Выбар пляцоўкі праводзіўся ў строгай адпаведнасці з рэкамендацыямі МАГАТЭ

- 11:14Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Заявы аб неадпаведнасці пляцоўкі Беларускай АЭС стандартам бяспекі галаслоўныя, падкрэсліў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк, размаўляючы з беларускімі і замежнымі журналістамі на палях Міжнароднага форуму “Атамэкспа” ў Маскве.

“Выбар пляцоўкі праводзіўся ў строгай адпаведнасці з рэкамендацыямі МАГАТЭ. Мы неаднаразова пыталіся ў адказ на прэтэнзіі, які пункт рэкамендацый МАГАТЭ парушаны. Сказаць ніхто не можа”, — адзначыў намеснік міністра.

Міхаіл Міхадзюк звярнуў увагу, што Беларусь неаднаразова агучвала, чаму для будаўніцтва АЭС была выбрана менавіта пляцоўка ў Астраўцы. Не менш як дзесяць разоў адпаведная інфармацыя даводзілася ў адрас літоўскага боку.

Першапачаткова даследаванні для выбару пляцоўкі праводзіліся ва ўсходняй частцы Беларусі, затым разглядаліся і іншыя рэгіёны. “Як адзначалі эксперты МАГАТЭ, Беларусь правяла беспрэцэдэнтна вялікі аб’ём пошукаў, каб вызначыць месца будаўніцтва АЭС”, — падкрэсліў намеснік міністра.

Беларуская АЭС — праект па будаўніцтве атамнай электрастанцыі тыпу АЭС-2006, які рэалізоўваецца за 18 км ад Астраўца (Гродзенская вобласць). БелАЭС будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 (2х1200) МВт. У адпаведнасці з генеральным кантрактам, на будаўніцтва станцыі першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2018 годзе, другі — у 2020 годзе.