Выбраны парламент шостага склікання

- 15:32Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Парламенцкія выбары адбыліся ва ўсіх 110 выбарчых акругах Беларусі. Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.

Яўка выбаршчыкаў на выбарах у парламент склала 74,8%.

У абсалютных лічбах у выбарах прынялі ўдзел 5 212 745 выбаршчыкаў. “Магу сказаць, што гэтыя лічбы супадаюць у асноўным з той лічбай, якая была чатыры гады назад”, — заўважыла Лідзія Ярмошына.

Дэпутаты выбраны па ўсіх 110 акругах. У парламенце будзе прадстаўлена Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі (1 дэпутат), Беларуская патрыятычная партыя (3 дэпутаты), Аб’яднаная грамадзянская партыя (1 дэпутат), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (3 дэпутаты) і Камуністычная партыя Беларусі (8 дэпутатаў).

“Склад гэтага парламента абсалютна адэкватны і адпавядае складу грамадства”, — падкрэсліла старшыня ЦВК. Яна звярнула ўвагу, што ў новы склад перавыбраліся чыноўнікі, кіраўнікі, спартсмены, артысты, прадстаўнікі сферы медыцыны і адукацыі.

Агучыўшы папярэднія вынікі выбараў, Лідзія Ярмошына адзначыла, што на момант падвядзення канчатковых вынікаў ЦВК зможа прадставіць больш дэталёвую інфармацыю.

“Спадзяюся, мы ў гэту пятніцу зможам падвесці вынікі выбараў, і на працягу 30 дзён пасля правядзення выбараў, гэта значыць апошні магчымы дзень — гэта 10 кастрычніка, адкрыецца першая сесія Палаты прадстаўнікоў”, — праінфармавала старшыня ЦВК.