ВУП Беларусі ў 2017 годзе вырас на 2,4 працэнта. Аб гэтым паведаміў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе разглядалася пытанне аб мерах па рэалізацыі задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і чаканых выніках работы эканомікі ў студзені ў I квартале 2018 года.
Андрэй Кабякоў канстатаваў, што 2017 год завершаны з тэмпам росту ВУП 102,4 працэнта пры прагнозе 101,7 працэнта. Тым самым забяспечаны выхад на прадугледжаныя пяцігадовай праграмай параметры росту эканомікі і кампенсавана адставанне 2016 года. Кіраўніком дзяржавы зацверджаны прагнозныя параметры на 2018 год, у іх развіццё прыняты адпаведныя пастановы ўрада, дзе сфарміравана матрыца ключавых паказчыкаў усёй вертыкалі, адзначыў прэм’ер-міністр.
“Галоўныя задачы збалансаванага росту эканомікі — нарошчванне і дыверсіфікацыя экспарту, прыцягненне інвестыцый, стварэнне новых рабочых месцаў у першую чаргу ў сектары малога і сярэдняга бізнесу”, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў. Для гэтага неабходна разгарнуць поўнамаштабную работу па рэалізацыі прынятых кіраўніком дзяржавы рашэнняў па лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу.
Андрэй Кабякоў звярнуў увагу на неабходнасць максімальна даходліва давесці да людзей інфармацыю аб новых магчымасцях для вядзення бізнесу, якія адкрываюцца пасля прыняцця пакета дакументаў па развіцці прадпрымальніцтва.
“Мінэканомікі разам з аблвыканкамамі пры ўдзеле МПЗ, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Міністэрства аховы здароўя і іншых зацікаўленых неабходна ўжо ў найбліжэйшы час арганізаваць у кожным рэгіёне выязныя сустрэчы, семінары, растлумачыць даступнай мовай на канкрэтных прыкладах новыя правілы вядзення бізнесу і як гэтымі правіламі карыстацца”, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў, дадаўшы, што да гэтай работы трэба ўсюды далучыць і саветы па развіцці прадпрымальніцтва. “Лічу, што ў асобных рэгіёнах работу такіх саветаў давядзецца поўнасцю рэанімаваць”, — сказаў прэм’ер-міністр.
Акрамя таго, ён прапанаваў з удзелам Рэспубліканскага савета па развіцці прадпрымальніцтва арганізаваць работу па ацэнцы рэгулюючага ўздзеяння на бізнес усіх праектаў падзаконных актаў, якія распрацоўваюць ведамствы. “Усё павінна быць падпарадкавана духу прынятых дакументаў. Планы практычнай рэалізацыі новых падыходаў у рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці ўрадам зацверджаны. Усе даручэнні па арганізацыі гэтай работы на месцах дадзены”, — дадаў Андрэй Кабякоў.