Малады спецыяліст Аліна Заяц вучылася на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна. Свой педагагічны шлях дзяўчына пачала на малой радзіме ў дзіцячым садзе № 22 Рэчыцы ў якасці настаўніка-дэфектолага. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Менавіта ў гэтую дашкольную ўстанову хацела трапіць Аліна, бо тут моцная і сучасная база па профілі “Лагапедыя”. Крыху больш за палову выхаванцаў дзіцячага сада № 22 Рэчыцы маюць пэўныя псіхафізічныя асаблівасці развіцця. Усе яны атрымліваюць дапамогу прафесіяналаў. Ва ўстанове функцыянуе пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, спецыяльная група для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю, спецыяльныя групы для выхаванцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення, групы інтэграванага выхавання і навучання, якія наведваюць у ліку астатніх і малышы з РАС.
— Канчаткова з выбарам прафесіі вызначылася ў 10 класе. У гэтым мне дапамаглі бацькі, заўважыўшы маю любоў да маленькіх дзяцей, як я з імі гуляю, вучу і выхоўваю іх, — расказала Аліна. — На жаль, колькасць дзяцей з праблемамі ў развіцці пастаянна расце, таму прафесія дэфектолага ў сучасным свеце вельмі актуальная і запатрабаваная. Лагапедыя мяне зацікавіла яшчэ і таму, што яна аб’ядноўвае ў сабе педагогіку, псіхалогію і медыцыну. Паколькі я не хацела ад’язджаць далёка ад дома, з універсітэтам вызначылася хутка. Сёлета скончыла факультэт дашкольнай і пачатковай адукацыі Мазырскага дзяржаўнага педуніверсітэта па спецыяльнасці “Лагапедыя”.
Ва ўніверсітэце Аліна Заяц была членам студэнцкай навуковай групы “Аптыміст”, тры яе публікацыі былі размешчаны ў зборніках міжнародных навукова-практычных канферэнцый. У 2023 годзе дзяўчына ўзнагароджана дыпломам за лепшы даклад на секцыі “Актуальныя праблемы спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі” ХХХ Міжнароднай студэнцкай НПК “Ад ідэі — да інавацыі”, неаднаразова станавілася ўдзельніцай Рэспубліканскай студэнцкай алімпіяды па спецыяльнай адукацыі (з міжнародным удзелам).
— Новыя сустрэчы і інтарэсы, сучасны, абсталяваны ўсім неабходным кабінет, цікаўныя дзіцячыя вочкі… Лічу, што лёс падарыў мне гэтую прафесію, — дзеліцца Аліна. — Мне вельмі пашанцавала з педагагічным калектывам, які цёпла прыняў мяне ў сваю дружную сям’ю. У мяне вельмі дасведчаная і чулая старэйшая калега, якая аказвае мне падтрымку, — настаўнік-дэфектолаг Наталля Фёдараўна Каральчук.
Разважаючы аб якасцях, якімі павінен валодаць педагог, Аліна адзначыла:
— На мой погляд, ён павінен быць мудрым, цярплівым, аптымістычным. Праяўляць як дабрыню, так і строгасць у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі. Але нязменным павінна заставацца галоўнае — любоў да дзяцей.
З першых дзён работы ў дзіцячым садзе Аліна Заяц шукае падыход да кожнага малыша, імкнецца стаць кожнаму блізкім сябрам. Праводзіць заняткі ў практычнай форме з выкарыстаннем гульняў, эксперыментаў, праблемных сітуацый, камп’ютарных тэхналогій (прэзентацый, гульняў, відэаролікаў і г.д.). Вялікую ўвагу ўдзяляе супрацоўніцтву з бацькамі выхаванцаў, лічыць іх сваімі галоўнымі памочнікамі.
— Калі дзеці з радасцю ідуць да мяне на заняткі, значыць, я ўсё раблю правільна, — упэўнена педагог. — Плён ад сваёй працы і задавальненне ад яе ў поўнай меры адчую крыху пазней, калі ўбачу станоўчы вынік у развіцці дзяцей. Усім маім выхаванцам, незалежна ад таго, якую дарогу ў жыцці яны выберуць, абавязкова спатрэбіцца прыгожае і правільнае маўленне. Менавіта над яго ўдасканаленнем я штодзень з імі працую.
Загадчыца ўстановы Таццяна Стасевіч адзначыла:
— Як кіраўнік я ганаруся тым, наколькі ў нашым дзіцячым садзе зладжаная каманда настаўнікаў-дэфектолагаў (іх, дарэчы, восем). Аліна Дзмітрыеўна пакуль адзіны малады спецыяліст у нашым калектыве. Кожны супрацоўнік пры неабходнасці гатовы аказаць ёй дапамогу ва ўсіх пытаннях. Ужо зараз адчуваецца, што Аліна даволі дасведчаны і перспектыўны спецыяліст. Уражанні ад зносін з ёй самыя станоўчыя. Гледзячы на адносіны Аліны да справы, бачна, што яна сапраўды хоча, можа і будзе працаваць з дзецьмі.
Што тычыцца матэрыяльнай падтрымкі, то для маладых спецыялістаў устаноўлена даплата ў 20 працэнтаў ад акладу за работу па кантракце і адзін дзень дадаткова заахвочвальнага водпуску. Аліне Заяц да таго ж ідзе даплата ў 20 працэнтаў ад базавай стаўкі за работу з дзецьмі з АПФР і надбаўка ў 30 працэнтаў ад акладу як маладому спецыялісту, накіраванаму па размеркаванні.
Надзея ЦЕРАХАВА