Вярнуўся з перамогай!

- 11:12Адукацыйная прастора

З трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы навучэнец Мазолаўскага дзіцячага-сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці Алег Хомчанка вярнуўся з перамогай: ён адзначаны дыпломам ІІІ ступені.

На пытанне, ці лёгкім быў гэты этап, хлопчык, усміхаючыся, адказвае: “Нічога, справіліся! Хочацца вельмі падзякаваць маёй настаўніцы матэматыкі Паліне Станіславаўне Свядомскай — за трывалыя веды, маім бацькам — за падтрымку, выказаць словы ўдзячнасці ўсім тым, хто ў мяне верыў і за мяне перажываў”.
Вядома, многае залежыць ад выкладчыка. Паліна Станіславаўна Свядомская мае за плячыма ўжо 38 гадоў педагагічнага стажу. Свой працоўны шлях яна пачынала настаўніцай матэматыкі яшчэ ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 49 (зараз Мсціслаўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 6). У гэтай установе адукацыі яна адпрацавала 33 гады. За час работы была неаднаразова ўзнагароджана граматамі, падзячнымі пісьмамі ўпраўлення адукацыі. І вось ужо на працягу пяці гадоў Паліна Станіславаўна працягвае свой прафесійны шлях у Мазолаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе настаўніцай матэматыкі. Пра яе ў калектыве кажуць: “Настаўніца з вялікай літары”. І гэта сапраўды так. Немагчыма ўявіць сабе перапынак, каб каля настаўніцы не стаялі навучэнцы. Усім хочацца даведацца штосьці новае. А Паліна Станіславаўна заўсёды рада сваім выхаванцам, гатова падказаць, дапамагчы, калі ў іх штосьці не атрымліваецца. Яе вучань Алег Хомчанка на працягу чатырох гадоў становіцца прызёрам другога этапу рэспубліканскай алімпіяды. І ў гэтым, вядома, заслуга і настаўніка, і навучэнца.
На пытанне “Ці верылі вы, што ваш выхаванец прывязе дыплом?” Паліна Станіславаўна з упэўненасцю адказвае: “Безумоўна! Мы ж займаліся штодзень”. І сам Алег вельмі творчы і самастойны вучань. Ён паспявае не толькі займацца любімай матэматыкай, але і асвоіў ігру на баяне і гітары, а таксама з цікавасцю займаецца ў калектыве “Вясёлыя лыжкары”, якім кіруе яго бацька А.М.Хомчанка.
Жадаем далейшых творчых перамог нашаму тандэму — таленавітаму навучэнцу і творчаму настаўніку!

Наталля ЛЕВАНЬКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Мазолаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.