Парламенцкія выбары ў Беларусі прайшлі ў адпаведнасці з усімі стандартамі дэмакратыі. Такое меркаванне выказаў вядомы расійскі грамадскі і палітычны дзеяч Уладзімір Якунін.
“Выбары былі праведзены ў адпаведнасці з усімі неабходнымі стандартамі дэмакратыі. Падабаецца камусьці ці не падабаецца — гэта факт”, — сказаў Уладзімір Якунін, адказваючы на пытанне аб яго стаўленні да выбараў і ацэнкі іх з боку заходніх дзяржаў і ЗША.
Праведзеныя выбары ў Беларусі, паводле яго слоў, паказваюць кансалідаванасць грамадства вакол прэзідэнта, вакол улады. “Лічу, што перад новым складам парламента і прэзідэнтам наперадзе вельмі няпростая работа”, — адзначыў ён.
Уладзімір Якунін прачытаў лекцыю студэнтам і выкладчыкам БДУ, у якой падрабязна спыніўся на пытаннях, якія тычацца ўстойлівасці палітычных сістэм ва ўмовах бягучага сусветнага крызісу.
Паводле яго слоў, Расія цяпер з’яўляецца моцнай дзяржавай, з якой у ваеннай сферы могуць канкурыраваць толькі ЗША.
“Многія замежныя СМІ трубяць аб тым, што Brexit выгадны Расіі, хоць на самай справе гэта не так. Чаму, калі ў свеце адбываецца штосьці негатыўнае, гэта абавязкова павінна быць выгадна Расіі?” — задаўся пытаннем Уладзімір Якунін.
Ён выказаў неўразуменне з’яўленнем у ЗША такой палітычнай фігуры, як Трамп, выказаў упэўненасць у павышэнні палітычнай і эканамічнай значнасці Кітая, адзначыў усё большую ролю Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў захаванні бяспекі ў Цэнтральнай Азіі і Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне.