Выхавальнікаў інтэрнатаў УВА вучаць псіхолага-педагагічным кампетэнцыям для работы з моладдзю

- 16:38Новости

У Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы ў анлайн-фармаце прайшоў семінар па пытаннях арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы са студэнтамі ў інтэрнатах устаноў вышэйшай адукацыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Мы ўпершыню праводзім такі семінар. Сабралі на яго больш за 200 выхавальнікаў інтэрнатаў, кіруючых работнікаў і спецыялістаў аддзелаў па выхаваўчай рабоце з моладдзю з 35 устаноў вышэйшай адукацыі, — паведаміла загадчык кафедры псіхалогіі і педагагічнага майстэрства РІВШ, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Вольга Беланоўская.

Кафедра выступіла ў ролі ініцыятара і арганізатара гэтай сустрэчы, скіраванай на фарміраванне ў выхавальнікаў інтэрнатаў УВА псіхолага-педагагічных кампетэнцый для эфектыўнай арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы са студэнтамі. На семінары абмеркавалі, як стварыць бяспечнае адукацыйнае асяроддзе для паспяховага навучання, выхавання і асобаснага развіцця студэнтаў. Важным з’яўляецца і пытанне фарміравання ў выхавальнікаў і спецыялістаў неабходных кампетэнцый па арганізацыі псіхалагічнай падтрымкі студэнцкай моладзі, якая апынулася ў складанай жыццёвай сітуацыі. Асаблівая ўвага ўдзялялася тэме работы з адоранай моладдзю, псіхолага-педагагічным метадам папярэджвання і вырашэння канфліктаў у студэнцкім асяроддзі, медыяцыі ў сістэме выхаваўчай і ідэалагічнай работы з навучэнцамі, іх інтэрнэт-сацыялізацыі. Была арганізавана дыскусійная пляцоўка, дзе выхавальнікі і спецыялісты змаглі абмеркаваць псіхалагічныя асаблівасці моладзі лічбавага пакалення і вызначыць шляхі па процідзеянні рызыкам лічбавай сацыялізацыі асобы (прапаганда ў сацыяльных сетках суіцыдаў, насілля, проціпраўных дзеянняў і г.д.).

Падчас семінара з дакладамі выступілі Вольга Беланоўская, а таксама кандыдат псіхалагічных навук прафесар Яўгенія Бараева, кандыдат псіхалагічных навук дацэнт Таццяна Грыцэвіч, кандыдат псіхалагічных навук дацэнт Марына Беланоўская, начальнік псіхалагічнай службы БДУ Руслан Папок.

Адметна, што кафедра псіхалогіі і педагагічнага майстэрства РІВШ з’яўляецца адзінай у краіне, дзе на бюджэтнай аснове штогод вядзецца падрыхтоўка педагагічных работнікаў па спецыяльнасці «Псіхалогія. Выкладчык псіхалогіі», і тым самым рэалізуе прыярытэты дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі па ўзмацненні псіхалагічнага складніка ў падрыхтоўцы педагагічных кадраў.

Ала КЛЮЙКО
Фота прадастаўлена РІВШ