Вянок у гонар класіка

- 11:04Адукацыйная прастора

Самыя нешматлікія з усіх музеяў устаноў адукацыі, але ў той жа час самыя творчыя, паэтычныя, узнёслыя, рамантычныя — гэта школьныя літаратурныя музеі і літаратурныя экспазіцыі. Лепшыя з іх былі вызначаны па выніках рэспубліканскага конкурсу акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

Такімі ж творчымі, паэтычнымі натурамі з’яўляюцца і кіраўнікі гэтых музеяў, сустрэча з якімі — сапраўднае свята для журналіста. Рыхтаваць арыгінальныя пытанні, каб разгаварыць кіраўніка літаратурнага музея, не трэба. Павітаўся — і ўключай дыктафон: табе могуць цэлымі гадзінамі творча, з імправізацыяй расказваць пра асаблівасці экспазіцыі, гісторыю яе стварэння. 44 цікавыя завочныя экскурсіі здзейснілі супрацоўнікі аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, калі знаёміліся з конкурснымі работамі (своеасаблівымі справаздачамі-экскурсіямі аб дзейнасці музея за 2015—2017 гады), дасланымі на фінальны этап. Журы ацэньвала сістэмнасць і лагічнасць падачы матэрыялу, эфектыўнасць і актуальнасць дзейнасці музея.

“Работа кожнага літаратурнага музея мае вялікае значэнне ў справе патрыятычнага выхавання навучэнцаў і праводзіцца на высокім узроўні. Аднак узровень конкурсных работ быў розны. Максімальную колькасць балаў атрымалі педагогі, якія найбольш поўна адлюстравалі ўсе напрамкі дзейнасці музея, выкарыстоўваюць традыцыйныя і сучасныя, інтэрактыўныя формы работы, паказалі планавую работу па выяўленні і зборы прадметаў музейнага значэння, камплектаванні фондаў і вядзенні ўліковай дакументацыі. Асабліва цікавыя работы даслалі ўстановы адукацыі Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. І гэта нядзіўна, паколькі на Міншчыне дзейнічае найбольшая ў краіне колькасць школьных літаратурных музеяў — 14, а ў Брэсцкай вобласці — 12. Чаго варты адзін толькі Уздзенскі раён: тут створана аж пяць літаратурных музеяў”, — паведаміла сакратар журы акцыі загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання РЦЭіК Аляксандра Яўгенаўна Кравец.

Адметнасць любога школьнага літаратурнага музея ў тым, што тут захоўваюцца даволі рэдкія, часта ўнікальныя экспанаты. Дзе яшчэ, акрамя музея А.А.Куляшова Новасаматэвіцкай сярэдняй школы Касцюковіцкага раёна, знойдзеш самавар, падораны паэтам сваёй маме? Толькі ў Новых Саматэвічах! У якім яшчэ музеі, акрамя гісторыка-краязнаўчага музея гімназіі Белаазёрска Бярозаўскага раёна, захоўваюцца ўнікальныя карціны, створаныя Нінай Мацяш у прыдуманым ёй стылі пёркаграфіі? Толькі ў Белаазёрску!

“Копіі карцін размешчаны на стэндах у стылізаванай форме крыжа, які сімвалізуе фізічныя пакуты паэтэсы (Ніна Іосіфаўна не магла хадзіць і перамяшчалася ў інваліднай калясцы). Цэнтральная перакладзіна змяшчае карціну, а на бакавых знаходзяцца вытрымкі з вершаў, што маюць афарыстычнае значэнне. Напрыклад, “Дасканаліць самога сябе азначае спрыяць дасканаленню свету цэлага” ці “Душа ў такой аддалечы лунае, куды зямное смецце не сягне”, — вось невялікая вытрымка з экскурсіі па музеі гімназіі Белаазёрска. Дарэчы, падчас яе гучаць словы не толькі вучняў-экскурсаводаў, але і голас самой Ніны Мацяш пра маму, тату, калі паказваюцца відэафайлы, што захоўваюцца ў фондах музея.

Цікавая экскурсія, прыгожа аформленая конкурсная работа, таму і вынік заканамерны: гісторыка-краязнаўчы музей гімназіі Белаазёрска (кіраўнікі С.А.Дземідовіч і Г.В.Скарына) стаў пераможцам у намінацыі “Літаратурная экспазіцыя” і заваяваў дыплом І ступені Міністэрства адукацыі. Другое месца ў гэтай намінацыі прысуджана гісторыка-краязнаўчаму музею “Вытокі” Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна (кіраўнік Т.А.Марцэвіч), трэцяе месца — гісторыка-краязнаўчаму музею Акцябрскай базавай школы імя В.Віткі Слуцкага раёна (кіраўнік М.А.Бенедзіктовіч).

“Скідзельшчына — самабытны куточак з багатай і цікавай гісторыяй. Гэтая зямля дала шмат таленавітых людзей. На ёй нарадзіўся паэт-рэвалюцыянер былой Заходняй Беларусі Міхась Васілёк. Для ўвекавечання яго памяці ў ліцэі створаны музей, дзе знаходзіцца багаты краязнаўчы матэрыял. У музеі праводзяцца экскурсіі “Я ўсяго Васілёк…”, “Свет кніг і свет у кнігах”, “Спатканне з талентам”. Вялікую цікавасць у гасцей выклікае касцюміраваная экскурсія “У марах, вершах — як наяве…”, дзе перад наведвальнікамі паўстаюць вобразы паэтаў і пісьменнікаў Заходняй Беларусі. У апошні час у музеі папулярнасцю карыстаюцца квесты”, — падзялілася ў конкурснай рабоце кіраўнік літаратурна-краязнаўчага музея Скідзельскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя А.М.Салей.

Вершы Васілька і выявы васількоў пры афармленні конкурснай работы… Усё цікава, арыгінальна, выдатна, таму і атрымаў музей дыплом І ступені ў намінацыі “Літаратурны музей”. Дыплом ІІ ступені — у літаратурнага “Музея Янкі Купалы на сеніцкай зямлі” Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы Мінскага раёна (кіраўнік М.А.Мазэпіна). Да афармлення конкурснай работы тут таксама падышлі арыгінальна і на суд журы справаздачу пра дзейнасць музея адправілі ў вялізным вянку, створаным у гонар паэта. Дыплом ІІІ ступені — у літаратурна-краязнаўчага музея “Аршаншчына літаратурная” сярэдняй школы № 15 Барані Аршанскага раёна (кіраўнік — супрацоўнік Аршанскага раённага цэнтра фізічнай культуры, турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі В.І.Валетава). Акрамя таго, 12 музеяў былі адзначаны дыпломамі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

“Настаўніцкая газета” далучаецца да віншаванняў і спадзяецца, што на старонках нашага выдання чытачы абавязкова здзейсняць завочную экскурсію па названых музеях.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.