Выбары не павінны дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне

- 10:47Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі місіі АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі.

У сустрэчы прынялі ўдзел спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых наглядальнікаў АБСЕ на выбарах у Палату прадстаўнікоў намеснік старшыні ПА АБСЕ Кент Харстэд і кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за выбарамі Каэтана дэ Зулуета Оўтрам.

“Мы не хочам, каб выбары дэстабілізавалі абстаноўку ў краіне. Дзякуй богу, апошнія выбары ў нас да гэтага не прывялі. І я буду рабіць усё, каб так не здарылася і пасля гэтых парламенцкіх выбараў”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Нам многія і шмат раяць. Мы — добрыя вучні. Вучыцца ніколі не позна. Але мы будзем рабіць усё, каб было як мага лепш для беларускага народа, каб мы выконвалі і адпавядалі асноўным дэмакратычным крытэрыям такіх выбараў”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да кіраўнікоў місіі АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі, Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што іх місія будзе паспяховай, а выбары пройдуць сумленна і дастойна.

“Бяспека, сумленнасць і прынцыповасць — гэта галоўная задача прэзідэнта. І я буду рабіць усё, каб выбары ў нас прайшлі такім чынам і каб пасля выбараў наша краіна заставалася такой жа адкрытай, чыстай, сумленнай і бяспечнай”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго роля ў выбарчым працэсе як прэзідэнта ў тым, каб забяспечыць дакладнае і бездакорнае выкананне законаў і ўсяго заканадаўства Беларусі аб выбарах згодна з Канстытуцыяй. “Я гэта павінен забяспечыць. Гэта мае функцыянальныя абавязкі. Я павінен зрабіць усё, каб працэс галасавання быў сумленным, адкрытым і прайшоў у абсалютнай бяспецы. Каб людзі ішлі на выбары, як на свята”, — дадаў беларускі лідар.

“Я вельмі зацікаўлены, каб у наш парламент прыйшлі сапраўдныя прафесіяналы. Няважна, хто яны будуць па сваіх палітычных перакананнях. Паверце, у парламенце павінны працаваць людзі, якія ўмеюць працаваць і пісаць законы”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Вы добра знаёмы з парламенцкай работай. Я таксама быў дэпутатам. Гэта перш за ўсё заканатворчасць. І наш парламент гэтаму ўдзяляе асноўную ўвагу. Гэта самая галоўная яго задача. І ў гэтым плане я зацікаўлены, каб там былі прафесіяналы. За тыя гады, што я працую прэзідэнтам, я не магу сказаць, каб у нас быў непрафесійны парламент. Гэта былі патрыёты, якія цэняць сваю краіну і якія ўмеюць працаваць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“А палітычныя перакананні павінны садзейнічаць развіццю краіны. Калі гэта насуперак, то гэта ўжо не прадстаўнік народа”, — адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Кент Харстэд добра інфармаваны аб выбарах у Беларусі. “Можа, аб сітуацыі, якая складваецца на выбарах, разам са сваімі калегамі вы інфармаваны больш, чым я”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, наглядальнікам неабходна добра даведацца аб краіне, беларускім народзе, бліжэй азнаёміцца з самой сутнасцю выбараў у Беларусі. “Вы не першы раз на нашых выбарах. І гэта добра. І калі ў свой час мы даведаліся, што вы будзеце каардынатарам на выбарах, я такую кандыдатуру адобрыў, — заявіў прэзідэнт. — Хоць мне заўсёды гаварылі, што спадар Харстэд негатыўна ставіцца да нашага выбарчага працэсу, саміх выбараў, можа, і да краіны. Я гавару: ён у нас не першы раз, ён добра ведае Беларусь, ён ведае народ, чалавек ён дасведчаны і разумны — разбярэцца. І я не шкадую, што вы сталі каардынатарам”.

Прадстаўнік АБСЕ ў сваю чаргу падзякаваў прэзідэнту за магчымасць сустрэцца. “Вельмі важна абмяняцца думкамі на парозе такой важнай падзеі, — сказаў Кент Харстэд. — Я ўжо чацвёрты раз удзельнічаю ў якасці наглядальніка ў выбарчых кампаніях у Беларусі. Што хацелася б адзначыць — і я адлюстроўваў гэта ў дакладах — выбарчы працэс становіцца ўсё лепшым і больш адкрытым”, — падкрэсліў Кент Харстэд.

Паводле слоў наглядальнікаў, цяперашняя выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць у спаборніцкім духу і вызначаецца большай колькасцю прэтэндэнтаў на месцы ў парламенце. Спецкаардынатар асабліва адзначыў высокі ўзровень супрацоўніцтва ЦВК і МЗС Беларусі з місіяй АБСЕ, звярнуўшы пры гэтым увагу, што запрашэнне міжнародных наглядальнікаў на выбары мае важнае значэнне, а ўлады краіны максімальна адкрыты для супрацоўніцтва.

Кент Харстэд расказаў, што ўжо шмат разоў бываў у Беларусі, наведваў розныя рэгіёны краіны. “Беларусь — прыгожая краіна, і ў вас цудоўныя людзі”, — падкрэсліў ён.

Нагадаем, што выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання назначаны на 11 верасня.