У Козенскім ДЦРД стварылі творчае асяроддзе, якое прадастаўляе магчымасці варыятыўнасці заняткаў

- 17:25Образование

На парозе Козенскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Мазырскага раёна карэспандэнтаў “Настаўніцкай газеты” з усмешкай сустракала загадчыца Галіна Алесіч. Вельмі хутка стала зразумела, што ў гэтай навучальнай установе пануе атмасфера пазітыву і ўзаемапавагі.

— А як жа інакш? — здзіўляецца агучанай думцы Галіна Міхайлаўна. — Мы ж працуем з дзеткамі!

І сапраўды. Але заўсёды хочацца зрабіць камплімент, калі трапляеш ва ўстанову адукацыі, дзе прафесіяналізм педагогаў спалучаецца з чалавечай цеплынёй і неабыякавасцю.

Загадчыца Галіна Алесіч з выхаванцамі

— У цэнтры выхоўваюцца 95 дзяцей — наша радасць і гор­дасць. Функцыянуюць 6 груп. Дзейнасць педагагічнага калектыву найперш накіравана на ўмацаванне здароўя малых. Канечне, мы актыўна працуем над тым, каб даць ім веды, навучыць любіць Радзіму. Упэўнены, што нашы выхаванцы стануць ра­зумнымі, добрымі, інтэлектуальна развітымі людзьмі і сапраўднымі патрыётамі, — адзначыла загадчыца, паказваючы, як абсталяваны групы.

Кожнае дзіця мае магчы­масць займацца любімай справай. Выхавальнікі стварылі творчае асяроддзе, якое прадастаўляе магчымасці варыятыўнасці заняткаў — лёгкія пераносныя шырмы, поліфункцыянальныя атрыбуты, неабходныя для ролевых гульняў, зручныя скрыні для дробнага гульнявога матэрыялу, столікі і канапы, модульная мэбля.

Пазнавальная актыўнасць дзяцей фарміруецца пры дапамозе розных метадаў, сродкаў і матэрыялаў. Гаворка ідзе пра дзіцячыя энцыклапедыі, ілюстраваныя выданні пра жывёльны і раслінны свет планеты, пра жыццё людзей розных краін, дзіцячыя часопісы, альбомы. Ёсць вялікая колькасць гульняў на развіццё логіка-матэматычнага мыслення. Арганізаваны куток прыроды, дзе прадстаўлены розныя хатнія расліны. Акрамя таго, дзеці мо­гуць вырошчваць расліны самі.

— Адным з кірункаў адукацыйнага працэсу ў дашкольным цэнтры з’яўляецца фарміраванне асноў грамадзянска-патрыятычнай культуры выхаванцаў. Для гэтага ў групах створаны адпаведныя цэнтры, дзейнасць якіх накіравана на фарміраванне ў выхаванцаў грамадзянскасці, павагі да памяці абаронцаў Айчыны, чалавека працы і старэйшага пакалення. Мы вучым беражліва ставіцца да гісторыка-культурнай спадчыны нашага народа. У гэтым вельмі дапамагае тэматычны куток “Беларуская сядзіба”. Тут дзеці даведваюцца, што такое печка, бойка, калаўрот, вілы, чыгуны, калыска, і ўмеюць усім гэтым карыстацца. Яны з задавальненнем адкрываюць куфар, каб дастаць адтуль традыцыйнае беларускае адзенне, ручнікі, абрусы, пакрывалы. Усё гэта выкарыс­тоўваецца як пры арганізацыі тэматычных гульняў, так і на святах, падчас сус­трэчы гасцей, — расказала загадчыца цэнтра.

Яшчэ для выхаванцаў Козенскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці створаны ўмовы для правядзення эксперыментаў. Гэта адбываецца ў спецыяльных лабараторыях, дзе сабрана ўсё неабходнае: шалі, мікраскоп, ёмістасці з сыпучымі, вадкімі, цвёрдымі рэчывамі, мерныя лыжачкі, посуд для правядзення доследаў. Ёсць вялікі выбар прыродных матэрыялаў для вывучэння, інструкцыі, памяткі, алгарытм догляду хатніх раслін, розныя схемы і мадэлі.

Развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе арганізавана так, што дазваляе малым рабіць самастойны выбар: з кім, як, дзе і ў што гуляць.

Творчай актыўнасці і самавыяўленню дзяцей сродкамі мастацтва спрыяюць арганізаваныя ў групах цэнтры выяўленчай дзейнасці. У доступе — алоўкі і папера, васковыя крэйды, гуаш, пастэль, формачкі для лепкі, трафарэты, шаблоны. Прадугледжана навучанне розным тэхнікам малявання. А цэнтр музычна-тэатральнай дзейнасці прадстаўлены наборам дзіцячых музычных інструментаў, атрыбутамі, неабходнымі для арганізацыі пальчыкавага, настольнага, лялечнага, тэатра з цацкамі Бібабо, з выкарыстаннем малюнкаў. Групы аснашчаны аўдыятэхнікай, фанатэкай.

Усе гэтыя цэнтры ўваходзяць у адзіны цэнтр сюжэтна-ролевых гульняў. У выніку створанае прадметна-прасторавае асяроддзе забяспечвае рэалізацыю вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, дапамагае ствараць спецыяльныя ўмовы для навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, улічвае ўзроставыя і індывідуальныя асаблівасці выхаванцаў, нацыянальныя і культурныя традыцыі і каштоўнасці, матэрыяльныя і архітэктурна-прасторавыя асаблівасці тэрыторыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА