З вопыту правядзення тыдня псіхалогіі
У зносінах і рабоце з людзьмі — дарослымі, падлеткамі, дзецьмі — існуе вялікая прастора для крэатыўнасці. Вы — псіхолагі, педагогі, выхавальнікі і адміністратары — маеце магчымасць кожны дзень сутыкацца з самым унікальным і шматгранным стварэннем на зямлі — чалавекам. Ад таго, як мы арганізуем гэтае акружэнне, створым атмасферу творчасці, радасці, у многім залежыць, як будзе развівацца асоба навучэнца. У нашай школе нараўне з прадметнымі тыднямі стала традыцыйным правядзенне тыдняў псіхалогіі. Навучэнцы атрымліваюць задавальненне і радасць ад нетрадыцыйных інтэрактыўных форм работы.
Метады работы, якія мы прымяняем у рамках правядзення тыдня псіхалогіі, спрыяюць аб’яднанню калектыву, ствараюць атмасферу ўзаемадапамогі. Пры планаванні правядзення тыдня псіхалогіі абавязкова ўлічваем адсутнасць сур’ёзных вучэбных і пазавучэбных мерапрыемстваў.
Псіхалагічны тыдзень дазваляе кожны раз паглыбіцца ў цалкам новую атмасферу. Пры правядзенні тэматычных дзён, якія прасякнуты агульнай ідэяй і ахопліваюць дзейнасцю ўсю школу, дзеці і дарослыя яднаюцца, іх ахоплівае пачуццё значнасці агульнай справы, адбываецца павышэнне псіхалагічнай культуры навучэнцаў і педагогаў. Для педагога-псіхолага гэта дадатковая магчымасць паказаць сваю работу не толькі з дзецьмі, але і з педагогамі, адкрыць для сябе новыя формы работы.У гэтым годзе ў нашай школе праведзены як мерапрыемствы, якія ўжо спадабаліся дзецям і педагогам, так і прыменены новыя формы работы. Правядзенне псіхалагічных акцый у школе спрыяе аб’яднанню калектыву, стварае атмасферу ўзаемадапамогі, даверу, прыязныхі адкрытых зносін усіх удзельнікаў вучэбнага працэсу. Прапаноўваю разгледзець некалькі псіхалагічных акцый і агульнашкольных гульняў з вопыту работы ў рамках правядзення тыдня псіхалогіі. Загадзя была праведзена планёрка з настаўнікамі і растлумачаны мэты і задачы мерапрыемства.
“Вясёлка настрою”. Нам трэба было настроіць школу на “псіхалагічную хвалю” праз новыя перажыванні і адносіны, навучыць выяўленню эмацыянальнага стану ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. “Вясёлку настрою” можна выкарыстоўваць на адкрыцці тыдня псіхалогіі.
На першым паверсе школы для навучэнцаў быў аформлены стэнд, дзе яны маглі адзначыць свой настрой каляровымі кружкамі. У настаўніцкай быў размешчаны плакат, дзе настаўнікі маглі адзначыць свой настрой у выглядзе розных тварыкаў або каляровых кружкоў. Апісанне настрою давалася побач з плакатам.
Школа ў гэты дзень была ўцягнута ў агульнае дзеянне, усе адчувалі адзінства, была відавочнай цікавасць да таго, што адбываецца.
“Сцяна пажаданняў”. Гэтая падзея выклікала вялікую цікавасць: ва ўдзельнікаў працэсу была магчымасць абмяняцца пажаданнямі і прапановамі паміж навучэнцамі класаў і настаўнікамі. Навучэнцы школы прыходзілі і пісалі пажаданні настаўнікам, псіхолагу і адміністрацыі школы. Да канца вучэбнага дня “сцяна” была размалявана цалкам. Акцыя доўжылася ўвесь дзень, потым ватман быў зняты і псіхолаг рабіў выбарку найбольш цікавых пажаданняў.
“Чароўная шкатулка”. З мэтай стварэння прыемнага адчування пасля мерапрыемства гэтую акцыю можна правесці ў канцы тыдня псіхалогіі. Для правядзення акцыі патрабуецца шкатулка і запіскі з добрымі пажаданнямі (як мага больш). Псіхолаг выбраў тэксты (пажадана, каб яны не залежалі ад полу, узросту, роду заняткаў). Надаць гэтай працэдуры загадкавасці і весялосці можна, закруціўшы лісток з пажаданнем і прыклеіўшы яго да карамелькі.
У шкатулку былі насыпаны запіскі. Псіхолаг прагульваўся са шкатулкай па школьных калідорах, прапаноўваючы ўнікальную магчымасць даведацца, што чалавека чакае ў будучыні. Усе жадаючыя з заплюшчанымі вачыма даставалі цукеркі, якія “прадказваюць” будучыню. У час правядзення акцыі ў школе панавала асаблівая добразычлівая атмасфера, і тое, што адбывалася, сапраўды можна назваць чараўніцтвам.
Конкурс калажаў “Хто мы такія?” Задачы — абменьвацца ўражаннямі і думкамі, праяўляць творчасць, развіваць уяўленне. Класным кіраўнікам і старастам класа яшчэ ў перыяд падрыхтоўкі тыдня псіхалогіі было аб’яўлена пра конкурс, які адбудзецца. Ім было прапанавана падрыхтаваць калаж або зрабіць малюнкі на тэму “Хто мы такія?”. Усе творчыя работы вывешваліся на агульны стэнд.
У панядзелак наступнага тыдня прайшла агульнашкольная лінейка, дзе было аб’яўлена пра закрыццё тыдня псіхалогіі, вызначаны зоркі тыдня.
Людміла БОНДАР,
педагог-псіхолаг 2-й катэгорыі Гарбавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Чавускага раёна Магілёўскай вобласці.