Выдатны адпачынак

- 12:56Выхаванне, Выхаваўчая работа

Весела і заўзята юныя жыхары і педагогі Міншчыны адзначылі ў Вілейцы пачатак летняй аздараўленчай кампаніі.

На інтэрактыўных пляцоўках, якія размясціліся на цэнтральнай гарадской плошчы, кожны раён прэзентаваў напрамкі і формы работы з дзецьмі летам, дэманструючы традыцыі і асаблівасці сёлетняй аздараўленчай кампаніі. На Міншчыне яна пройдзе пад дэвізам “Лета патрыётаў”. Дарэчы, гэтым летам каля 60 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак вобласці змогуць весела і цікава правесці час у розных лагерах. У кожным раёне будуць працаваць абаронна-спартыўныя і ваенна-патрыятычныя лагеры, у іх рабоце прымуць удзел кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні. Акрамя таго, у многіх як школьных, так і стацыянарных лагерах прадугледжаны змены рознай накіраванасці: спартыўныя, духоўна-маральныя, мастацка-эстэтычныя, экалагічныя, турыстычныя, лінгвістычныя.

Так, у Мінскім раёне плануецца аздаравіць больш за 9 тысяч дзяцей. У 8 абаронна-спартыўных лагерах адпачнуць 250 падлеткаў. Ваенна-патрыятычная змена для 180 выхаванцаў абласнога ваенна-патрыятычнага клуба “Доблесць” і раённага клуба “Сокал” пройдзе ў стацыянарным лагеры “Белыя Росы”. Лагер “Галактыка” прыме 360 юных патрыётаў. У іх летнім распарадку дня страявая і агнявая падрыхтоўка, урокі самаабароны, заняткі з вайскоўцамі і экскурсіі. Праграма яшчэ 12 лагераў раёна складзена ў цесным супрацоўніцтве з вайсковымі часцямі, РАНС і ДАІ.

Безумоўна, не абыдзецца лета без гульняў, квестаў, экскурсій і іншых забаў. У Ждановіцкай сярэдняй школе педагогі летняга лагера “Сасновы бор” падрыхтавалі экскурсіі “Вязынка — радзіма Янкі Купалы”, міні-падарожжа па экалагічных сцежках, флэш-моб “Жыве на ўсёй планеце народ вясёлы — дзеці”, розныя квест-гульні, спартыўнае свята “Рух — гэта выдатна! Рух —  гэта жыццё!”. У лагеры “Непаседы” Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы школьнікаў чакаюць экскурсіі па Мінску і квесты, а таксама сустрэчы з дзіцячымі пісьменнікамі.

Першы ваенна-патрыятычны лагер “Фенікс” з’явіцца гэтым летам у Лагойскім раёне ў сярэдняй школе № 1 і прыме 15 выхаванцаў, а адзіны ў раёне абаронна-спартыўны лагер размесціцца ў Гасцілавіцкай сярэдняй школе. Пры гэтым у беларускай Швейцарыі назапашаны цікавы вопыт работы кругласутачных турыстычных лагераў. Гэтым летам яго возьмуць на заметку 19 устаноў адукацыі. Кожны дзень хлопчыкаў і дзяўчынак чакае займальнае падарожжа па новым маршруце з вывучэннем гісторыі, культуры, традыцый малой радзімы. Акрамя таго, юных жыхароў Лагойшчыны ў сярэдзіне чэрвеня чакае трохдзённы турзлёт з конкурсамі і выпрабаваннямі.

У Дзяржынскім раёне ў летніх лагерах адпачнуць больш за 3,5 тысячы дзяцей. Ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана работа лагераў з дзённым знаходжаннем дзяцей на любы густ: ваенна-патрыятычныя, грамадзянска-патрыятычныя, абаронна-спартыўныя. У лагеры працы і адпачынку “Пчолкі” Станькаўскай сярэдняй школы імя Марата Казея школьнікі змогуць не толькі адпачыць, але і зарабіць грошы на кішэнныя расходы, працуючы ў лясгасе. У тэматычным лагеры “Арт-акадэмія” на працягу ўсёй змены ў дзяцей будзе шанс праявіць сябе ў спевах, танцах, тэатральным мастацтве. Профільны лагер гімназіі Дзяржынска “Навука 4.0” збярэ інтэлектуалаў, якія арыентаваны на даследчую і навуковую дзейнасць і актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядным руху. У аздараўленча-профільным лагеры сярэдняй школы № 2 Дзяржынска выхаванцы наведаюць розныя прадпрыемствы ў рамках акцыі “Адзін дзень у прафесіі” і больш даведаюцца аб прафесіях медыка, дыспетчара, касіра.

На базе Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча размесціцца абласны профільны лагер “Ратавальнік”.

У Нясвіжскім раёне запланавана аздаравіць каля 1700 дзяцей. У школах будуць працаваць дзённыя спартыўна-аздараўленчыя лагеры. Кожная змена стацыянарнага лагера “Арляня” прысвечана экалагічнай, мастацка-эстэтычнай, спартыўнай або ваенна-патрыятычнай тэматыцы.

У Стаўбцоўскім раёне дзіцячыя лагеры наведаюць больш за 1700 юных жыхароў, 135 з іх нясумна правядуць лета ў некалькіх ваенна-патрыятычных лагерах. Астатніх чакаюць абаронна-спартыўныя, экалагічныя, турыстычна-краязнаўчыя і палатачныя лагеры.

Традыцыйна ў Любанскім раёне адна са змен аздараўленчага лагера “Арэса” прыме на аздараўленне 9 дзяцей з Яраслаўскай вобласці Расіі.

А вось адметнасць Вілейшчыны — палатачны адпачынак. Паблізу маляўнічых берагоў Віліі ў 10 палатачных лагерах правядуць летнія дзянькі больш за 100 школьнікаў.

Дзіцячае абласное свята ў Вілейцы было насычана выставамі творчых работ навучэнцаў, малюнкамі дзіцяча-бацькоўскай творчасці, прыгожымі фотазонамі. Кульмінацыяй святочнай сустрэчы стала ўрачыстае ўшанаванне лепшых бацькоў-выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу з кожнага раёна Міншчыны. А завяршыў свята паказ спектакля “Таямніцы рачнога царства” з удзелам дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.