Памятаю, як у школьныя гады падчас чарговага наведвання бібліятэкі нашым гуртком вясковы бібліятэкар сказала: “Дзяўчаты, а ці не жадаеце далучыцца да маіх даследаванняў пра мінулае нашага краю?” — “Канечне!” — ні на хвіліну не задумваючыся, у адзін голас згадзіліся мы. Цётка Валя была не проста бібліятэкарам, а цікавым жывым чалавекам, сапраўднай актывісткай. Яна беражліва збірала звесткі пра вядомых людзей нашай вёскі, рабіла выставы ў бібліятэцы, кіравала самадзейным ансамблем сельскага клуба і сама спявала так, што, здавалася, у такт ёй пачыналі іграць струны тваёй душы… Пра даўнія абрады і святы ведалі ўсе вяскоўцы, зноў жа дзякуючы цётцы Валі. Нас, школьнікаў, яна таксама заўсёды прыцягвала да ўдзелу, і новая прапанова бібліятэкара не магла нас не зацікавіць.
Мы даведаліся пра пана, які валодаў раней землямі, дзе цяпер стаяла наша вёска, пра яго маёнтак, ад якога засталіся толькі старыя дрэвы і прыгожая ўзгорыстая мясцовасць за аколіцай. Але самым цікавым для нас, падлеткаў, было важнае заданне: пагаварыць з вясковымі старажыламі, запісаць усё, што яны раскажуць пра мінулае.
Чаму так важна захаваць спадчыну? Таму што народ павінен ведаць сваю гісторыю, а кожны чалавек — свае карані, таму што пакінутае нам продкамі — гэта сапраўды каштоўны скарб, які ўмяшчае ў сабе вопыт, традыцыі, жыццёвую мудрасць.
Вельмі прыемна, што сёння таксама ёсць нямала людзей, якія даследуюць мінулае, пішуць гісторыю сваёй малой радзімы і, што важна, спрабуюць зацікавіць гэтым малодшае пакаленне. У першую чаргу гэта педагогі. На Гомельшчыне такіх энтузіястаў-настаўнікаў шмат. Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Ворнаўскай сярэдняй школы Кармянскага раёна Валерый Валер’евіч Варганаў — адзін з іх.
Выпускнік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова ўсю сваю дзейнасць прысвячае дзецям, любімай прафесіі і роднай Кармяншчыне. Проста выкладаць прадмет — гэта не пра Валерыя Валер’евіча. Ён настаўнік-метадыст, краязнаўца, займаецца пытаннямі методыкі выкладання гісторыі, вывучэннем і папулярызацыяй гістарычнай і духоўнай спадчыны роднага краю, аўтар шэрага майстар-класаў, якія праводзіць на раённым, абласным і рэгіянальных узроўнях. У гэтым годзе была зацверджана праграма факультатыўных заняткаў “Гісторыя Кармяншчыны”, створаная вясковым настаўнікам, ім былі падрыхтаваны і метадычныя матэрыялы да факультатыву.
Валерый Варганаў — аўтар шматлікіх публікацый у газетах і часопісах, а таксама кніг “Алімпіяды па гісторыі: з вопыту работы”, “Нарысы гісторыі Кармяншчыны”, “Методыка вывучэння Вялікай Айчыннай вайны”, “Настаўнік пасля ўрокаў”, “Тапанімічны слоўнік Кармянскага раёна” і інш.
Тапанімічны слоўнік — адна з самых цікавых і каштоўных прац. Нарадзіўся слоўнік напярэдадні святкавання 450-годдзя гарадскога пасёлка Карма, якое раённы цэнтр адзначыў летась. А папярэднічала гэтаму ініцыятыва вучняў Ворнаўскай школы, якія раней пад кіраўніцтвам Валерыя Варганава, свайго настаўніка гісторыі, склалі “Тапанімічны слоўнік зямель Ворнаўскага сельскага савета”. Дзеці з вялікай цікавасцю збіралі звесткі і вывучалі паходжанне назваў, вядомых з маленства. А колькі гордасці было ў юных даследчыкаў за сваю дзейнасць і разуменне таго, якую карысную справу яны робяць! Мабыць, натхнёныя такім вопытам, у раёне падхапілі ідэю. Настаўнікі гісторыі, рускай і беларускай мовы стварылі творчую групу, задзейнічалі сваіх вучняў — і пачалася вялікая работа.
— Актыўнае ўзаемадзеянне вучняў і педагогаў раёна дало свой плён, — гаворыць Валерый Валер’евіч. — Было зафіксавана і апрацавана каля паўтары тысячы мясцовых тапонімаў і мікратапонімаў, якія ўвайшлі ў “Тапанімічны слоўнік Кармянскага раёна”. І, паверце, гэтая акцыя значна актывізавала патрыятычную работу з вучнямі.
Настаўнік упэўнены, што такое даследаванне можа зацікавіць школы, краязнаўцаў, усіх тых, хто неабыякавы да нашай духоўнай спадчыны. На яго думку, сёння неабходна імкнуцца захаваць хаця б тое, што яшчэ можна захаваць. Дарэчы, з “Тапанімічнага слоўніка Кармянскага раёна” вырас яшчэ адзін праект — электроннае выданне краязнаўчага даведніка, які можа працаваць у інтэрактыўным рэжыме і пастаянна карэкціравацца, папаўняцца новымі артыкуламі, спасылкамі, ілюстрацыямі і інфармацыяй. Такім чынам, у вучняў цяпер ёсць магчымасць адправіцца ў захапляльнае віртуальнае падарожжа ў часе і прасторы, дзе перад імі пройдуць многія пакаленні, эпохі, людзі, стагоддзі. Акрамя таго, у слоўніку разам з тлумачэннем тапонімаў змяшчаюцца дакладныя гістарычныя звесткі аб населеных пунктах раёна — першых згадках у гістарычных крыніцах, аб уладальніках, гістарычных падзеях і гэтак далей.
— Па тапонімах мы можам вывучаць духоўныя традыцыі і побыт нашых продкаў у розныя гістарычныя перыяды, — тлумачыць Валерый Варганаў. — Таму многія тэмы ўрокаў могуць быць дапоўнены краязнаўчым матэрыялам, адкрытым самім вучнем і прадстаўленым у якасці гістарычнай даведкі, паведамлення, вучнёўскай даследчай работы. А гэта вялікі стымул для творчасці і далейшых краязнаўчых пошукаў.
Калі настаўнік зацікаўлены сам, ён абавязкова зможа зацікавіць вучняў. Тапанімічны слоўнік далёка не адзіная даследчая работа ворнаўскіх школьнікаў. Асаблівы ўклад унеслі яны разам са сваімі педагогамі і ў іншыя краязнаўчыя праекты, якія папярэднічалі юбілейнай даце райцэнтра. Пры дапамозе настаўніка гісторыі дзеці самі падрыхтавалі заданні да першай раённай краязнаўчай алімпіяды, прысвечанай датам вызвалення і перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, тым самым пацвердзіўшы веданне як гісторыі ўвогуле, так і гісторыі сваёй малой радзімы.
Цікавасць у мясцовых дзяцей да мінулага з’явілася невыпадкова. У Ворнаўскай сярэдняй школе адраджэнне нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей даўно стала асновай выхавання падрастаючага пакалення. Краязнаўства на ўроку і ў пазакласнай рабоце — галоўны напрамак і сродак грамадзянска-патрыятычнага фарміравання асобы вучня. Так лічаць педагогі вясковай школы. І гэта не проста словы. Увесь педагагічны калектыў працуе па краязнаўчай тэматыцы ў адпаведнасці з распрацаванай гісторыкам В.В.Варганавым праграмай “Наш край”. Так, пачатковыя класы працуюць па напрамку “Наш радавод”, настаўнік геаграфіі — па экалагічным краязнаўстве, настаўнік фізічнай культуры — па краязнаўчым турызме, выкладчыца абслуговай працы і выяўленчага мастацтва — па адлюстраванні побыту, духоўных традыцый і культуры ў выяўленчым мастацтве, філолагі працуюць над моўна-этнаграфічным багаццем і традыцыямі беларускага народа.
Што можа абудзіць у дзяцей цікавасць да мінуўшчыны? Перш за ўсё, лічыць Валерый Валер’евіч, гэта магчымасць дакрануцца да сваіх каранёў.
— Толькі вяртанне да сваіх вытокаў, зварот да свайго роду, сваёй малой радзімы, яе традыцый і спадчыны здольны выклікаць вялікую стваральную энергію, — упэўнены настаўнік. — Знаёмства з мясцовай гісторыяй дапамагае вучням адчуць прыналежнасць да роднай зямлі і нацыянальнай еднасці, повязь часоў і пакаленняў.
Сапраўды, жаданне даведацца як мага больш пра сваіх прашчураў, “адкапаць” нейкія таямніцы зямлі, на якой ты вырас і ўзгадаваўся, уласціва кожнаму пакаленню. Сучаснымі дзяўчатамі і хлопцамі авалодваюць тыя ж пачуцці, што ахоплівалі нас, трынаццацігадовых дзяўчынак, якія па загадзе бібліятэкара цёткі Валі збіралі ўспаміны старажылаў і запісвалі жаласлівыя песні, якія дайшлі ў вуснай форме да нашых дзён.
А яшчэ музей. Школьны этнаграфічны музей, у які мы цягнулі знойдзеныя недзе на паддашку ў бабулінай хаце ручнікі, посцілкі і дзіўныя для нас розныя прылады працы і побыту. Гэта якраз і ёсць прамы дотык да мінулага, пра які гаворыць ворнаўскі гісторык. І ў гэтым, мабыць, галоўны сэнс школьных музеяў. Такі музей не павінен быць проста для парадку, проста нейкім памяшканнем з шыльдай на дзвярах, якія адчыняюцца толькі ў нейкіх асаблівых выпадках. Ён павінен быць цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага выхавання школьнікаў, пры неабходнасці выкарыстоўвацца і ў адукацыйных мэтах. Як у ворнаўскай школе.
Два музеі — краязнаўчы і музей-мемарыял акадэміка АН БССР М.Д.Несцяровіча — добрая падмога педагогам не толькі ў мерапрыемствах пэўнага выхаваўчага кірунку, але і ў правядзенні ўрокаў, прыцягненні дзяцей да даследчай дзейнасці. Напрыклад, мемарыяльны пакой славутага земляка стаў асновай для даследчай работы аб ваенным лёсе будучага акадэміка, над якой працаваў настаўнік гісторыі разам са сваімі вернымі памочнікамі — вучнямі. На прыкладзе жыцця і дзейнасці знакамітага выпускніка школы вучні пачынаюць адчуваць гонар за родную зямлю, што нарадзіла такога чалавека, бачаць прыклад таго, якіх вяршынь можна дасягнуць, калі сумленна і нястомна працаваць.
— Перш чым выкарыстоўваць мясцовы гістарычны матэрыял у вучэбным працэсе, неабходна вызначыць яго месца, сувязі і суадносіны з агульнагістарычным матэрыялам, — дзеліцца вопытам настаўнік-метадыст. — Краязнаўчы матэрыял можа выкладацца на занятках як педагогам, так і выхаванцамі. Самае галоўнае, каб педагог пры сістэматычным уключэнні краязнаўчага матэрыялу ў адукацыйны працэс імкнуўся сфарміраваць у выхаванцаў пэўную сістэму ведаў пра родны край (галоўныя этапы яго развіцця, адметныя асаблівасці, месца і значэнне ў гістарычным развіцці краіны).
Яшчэ адным эфектыўным сродкам навучання і выхавання ў Ворнаўскай сярэдняй школе лічаць экскурсійную работу. Так дзеці паглыбляюць свае веды, лепш засвойваюць матэрыял, а іншы раз і маюць магчымасць на свае вочы ўбачыць тое, аб чым чыталі ў падручніку гісторыі. Вучні Валерыя Валер’евіча могуць пахваліцца цікавымі ўражаннямі, якія атрымалі, пабываўшы на месцах гістарычных падзей, каля гістарычных помнікаў, у музеях, архівах і бібліятэках, паблукаўшы па прыродна-ландшафтных комплексах.
Можна казаць, што сучасныя дзеці не цікавяцца мінулым, не разумеюць сувязі пакаленняў, што наогул іх інтарэсы абмяжоўваюцца гаджэтамі і сацыяльнымі сеткамі. Але гэта не больш чым адгаворкі пры нежаданні займацца пошукамі цікавых форм работы. Між тым прыдумваць тут асабліва не трэба: ёсць мноства простых, але эфектыўных метадаў. Вось вам невялічкая сельская школа. Але ж які размах! Тут зрабілі стаўку на краязнаўства — і, як бачым, гэта дапамагае не толькі настаўніку гісторыі, але і ў цэлым школе, паколькі на гэтым будуецца выхаваўчы працэс.
Валерый Валер’евіч Варганаў — чалавек незвычайны. Цалкам захоплены любімай справай і дзецьмі, ён на дзіва лёгка паспявае ісці ў нагу з часам, бясконца ўносіць нешта новае ў выкладанне прадмета, у краязнаўчую дзейнасць, у выхаванне сваіх юных падапечных. А яны плацяць яму сваёй любоўю, добрымі ведамі, дасягненнямі ў конкурсах, алімпіядах, навукова-даследчых канферэнцыях і проста дасягненнямі ў жыцці.
Наталля ЛУТЧАНКА.