Міжнародны антыкарупцыйны цэнтр, у задачы якога будзе ўваходзіць правядзенне расследаванняў адносна карумпаваных эліт і вяртанне ўкрадзеных актываў, будзе створаны ў Лондане. Аб гэтым паведаміла брытанскае інфармацыйнае агенцтва Press Association.
Паводле яго інфармацыі, падтрымку Вялікабрытаніі ў фарміраванні такога цэнтра акажуць ЗША, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, Швейцарыя і Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі (Інтэрпал). Агенцтва не прыводзіць дэталей, што тычацца функцыянавання цэнтра, аб стварэнні якога аб’яўлена на антыкарупцыйным саміце ў брытанскай сталіцы.
Усяго ў форуме прынялі ўдзел дэлегацыі 40 краін. Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў абмеркавалі шляхі актывізацыі міжнароднага супрацоўніцтва ў процідзеянні карупцыі, дыскусіі таксама прайшлі на тэму вяртання ўкрадзеных актываў, бенефіцыярнага валодання, дзяржаўных закупак, фінансавай празрыстасці.
З ліку сусветных лідараў на саміт прыбылі прэзідэнты Афганістана, Нігерыі і Калумбіі. У форуме таксама прынялі ўдзел прэзідэнт Сусветнага банка (СБ) Джым Ён Кім і дырэктар-распарадчык Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) Крысцін Лагард, а таксама дзяржсакратар ЗША Джон Керы.
Пытаннямі барацьбы з карупцыяй таксама вырашыў заняцца Міжнародны валютны фонд. Як паведаміў 10 мая на брыфінгу для журналістаў у рэжыме тэлеканферэнцыі дырэктар юрыдычнага дэпартамента МВФ Шон Хейган, да канца бягучага года Савет дырэктараў фонду павінен пачаць перагляд палітыкі на гэтым напрамку. Паводле яго слоў, адпаведнае даручэнне было дадзена вышэйшым кіруючым органам арганізацыі — Міжнародным валютна-фінансавым камітэтам.