Вялікая сіла малой радзімы

- 11:50Краязнаўства

Пад такой назвай у суботу на базе Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры прайшоў гарадскі краязнаўчы фестываль устаноў адукацыі Мінска. Мерапрыемства, арганізатарамі якога выступілі камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскі дзяржаўны турыстычна-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, стала своеасаблівым падвядзеннем вынікаў работы юных краязнаўцаў сталіцы ў Год малой радзімы.

Краязнаўцы — гэта вялікая і дружная сям’я. Нядзіўна, што фестываль прайшоў у цёплай, па-дамашняму ўтульнай атмасферы. Сябры (менавіта гэтае слова найбольш дакладна характарызуе ўдзельнікаў мерапрыемства, настаўнікаў і вучняў з усіх раёнаў Мінска) сустракаліся, віталіся, шчыра ўсміхаліся і, безумоўна, дзяліліся вопытам арганізацыі краязнаўчай работы, правядзення даследаванняў малой радзімы. Праграма фестывалю прадугледжвала работу інтэрактыўных пляцовак, прэзентацыю музеяў устаноў адукацыі Мінска, выступленне творчых фальклорных калектываў, цырымонію ўзнагароджання ўдзельнікаў гарадскога этапу Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ “Спадчына Беларусі” і гарадскога конкурсу віртуальных музеяў “Гістарычная спадчына малой радзімы”.

— Фестываль з’яўляецца яркім пацвярджэннем таго, што нашы дзеці, наша моладзь, наша педагагічная грамадскасць ідуць у нагу з часам, і тая работа, якая праводзіцца ва ўстановах адукацыі разам з нашымі сацыякультурнымі партнёрамі, накіравана на захаванне гістарычнай памяці, усведамленне самабытнасці беларускага народа, яго гісторыі, культуры, духоўнай спадчыны. Своеасаблівая творчая справаздача за 2018 год прадэманструе нам яркія старонкі вашай работы. Захоўвайце і праносьце праз усё сваё жыццё, перадавайце наступным пакаленням тыя веды і тую любоў да сваёй краіны, якую вы атрымліваеце падчас краязнаўчай дзейнасці, — звярнуўся да ўдзельнікаў фестывалю першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Віталь Аляксандравіч Прыгодзіч.

Не сакрэт, што любая справа будзе эфектыўнай, калі яна праводзіцца разам, найбольшай колькасцю зацікаўленых асоб, арганізацый. Гэта тычыцца ў тым ліку вывучэння малой радзімы. Сяброўскія адносіны на краязнаўчай ніве ва ўстановах адукацыі сталіцы склаліся з установамі культуры, што і пацвердзіла правядзенне фестывалю на базе Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры (з прывітальным словам да юных краязнаўцаў звярнуўся яго дырэктар Міхаіл Леанідавіч Рыбакоў), а таксама Мінгардаведкай. Па словах дырэктара ўнітарнага прадпрыемства Барыса Анатольевіча Васільева, ужо некалькі гадоў разам з установамі адукацыі ідзе работа па рэалізацыі турыстычнага праекта “Карта госця”, які дазваляе ўсім аматарам падарожжаў і гісторыі нашай краіны найбольш эфектыўна спланаваць маршруты па адметных мясцінах як Мінска, так і ўсёй Беларусі.

Як паведаміла загадчык аддзела краязнаўства Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Ганна Цімафееўна Сажнева, у 2018 годзе ў мерапрыемствах краязнаўчай накіраванасці прынялі ўдзел больш за 2 тысячы навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і дадатковай адукацыі Мінска. Фестываль — гэта новая форма падвядзення вынікаў іх работы за год. У адным мерапрыемстве здзейснены своеасаблівы сінтэз. Гэта і прэзентацыя экскурсій пераможцамі гарадскога этапу конкурсу юных экскурсаводаў “З чаго пачынаецца радзіма”, і работа інтэрактыўнай пляцоўкі, прадстаўленне вопыту работы з сацыякультурнай сферай, узнагароджванне ўдзельнікаў краязнаўчых конкурсаў.

На інтэрактыўнай пляцоўцы невыпадкова свае экспазіцыі размясцілі сярэднія школы №№ 83 і 199, гімназіі №№ 22, 36 і 43. 2019 год — гэта 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (пра што расказваюць матэрыялы музея 83-й школы, якая носіць імя маршала Г.К.Жукава), а таксама 30-годдзе вываду савецкіх войск з Афганістана (гэтай тэматыцы прысвяціла сваю міні-экспазіцыю 43-я гімназія, на базе якой працуе музей памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў). З матэрыяламі музея Пімена Панчанкі, які дзейнічае на базе сярэдняй школы № 199, наведвальнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры змогуць азнаёміцца на працягу месяца (школьныя матэрыялы будуць тут часова экспанавацца). А вось 36-я гімназія прэзентавала мабільны дадатак VITAE MINSK — мультымоўны інтэрактыўны гід па Мінску, створаны калектывам педагогаў і навучэнцаў старшых класаў. Ужо цяпер можна спампаваць дэмаверсію дадатку на “Плэй маркеце” і здзейсніць захапляльнае падарожжа па адметных мясцінах беларускай сталіцы.

Фінальным і прыемным акордам фестывалю стала ўзнагароджванне пераможцаў гарадскога этапу конкурсу даследчых работ “Спадчына Беларусі” і гарадскога конкурсу віртуальных музеяў “Гістарычная спадчына малой радзімы”. У намінацыі “Духоўная культура” конкурсу “Спадчына Беларусі” пераможцамі сталі Дар’я Мардань з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк” Ленінскага раёна, а таксама Кацярына Краўцэвіч і Дар’я Казека з сярэдняй школы № 68 Заводскага раёна. У намінацыі “Матэрыяльная культура” лепшымі прызнаны работы Настассі Лагуноўскай з гімназіі № 8 Савецкага раёна і Арыны Румянцавай з сярэдняй школы № 164 Ленінскага раёна. У конкурсе віртуальных музеяў пераможцамі сталі музеі сярэдняй школы № 47 (Ленінскі раён), гімназіі № 25 (Заводскі раён) і сярэдняй школы № 83 (Маскоўскі раён). Святочны настрой падтрымліваў фальклорны калектыў “Мілавіца” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” Кастрычніцкага раёна.

Віншуем пераможцаў, а таксама ўсіх юных краязнаўцаў сталіцы, паколькі вывучэнне малой радзімы (куточка вялікага горада, дзе ты жывеш, невялікай вёсачкі, дзе нарадзіліся твае бацькі) — гэта заўсёды свята. Свята працягваецца, бо працягваецца Год малой радзімы.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.