітэт 3.0” трэба таксама выходзіць на ўзаемадзеянне з іншымі ўніверсітэтамі, якія нават не абавязкова ў эксперыменце, але могуць стаць удзельнікамі цікавых сумесных праектаў.

Сеткавая адукацыя

Яшчэ адным рашэннем з’яўляецца сеткавая адукацыя, што мае на ўвазе выкарыстанне рэсурсаў некалькіх універсітэтаў і нават іншых навуковых арганізацый. Калі для работы студэнту ці даследчыку патрэбна пэўнае абсталяванне, але ва ўніверсітэце такога абсталявання няма, — ён павінен мець магчымасць паехаць ва ўстанову, дзе ёсць адпаведная лабараторыя і  правесці даследаванні.

— Зараз мы працуем над сеткавай картай, каб такая форма ўзаемадзеяння стала для ўніверсітэтаў звычайнай практыкай, — паведаміў міністр адукацыі. — Дзеля гэтага трэба вырашыць цэлы шэраг пытанняў. Напрыклад, пытанне з жыллём: студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, якія прыязджаюць у іншы горад, трэба нядорага і зручна размясціць. Так, у інтэрнаце на 800 месцаў, які зараз будуецца ў Студэнцкай вёсцы ў Мінску, 300 месцаў будзе зарэзервавана для сеткавага навучання. Гэтак жа і вучоны павінен мець магчы­масць прыехаць у лабараторыю іншага ўніверсітэта і спакойна працаваць два-тры тыдні, праводзіць даследаванні. А зна­чыць, трэба вырашыць пытанні з аплатай працы, камандзіровачнымі і г.д. Нюансаў шмат, але мы бачым рашэнні. Сеткавая адукацыя павінна пашырацца, бо яна дае ўніверсітэтам дадатковыя магчымасці для развіцця.

Узаемадзеянне з заказчыкамі

Старшы выкладчык Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта кандыдат тэхнічных навук Дзмітрый Жданаў нядаўна вярнуўся са стажыроўкі ў ЗША і падзяліўся сваімі назіраннямі.

— Мне спадабалася, як там працуюць з заказчыкамі кадраў, — сказаў Дзмітрый Аляксандравіч. — Два разы на год ва ўніверсітэце праводзіцца кірмаш прафесій, дзе работадаўцы і студэнты абменьваюцца інфармацыяй. Работадаўцы прадстаўляюць свае прадпрыемствы, расказваюць, якія навыкі яны хацелі б бачыць у маладых спецыялістаў. Студэнты дэманструюць свае магчымасці і ў выніку разумеюць, якія навыкі ў іх на гэты момант адсутнічаюць, што ім трэба дабраць. Кожны студэнт можа звярнуцца на сваю кафедру і сказаць, якія дадатковыя курсы яму патрэбны, каб атрымаць пэўную работу. Калі гэта студэнт выпускнога курса, то ён рыхтуе да кірмашу ўласную прэзентацыю і можа перадаць патэнцыяльнаму работадаўцу на разгляд сваё рэзюмэ. Гэта добры вопыт, які можна пераняць.

Ігар Карпенка заўважыў, што такая форма ўзаемадзеяння з заказчыкамі выкарыстоўваецца і ў беларускіх універсітэтах.

— Мы праводзім кірмашы вакансій 15 гадоў, — паведаміў рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Уладзімір Шымаў. — Штогод у іх прымае ўд зел больш за сотню буйных работадаўцаў. Як вынік, маем 100-працэнтнае размеркаванне. Ніколі не было, каб нехта не размеркаваўся. Вопыт ёсць, таму калі вам цікава — калі ласка, прыходзьце да нас у кастрычніку.


Сустрэча міністра адукацыі з маладымі вучонымі выйшла за межы запланаваных дзвюх гадзін. Удзельнікі гаварылі аб праблемах, якія іх хвалююць, задавалі пытанні, выказвалі прапановы. Атрымалася вялікая, карысная для ўсіх размова.

Міністр адукацыі ўручыў маладым вучоным граматы і падзякі і павіншаваў усіх з надыхо­дзячым святам — Днём беларускай навукі.

Галіна СІДАРОВІЧ.=
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.