Вялікія сем’і па-беларуску

- 11:13Выхаванне

Больш за 90 тысяч мнагадзетных сем’яў жывуць зараз у Беларусі. З іх 13 400 — у Мінску. А ў 2006 годзе гэтыя лічбы былі каля 58 тысяч і 3 тысяч адпаведна. Розніца вялікая і, канечне, станоўчая для сучаснага перыяду. Усе сем’і, дзе трое і больш дзяцей, ведаюць у Беларускай асацыяцыі мнагадзетных бацькоў і адпаведных рэгіянальных арганізацыях. Мінская гарадская арганізацыя, дарэчы, гэтымі днямі адзначае сваё 25-годдзе. Яе, як і рэспубліканскую асацыяцыю, з дня іх заснавання ўзначальвае Таццяна Аляксандраўна Краўчанка, сама маці пяцярых, цяпер ужо дарослых, дзяцей.

— У 1992 годзе з’явілася гарадская арганізацыя мнагадзетных бацькоў, — згадвае Таццяна Аляксандраўна. — За некалькі месяцаў да гэтага мы зарэгістравалі Фрунзенскую раённую арганізацыю (я тады жыла ў гэтым раёне), а ў кастрычніку — гарадскую. Мы з групай мнагадзетных маці выступілі ініцыятарамі стварэння і Мінскай, і Беларускай арганізацый. А было так: мая маці дзесьці прачытала аб’яву, што група мнагадзетных жанчын збіраецца на сустрэчу па пэўным адрасе на вуліцы Рэвалюцыйнай. І я прыйшла на гэтую сустрэчу. Памятаеце, які гэта быў цяжкі час? Савецкая сістэма падтрымкі сем’яў развалілася, новай яшчэ не было. Вось мы самі сабе і намагаліся дапамагчы, хацелі, напрыклад, атрымаць дачныя ўчасткі, каб садавіну і агародніну вырошчваць. Нас у Фрунзенскім райвыканкаме падтрымалі, нават накіравалі ў Наваполацк, каб пераняць вопыт у тамтэйшай арганізацыі мнагадзетных.

Так усё і пачалося. Пачыналі амаль з нуля, але ў Фрунзенскім раёне, на шчасце, існаваў сацыяльны фонд “Надзея”, які дапамагаў сацыяльна неабароненым грамадзянам, напрыклад, інвалідам. З ім пачалі супрацоўнічаць і мнагадзетныя сем’і. Спачатку ад актывістаў новай арганізацыі ў розных інстанцыях адбіваліся, як ад надакучлівых мух. А потым сітуацыя рэзка змянілася: на пачатку 2000-х стала зразумела, што нараджальнасць скарачаецца і гэта сур’ёзная пагроза стабільнаму развіццю дзяржавы.

— Убачыць маму з каляскай ці цяжарную жанчыну тады было не так проста, — згадвае мая суразмоўніца. — Прыкладна з 1990 года да сярэдзіны 2000-х такую сустрэчу можна было лічыць шчаслівай. Пачалася сур’ёзная падтрымка мнагадзетных сем’яў, распрацоўвалася праграма дэмаграфічнай бяспекі. А яшчэ раней быў вызначаны статус мнагадзетных сем’яў у новым Кодэксе аб шлюбе і сям’і, выйшаў указ па льготным будаўніцтве жылля для такіх сем’яў: ён тычыўся пагашэння часткі крэдыту, падоўжаных тэрмінаў выплаты, зніжэння працэнтнай стаўкі.

Праўда, да гэтага часу паспеў змяніцца склад мнагадзетных сем’яў. Калі да 90-х гадоў такія сем’і былі вельмі вялікімі: 70—80% іх мелі 4-х і больш дзяцей (да 15), то цяпер прыкладна такі ж працэнт мнагадзетных сем’яў складаецца з мамы, таты і трох малых. У Мінску, напрыклад, зараз больш за 500 жанчын, якія маюць пяцёра і больш дзяцей, узнагароджаны ордэнам Маці. Між іншым рашэнне аб вяртанні гэтай узнагароды для мнагадзетных маці калісьці таксама было прынята па ініцыятыве асацыяцыі мнагадзетных бацькоў.

А вось яшчэ цікавы факт з тых, што прывяла ў нашай размове Таццяна Аляксандраўна: многія беларускія сем’і маюць адно дзіця. І гэта, па яе меркаванні, можа быць добрым рэзервам для павышэння нараджальнасці ў краіне. Аднадзетная маладая сям’я заўсёды можа стаць двух-, а потым і мнагадзетнай. Праўда, многія зусім не спяшаюцца нараджаць другое дзіця. Як іх стымуляваць да гэтага? У членаў асацыяцыі мнагадзетных сем’яў ёсць прапанова: палову мацярынскага капіталу (у эквіваленце 5 тысяч долараў) даваць сем’ям пры нараджэнні другога дзіцяці, пры нараджэнні трэцяга — другую палову гэтага капіталу. Ці знойдзе гэтая ініцыятыва падтрымку ў дзяржавы, пабачым. Справа сур’ёзная і патрабуе сур’ёзнага падыходу.

Напярэдадні Дня маці Мінская гарадская арганізацыя Беларускага саюза жанчын сумесна з арганізацыяй мнагадзетных бацькоў правяла ІІ Форум маці Мінска. Жанчыны пабывалі на некалькіх прадпрыемствах горада, наведалі сацыяльныя ўстановы, правялі круглыя сталы, пленарнае пасяджэнне, прысвечанае дэмаграфічнай бяспецы, рабоце жанчын на вытворчасці, прафілактыцы і барацьбе з наркатычнай залежнасцю і інш. На гэтым жа пасяджэнні 24 мінчанкі атрымалі ордэн Маці. На сустрэчу была запрошана кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Н.І.Качанава.

Наогул жа сустрэчы, святы, іншыя мерапрыемствы мнагадзетныя бацькі, аб’яднаныя ў гарадскую арганізацыю, праводзяць круглы год. Так, да Дня маці штогод прымяркоўваецца віншаванне гараджанак, якія за мінулы год нарадзілі малых і сталі мнагадзетнымі або такім чынам яшчэ больш павялічылі свае ўжо мнагадзетныя сем’і. Гэта і падарункі, і пачастункі для жанчын, і віншаванні ад мэра горада, прадстаўнікоў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, удзел іншых гасцей, магчымасць атрымаць адказы на надзённыя пытанні ад спецыялістаў, якія прысутнічаюць на сустрэчы.

Ужо зараз у арганізацыі пачынаюць рыхтавацца да Новага года, нават паспелі аплаціць за кошт дабрачынных узносаў больш за тысячу падарункаў. Звычайна свята праходзіць у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, які бязвыплатна выдзяляе для мнагадзетных дзве залы, у выглядзе тэатральнага паказу. Ну, а пасля Новага года — 8 Сакавіка, Дзень сям’і, Міжнародны дзень абароны дзяцей, конкурс на лепшую мнагадзетную сям’ю. А яшчэ спартыўны фестываль на базе ўніверсітэта фізічнай культуры для мнагадзетных сем’яў, арганізацыя дапамогі мнагадзетным да 1 верасня. І, канечне, працягваецца штодзённая звычайная работа.

Так, перамяжоўваючы надзённыя справы са святамі, жывуць мнагадзетныя сем’і, жывуць і не сумуюць, тым больш што і сумаваць ім няма калі: вялікія сем’і — вялікія справы. Хутка лепшыя з іх выступяць у Мінску ў фінале ІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”. У склад журы фіналу запрошана і Таццяна Аляксандраўна Краўчанка. Значыць, хутка ўбачымся.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Мінскай гарадской арганізацыі
Беларускай
асацыяцыі мнагадзетных бацькоў.