Выдадзены Новы Запавет на беларускай мове

- 10:55Інфармацыйная гадзіна

Пераклад Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на беларускую мову прэзентаваны ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Мінску.

У прэзентацыі прыняў удзел Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. “Можна сказаць, што гэтая кніга сёння з’яўляецца эталонам, таму што ў папярэдніх выдадзеных перакладах Свяшчэннага Пісання былі недахопы. Гэтае выданне — узор, які будзе служыць і ў далейшым людзям, якія імкнуцца пазнаць слова Божае і Свяшчэннае Пісанне. А для выдавецкага савета гэта падстава паразважаць, у якім фармаце яшчэ можна зрабіць гэтую кнігу, каб яна была даступна для шырокага кола чытачоў, багасловаў, гісторыкаў”, — сказаў мітрапаліт Павел. Паводле яго слоў, магчыма, кнігу варта перааформіць, выдаць на дзвюх мовах або ўключыць паралельна часткі тэксту, магчыма, дабавіць сюжэты з евангельскай гісторыі, каб кніга і візуальна прыцягвала чытача, стала настольнай для кожнага хрысціяніна.

Новы Запавет, перакладзены праваслаўнымі багасловамі і філолагамі на сучасную беларускую мову са старажытнагрэчаскага арыгінала, падрыхтаваны БПЦ да 500-годдзя з дня выдання першай кнігі Бібліі Францыскам Скарынам, і гэта сімвалічная падзея, падкрэсліў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч у сваю чаргу сказаў, што гэтая падзея можа стаць асновай для новых крокаў у аб’яднанні царквы з грамадствам, ва ўплыве царквы на развіццё суверэннай Беларусі. Важнай падзеяй для духоўнага жыцця беларускага народа назваў пераклад Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на беларускую мову начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Беларусі Васіль Чэрнік.

“Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста” — вынік саборнай перакладчыцкай дзейнасці членаў Біблейскай камісіі БПЦ, якія пачалі гэтую работу 25 гадоў назад па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта (Вахрамеева), цяпер Пачэснага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ў супрацоўніцтве з Біблейскім таварыствам у Беларусі. Пераклад зроблены са старажытнагрэчаскага тэксту, які традыцыйна ўжываецца ў Праваслаўнай царкве. У працэсе сваёй работы Біблейская камісія ўважліва аналізавала і ўлічвала ранейшыя спробы перакладу Свяшчэннага Пісання на беларускую мову. Выкарыстоўваліся таксама розныя пераклады Бібліі на рускую, украінскую, польскую, англійскую і іншыя мовы.

Выданне перададзена ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Кніга надрукавана тыражом 6 тысяч экзэмпляраў у добрым паліграфічным афармленні, з іх 500 экзэмпляраў — падарункавыя, у скураным пераплёце з залатым абрэзам.