Дамы з арыгінальнымі ліштвамі ёсць і ў вёсцы Хальч. Аднак галоўнай архітэктурнай жамчужынай гэтага куточка Веткаўшчыны з’яўляецца шыкоўны палац пачатку ХІХ стагоддзя.
Пабудаваны ў стылі класіцызму на высокім маляўнічым беразе Сожа, ён, нібыта магніт, прыцягвае да сябе розныя пакаленні мастакоў і фатографаў, краязнаўцаў і археолагаў (палац узведзены на месцы старажытнага гарадзішча), аматараў даўніны і проста турыстаў. Яшчэ Напалеон Орда наведваўся ў гэтыя мясціны і быў настолькі ўражаны краявідамі, што пакінуў для нас сваю замалёўку сядзібы. З таго часу палац быў адлюстраваны на сотнях карцін і тысячах фотаздымкаў. Канечне, у віхуры ХХ стагоддзя знешні выгляд будынка змяніўся і, на жаль, не ў лепшы бок. Але настаўнікі і вучні Хальчанскай базавай школы ўпэўнены, што рэстаўрацыя гэтай архітэктурнай жамчужыны Веткаўшчыны абавязкова будзе завершана і палац набудзе такі ж шыкоўны выгляд, як на карціне Напалеона Орды.
Для гэтага настаўнікі і вучні робяць усё магчымае. Разам з супрацоўнікамі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля яны ўдзельнічаюць у суботніках, добраўпарадкоўваюць прылеглую тэрыторыю, а таксама даследуюць гісторыю палаца і лёс яго былых уладальнікаў. І гэтае даследаванне прыносіць плённыя вынікі. Работы хальчанскіх краязнаўцаў рэгулярна перамагаюць у абласных і рэспубліканскіх конкурсах.
Пабудаваны ў стылі класіцызму на высокім маляўнічым беразе Сожа, палац прыцягвае да сябе розныя пакаленні мастакоў і фатографаў, аматараў даўніны і проста турыстаў.
Першая перамога была ў 2004/2005 навучальным годзе, калі ў школе было створана краязнаўчае аб’яднанне па інтарэсах “Спадчына”. Пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі, выдатніка адукацыі, а цяпер ветэрана педагагічнай працы Міхаіла Міхайлавіча Космыкава быў распрацаваны краязнаўчы маршрут па славутасцях вёскі Хальч “Мой родны кут…”. Гэтая работа была паспяхова прадстаўлена на фінальным этапе конкурсу па складанні краязнаўчых маршрутаў “Мой край”.
Нягледзячы на тое, што за 19 гадоў змянілася некалькі кіраўнікоў “Спадчыны” (сёння аб’яднанне ўзначальвае настаўніца гісторыі Алена Аляксандраўна Літвінава), краязнаўчы маршрут пастаянна дапаўняецца новай інфармацыяй, фактамі, фотаздымкамі з сямейных архіваў. Больш паглыблена вывучаюцца асобныя аб’екты вёскі. Такім чынам краязнаўчы маршрут ператварыўся ў маштабны праект пад лірычнай назвай “Душы запаветны куток…”. Дарэчы, у 2014 годзе за гэты праект Хальчанская школа атрымала дыплом ІІ ступені рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў “Мая малая радзіма”.
Прайшло амаль 10 гадоў, а мне і да сённяшняга часу помніцца, як хальчанская вучаніца ў вобразе паненкі расказвала членам рэспубліканскага журы конкурсу пра адметнасці роднага краю. Памятаю, як уразіў гэты аповед. Удзельнікі конкурсу, члены журы, журналісты нібыта перанесліся на бераг Сожа і прайшліся па мясцінах, дзе некалі прагульваліся прадстаўнікі знакамітага роду. Дзякуючы хальчанскім настаўнікам гэтую прагулку ўдалося здзейсніць у рэальнасці.
— У нашай школе асаблівая ўвага ўдзяляецца знаёмству з гісторыяй роднай вёскі. І гэта невыпадкова, бо вёска Хальч унесена ў абласны турыстычны праект “Залатое кальцо Гомельшчыны”. У самой вёсцы і яе ваколіцах знаходзіцца шэраг гісторыка-культурных і прыродных аб’ектаў, якія маюць рэспубліканскае значэнне. Сярод іх палац Войніч-Сенажэцкіх пачатку ХІХ стагоддзя, які яшчэ называюць панскім або белым домам. Відаць, раней ён быў белага, а не ружовага, як цяпер, колеру. Калісьці ў яго гаспадароў была карцінная галерэя, бібліятэка, архіў. За палацам быў разбіты пейзажны парк агульнай плошчай 15 гектараў, у якім расло мноства рэдкіх дрэў, кустоў і іншых раслін. У 1887 годзе гэтыя мясціны наведаў Напалеон Орда і намаляваў палац над Сожам. Зараз Хальчанскі палац уваходзіць у экскурсійны маршрут “Малое залатое кальцо Гомельшчыны”. Недалёка ад сядзібы быў разбіты вялікі фруктовы сад, да якога з параднай часткі палаца вёў перакідны падвесны мост. А яшчэ мясцовыя старажылы гавораць, што ад палаца ёсць падземныя хады, якія вядуць на супрацьлеглы бераг Сожа”, — паведамілі юныя краязнаўцы.
Калі падыходзіш да магутных калон параднага ўвахода, то здаецца, што палац цалкам цагляны. Аднак на самай справе цагляным з’яўляецца толькі першы паверх, другі — драўляны. Акрамя бібліятэкі, архіва, карціннай галерэі, у палацы былі спальні, пакоі для гасцей, прасторная сталовая з камінам, а сцены выкладзены драўлянымі панэлямі, над якімі віселі фамільныя партрэты. На другім паверсе знаходзілася вялікая светлая бальная зала. Цалкам верагодна, што столь гэтай залы ўпрыгожваў арыгінальны дэкор. Ганарыліся гаспадары банкеткамі ў стылі Людовіка XVI, мэбляй з чырвонага дрэва, калекцыямі дываноў, срэбра, фарфору, карцін і малюнкаў вядомых мастакоў таго часу. Але галоўнай, як модна цяпер гаварыць, фішкай палаца быў прасторны балкон, з якога адкрываўся шыкоўны від на пойму Сожа. Можна толькі ўявіць, як цудоўна было летам падчас балю выйсці на балкон і палюбавацца мясцовымі краявідамі.
На жаль, зрабіць гэта пакуль што не ўдасца, палац на рэстаўрацыі, але хальчанскія настаўнікі вераць, што яна завершыцца і палац зноў напоўняць гукі вальса. А танцаваць яны ўмеюць не менш цудоўна, чым даваць веды і выхоўваць (нездарма намеснікі дырэктара Алеся Леанідаўна Філімонава і Святлана Леанідаўна Страдаева, а таксама настаўніца гісторыі Алена Аляксандраўна Літвінава разам з вучнямі рэгулярна ўдзельнічаюць у балях праваслаўнай моладзі, што праходзяць у Гомелі, а таксама ў школьных мерапрыемствах “Баль у пана Халецкага”). Настаўніцы нават маюць бальныя сукенкі адзін у адзін, як у паненак ХІХ стагоддзя.
Педагогі спадзяюцца, што ў сценах палаца зноў загучаць мазуркі. А пакуль што яны працягваюць даследаваць гісторыю палаца, а таксама іншыя аб’екты спадчыны, якія засталіся ад мінулых пакаленняў. Гэта і Сялецкі роў на правым беразе Сожа з рэшткамі паселішча радзімічаў, і Лысая гара, дзе калісьці знаходзілася свяцілішча нашых прашчураў. Асобны напрамак — тэма Вялікай Айчыннай вайны.
Выхаваўчая работа ў Хальчанскай базавай школе праводзіцца вялікая і разнапланавая. Невыпадкова ўстанова адукацыі прызнавалася лепшай у раёне, а таксама адной з лепшых у вобласці па арганізацыі ідэалагічнай работы. Несумненна, яна яшчэ і адна з лепшых сельскіх школ краіны.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.