Выбіраць педагогіку не выпадкова, а ўсвядомлена

- 11:08Актуально, Апошнія запісы

У мінулую пятніцу ў БДПУ імя Максіма Танка прайшло пасяджэнне працоўнага калектыву на чале з рэктарам універсітэта А.І.Жуком. Тэмай пасяджэння стала падвядзенне вынікаў мінулага навучальнага года і вызначэнне канкрэтных задач на наступны год па ўдасканаленні педагагічнай адукацыі. Па сутнасці, гэта была справаздача аб выкананні тых даручэнняў, якія былі дадзены калектыву ўстановы кіраўніком дзяржавы пры наведванні ўніверсітэта падчас святкавання яго 100-годдзя. У размове прынялі ўдзел віцэ-прэм’ер краіны Н.І.Качанава і міністр адукацыі М.А.Жураўкоў.

Стратэгія дзейнасці БДПУ імя Максіма Танка на найбліжэйшы час і на перспектыву вызначаецца дзяржаўнай задачай па ўдасканаленні педагагічнай адукацыі ў нашай краіне. На працэс удасканалення педагагічнай адукацыі, павышэння статусу і прэстыжнасці педагагічнай прафесіі сёння ўплываюць агульныя тэндэнцыі, якія адбываюцца ў сістэме айчыннай адукацыі, развіццё напрамкаў, якія характэрны сустветнай адукацыйнай прасторы, а таксама ўваход нацыянальнай вышэйшай школы ў Балонскі працэс. Кіраўніком нашай краіны быў вызначаны для рэалізацыі шэраг асноўных задач, якія паўплываюць на далейшае эфектыўнае развіццё айчыннай адукацыі, у тым ліку педагагічнай. У першую чаргу было даручана ўвесці асаблівы парадак паступлення на педагагічныя спецыяльнасці УВА асоб, якія прайшлі навучанне ў профільных класах педагагічнай накіраванасці, распрацаваць і зацвердзіць канцэпцыю развіцця педагагічнай адукацыі на 2015—2020 гады, узмацніць практыка-арыентаванасць падрыхтоўкі настаўнікаў праз увядзенне педагагагічнай практыкі з першага курса.Па ініцыятыве ўніверсітэта ў краіне з гэтага года адкрываюцца профільныя класы педагагічнай накіраванасці. Установа прадставіла Міністэрству адукацыі прапановы аб увядзенні асаблівага парадку прыёму на педагагічныя спецыяльнасці выпускнікоў педагагічных класаў.
— Мы прапаноўваем, — заявіў А.І.Жук, — каб навучэнцы, якія засвоілі праграму абавязковага факультатыву “Увядзенне ў педагагічную прафесію” ў аб’ёме 140 гадзін у 10—11 класах і якія маюць у атэстаце адзнакі не ніжэйшыя за 7 балаў і атрымалі накіраванні ад педагагічных саветаў, маглі паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без уступных іспытаў. Гэта дазволіць прыцягнуць у педагагічную прафесію матываваных і падрыхтаваных абітурыентаў, якія прыйдуць у педагогіку не выпадкова, а ўсвядомлена, па прызванні.
У мінулым навучальным годзе па ініцыятыве БДПУ былі адкрыты 4 педагагічныя класы фізіка-матэматычнага і філагагічнага профілю на базе гімназіі № 20 Мінска, а таксама вочна-завочнай педагагічнай гімназіі гэтага ўніверсітэта, дзе навучаліся 230 навучэнцаў Мінска і Мінскай вобласці. Цяпер колькасць такіх класаў істотна ўзрасла, і профільныя класы выйшлі за межы гэтых двух рэгіёнаў. Профільныя класы педагагічнага кірунку адкрываюцца па ўсёй краіне. Лідзіруюць Мінская, Гродзенская і Віцебская вобласці. На жаль, у Мінску адкрыта толькі 8 класаў, хаця патрэба ў педагогах, асабліва ў пачатковай школе, даволі высокая. У цэлым па краіне сёння адкрыта 97 педагагічных класаў, дзе навучаецца 1800 дзесяцікласнікаў.
У БДПУ распрацавана вучэбная праграма факультатыўнага курса “Увядзенне ў педагагічную прафесію” для гэтых школьнікаў, яна зацверджана галіновым міністэрствам і размешчана на адукацыйных парталах універсітэта і Міністэрства адукацыі. Там прадстаўлены метадычныя матэрыялы, распрацаваныя ўніверсітэтам у дапамогу настаўнікам, якія будуць рэалізоўваць гэтую праграму. Цяпер задача БДПУ, рэгіянальных універсітэтаў і інстытутаў развіцця адукацыі ў тым, каб дапамагчы педагогам, якія будуць весці гэты факультатыў, і з гэтай мэтай арганізоўваць нарады, семінары, курсы павышэння кваліфікацыі.
У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка нашай краіны ў БДПУ распрацавана і пасля шырокага абмеркавання Міністэрства адукацыі зацверджана канцэпцыя развіцця педагагічнай адукацыі на 2015—2020 гады. У канцэпцыі пастаўлены 5 асноўных задач. Гэта абнаўленне зместу бесперапыннай педагагічнай адукацыі, мадэрнізацыя форм, метадаў і тэхналогій адукацыйнага працэсу, удасканаленне падрыхтоўкі вучоных, пераход на кластарную мадэль развіцця бесперапыннай педагагічнай адукацыі, якая б дазволіла аб’яднаць патэнцыял адукацыі, педагагічнай навукі і практыкі, а таксама ўдасканаленне рэсурснага забеспячэння сістэмы педагагічнай адукацыі.
Прадстаўлены план мерапрыемстваў па рэалізацыі гэтай канцэпцыі. Яго выкананне дазволіць пераадолець тыя недахопы, якія існуюць сёння, дасягнуць сістэмных якасных змен у падрыхтоўцы педагогаў і стварыць эфектыўную бесперапынную сістэму педагагічнай адукацыі, пачынаючы з педагагічных класаў і заканчваючы дадатковай адукацыяй педагогаў. У якасці механізма эфектыўнага вырашэння пастаўленых задач разглядаецца пераход на кластарную мадэль бесперапыннай педагагічнай адукацыі, ужо зацверджана палажэнне аб гэтым кластары.
Віцэ-прэм’ер Н.І.Качанава адзначыла, што ўдасканаленню сістэмы адукацыі, у прыватнасці педагагічнай, сёння з боку кіраўніка дзяржавы і ўрада ўдзяляецца вялікая ўвага. Пацвярджэннем гэтага стала прадстаўленая канцэпцыя, рэалізацыя якой пачынаецца. Трэба прызнаць, што за апошні год статус педагога істотна ўзрос. Так, па выніках сёлетняй прыёмнай кампаніі сярод абітурыентаў павысілася папулярнасць педагагічных спецыяльнасцей, на якія конкурс быў даволі высокі. З улікам таго, што наша краіна мінавала дэмаграфічную яму і з кожным годам будзе павышацца нараджальнасць, колькасць школьнікаў у навучальных установах будзе з кожным годам узрастаць. Відавочна, што гэты факт патрабуе павелічэння колькасці педагагічных работнікаў. Ужо сёння ў навучальных установах адчуваецца недахоп педагогаў, асабліва ў сталічным рэгіёне. Так, напрыклад, установы дашкольнай адукацыі ўкамплектаваны педагагічнымі кадрамі з вышэйшай адукацыяй толькі на 30 працэнтаў. Не хапае настаўнікаў-прадметнікаў і настаўнікаў пачатковай школы ў сельскай мясцовасці. З улікам гэтай сітуацыі, адзначыла Н.І.Качанава, неабходна павысіць кантрольныя лічбы прыёму ва ўніверсітэты педагагічнага профілю, як гэта прапанаваў А.І.Жук.
— Неабходна ўлічваць патрэбы ў кадрах кожнай нашай галіны, — заявіла Наталля Іванаўна. — Тым больш што сёння міністэрствы эканомікі, працы і сацыяльнай абороны, адукацыі працуюць над канцэпцыяй падрыхтоўкі спецыялістаў, дзе галоўнай мэтай павінна стаць адпаведнасць падрыхтоўкі кадраў тым запытам, якія прад’яўляе сёння наша эканоміка з улікам зместавага насычэння і неабходнага ўзроўню якасці.
Напрыканцы сустрэчы Н.І.Качанава адказала на пытанні работнікаў БДПУ.

Ала КЛЮЙКО.