Уладзімір Іванавіч Зярноў — кіраўнік фізічнага выхавання дзіцячага сада Копішча Мінскага раёна. Загадчыца ўстановы Юлія Сямёнаўна Панкрацьева, прымаючы ў калектыў гэтага сціплага мужчыну, была вельмі здзіўлена, што ён, вядомы трэнер-выкладчык Беларусі, прыйшоў у дашкольную ўстанову. На працягу 46 гадоў ён працаваў на кафедры плавання БДУФК, быў дацэнтам, рыхтаваў трэнераў, якія пасля станавіліся галоўнымі трэнерамі Беларусі. У ІППК БДУФК У.І.Зярноў чытаў лекцыі па плаванні, ездзіў з выступленнямі па ўсёй Беларусі, з’яўляецца аўтарам шматлікіх навуковых, метадычных работ і дапаможнікаў. Будучы суддзёй нацыянальнай катэгорыі, падрыхтаваў больш за 1000 суддзяў па плаванні, навучыў навыку плавання і падводнаму плаванню больш за 2500 чалавек. Для яго займацца з малымі — задача не менш цікавая, але ў той жа час адказная і творчая.
“Мой бацька Іван Міхайлавіч Зярноў — вайсковы ўрач, вядомы спартсмен і трэнер па скачках у ваду, першы ў Беларусі майстар спорту і шаснаццаціразовы чэмпіён Беларусі і СССР. Плаваць я пачаў рана, — успамінае Уладзімір Іванавіч. — Калі мне было тры гады, тата браў мяне з сабой у басейн спартыўнага клуба “Армія” Дома афіцэраў, дзе ён у той час на грамадскіх пачатках трэніраваў моладзь. Там мяне хутка далучылі да вады. Памятаю, як мы з татам узбіраліся на 5-метровую вышку, я станавіўся яму на плечы, ён трымаў мяне за ногі, і разам мы скакалі ў ваду. У 11 гадоў я выконваў трэці дарослы спартыўны разрад, кандыдата ў майстры спорту па плаванні дасягнуў у інстытуце. З маёй будучай жонкай мы вучыліся ў адной групе, сталі першымі выпускнікамі спартыўнага факультэта БДУФК па спецыяльнасці “Плаванне”, якая адкрылася ў 1968 годзе для будучых трэнераў. У далейшым на працягу 46 гадоў я працаваў на кафедры плавання БДУФК. Сёння знаходжуся на заслужаным адпачынку і ў дзіцячы сад прыйшоў працаваць для душы — вучыць дзетак плаваць, прывіваць любоў да вады. Нагрузка ў мяне невялікая, таму хапае часу для творчасці. Лічу, што з дашкольнага ўзросту дзеці і іх бацькі павінны бачыць і разумець, якіх поспехаў можна дасягнуць, калі рэгулярна займацца плаваннем. Неабходна папулярызаваць гэты від спорту, расказваць пра вядомых спартсменаў”.
Уладзімір Іванавіч згадаў вядомага амерыканскага трэнера па плаванні і вучонага Джэймса Каўнсілмена, больш за 20 выхаванцаў якога сталі алімпійскімі чэмпіёнамі і рэкардсменамі свету. Аднойчы да яго прывялі Марка Спітца (будучага 9-разовага алімпійскага чэмпіёна, які ўстанавіў 33 сусветныя рэкорды і тройчы ў розныя гады прызнаваўся лепшым плыўцом свету). Яго бацька звярнуўся да трэнера з просьбай зрабіць з сына вялікага спартсмена, паставіць яму неабходную для гэтага тэхніку. Вялікі трэнер адказаў, што спачатку проста паплавае з яго сынам і толькі потым зможа сказаць пра яго магчымасці, паколькі самае галоўнае — гэта прыроджанае адчуванне вады, уменне прыстасоўвацца да яе. Калі чалавек адчувае ваду як апору, то з яго можа выйсці добры плывец, ён падоўгу будзе знаходзіцца ў водным асяроддзі.
Загадчыца дзіцячага сада Копішча прапанавала Уладзіміру Іванавічу вывучыць пытанне педагагічнага падыходу ў навучанні плаванню ва ўмовах басейна дашкольнай установы. У выніку былі распрацаваны рабочая праграма і шэраг вучэбных дакументаў, а таксама сістэмны падыход да арганізацыі навучання дзяцей плаванню. Выпрацаваны алгарытм правядзення заняткаў у дзіцячым садзе з музычным суправаджэннем, выяўлены станоўчы эфект музыкі на авалоданне дзецьмі плавальнымі навыкамі.
“Што неабходна для паспяховага навучання плаванню? Шмат залежыць ад метадаў і прыёмаў навучання, рацыянальнага падбору сродкаў навучання, — падкрэслівае Уладзімір Іванавіч. — На гэта ўплываюць вопыт педагога, педагагічнае майстэрства і творчае ўяўленне. Трэба разумець, што механічнае, бяздумнае прымяненне нават самых лепшых методык і праграм не дасць добрых вынікаў. У дзіцячым садзе, дзе я зараз працую, творчая атмасфера, створаная адміністрацыяй на чале з Юліяй Сямёнаўнай Панкрацьевай і Кацярынай Аляксандраўнай Віхровай, дазваляе ўсім супрацоўнікам рэалізоўваць свае педагагічныя магчымасці ў розных відах дзейнасці.
На што трэба звярнуць увагу кіраўнікам фізічнага выхавання ў басейне? Перш за ўсё, на выкарыстанне прафесійнай лексікі. Многія чулі фразу “ногі на шырыні плячэй”. Але правільна казаць “стойка ногі паасобку”. Ці што такое вольны стыль? Гэта від праграмы на спаборніцтвах, а не спосаб плавання. Ёсць, напрыклад, спосаб плавання і від праграмы “батэрфляй”, падчас якога плывуць спосабам “дэльфін”. Тэрміналогія — гэта аснова педагагічнага працэсу. Калі гаварыць з памылкамі, мы закладзём у дзяцей праблему на будучыню: у школе, ва ўніверсітэце правільная гімнастычная тэрміналогія ім будзе незразумела.
Самы мінімальны вынік, якога я імкнуся дасягнуць у рабоце з дашкольнікамі, — каб яны не баяліся вады, а як максімум — упэўнена трымаліся на вадзе. Дзеці павінны ўмець перамяшчацца ў вадзе, апускацца, ныраць. Важна навучыць іх навыкам правільнага ўдыху-выдыху з дапамогай спецыяльных практыкаванняў. Адначасова неабходна вучыць прыкладному плаванню, правілам бяспекі на вадзе, дзеці павінны валодаць навыкамі, неабходнымі пры выратаванні на вадзе. З пункта гледжання навукі, удзельная вага дзіцяці заўсёды будзе меншая, чым удзельная вага вады.Таму і існуе так званая станоўчая плывучасць, якую павінна адчуць дзіця.
Уладзімір Іванавіч Зярноў узнагароджаны Ганаровым знакам за ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту ў Беларусі. Ён працаваў у рэспубліканскіх федэрацыях плавання, падводнага плавання, выратавальнага мнагаборства, быў старэйшым трэнерам зборнай каманды СССР па спартыўнай падводнай стральбе (арганізаваў у 1984 годзе першы зімовы Кубак БССР па спартыўнай падводнай стральбе). У 1982 годзе ажыццявіў на практыцы першыя падводныя відэаздымкі ў БССР. Праводзіў у 1997 годзе першыя сертыфікаваныя курсы па падрыхтоўцы дайвераў у Беларусі па праграме PАDI.
У.І.Зярноў — аўтар больш як 160 навуковых і метадычных работ, 25 навуковых актаў укаранення ў практыку, 20 вучэбных фільмаў па плаванні, выступае з навуковымі дакладамі і ўдзельнічае ў міжнародных навукова-практычных канферэнцыях. Выйшлі яго дапаможнікі: “700 практыкаванняў для навучання плаванню”, “Плаванне для ўсіх. 1000 практыкаванняў для плавання”, “Трэнажорныя прылады ў фізічнай падрыхтоўцы плыўцоў на сушы”, “Прыкладное плаванне і 160 спаборніцка-гульнявых практыкаванняў у вадзе”, “Гісторыя развіцця заняткаў воднымі відамі фізічнай культуры і спорту ў свеце і Беларусі”. Уладзімір Іванавіч — адзін з аўтараў дапаможніка“Фізічная культура і здароўе. Цыклічныя і складана-каардынацыйныя віды спорту” для настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, студэнтаў і ўсіх, хто самастойна займаецца фізкультурай і спортам.
Педагог таксама павінен разумець кожнае дзіця, бачыць, што яму даступна зрабіць у вадзе, а што — не. Рух на сушы, напрыклад, “рукі ўгору”, гэта не тое ж самае, што рух у вадзе, — там зусім іншыя адчуванні. Нервовая сістэма чалавека, які знаходзіцца ў вадзе, настолькі ўзбуджаецца, што ў яго кардынальна мяняецца структура рухаў. Сілавыя і тактыльныя адчуванні ў басейне ідуць ад узаемадзеяння з вадой. Дзіця звычайна не асэнсоўвае, хутка або павольна яно робіць рухі, таму часта робіць памылкі. Ты гаворыш адно, а малое робіць па-іншаму, бо магчымасці кожнага індывідуальныя. Адзін з першага разу зробіць правільна, а ў іншага не атрымліваецца расслабіць цела ў вадзе. Шукаю спосабы дапамагчы. Напрыклад, цікаўлюся ў малога, ці піў ён кісель, і прапаную яму ўявіць, што яго цела стала як кісель, тады і з’явіцца адчуванне, што вада цябе падтрымлівае. Такі вось атрымліваецца творчы і цікавы працэс навучання плаванню”.
Дзеці і дарослыя ў плане навучання плаванню адрозніваюцца толькі ў адным — па псіхалагічных асаблівасцях, і тое не заўсёды. Набор практыкаванняў, якія павінны выканаць пачаткоўцы, аднолькавыя. Іх Уладзімір Іванавіч Зярноў апісвае ў сваіх кнігах. Працягласць знаходжання дашкольнікаў у вадзе, у залежнасці ад узросту, складае 15—30 мінут. Перад уваходам у ваду педагог праводзіць размінку. Дзецям неабходна навучыцца хутка пераапранацца, прымаць душ і г.д. Аб усім гэтым нагадваюць спецыяльныя карцінкі-напаміны.
“На першых занятках выхаванцы вучацца перамяшчацца ў вадзе. Звычайна і я разам з імі ўваходжу ў ваду, каб яны былі больш упэўненымі. Магчыма, хтосьці з дзяцей ніколі не бываў у басейне, можа спалохацца вады і боязь замацуецца, — адзначае педагог. — Тут галоўнае — захаваць пачуццё меры. Адзін раз трэба праявіць настойлівасць і строгасць з дзіцем, а іншым разам дзейнічаць дабрынёй. У гэтым і заключаецца прафесіяналізм педагога. Максімальна, чаму можна навучыць дзіця 4—5 гадоў за адны заняткі, — гэта ляжаць на вадзе, слізгаць або перамяшчацца тым ці іншым спосабам плавання”.
Як падкрэслівае Уладзімір Іванавіч, галоўныя задачы пачатковага этапу навучання плаванню — выпрацоўка ў выхаванцаў рухальных навыкаў і выхаванне “пачуцця вады”. У першыя заняткі варта ўключаць самыя простыя, даступныя для дзяцей і эмацыянальныя практыкаванні: хадзьбу, бег, гульні і скачкі са штуршка ад дна адной і дзвюма нагамі без дапамогі рук і з іх дапамогай. Рэкамендуюцца вельмі дынамічныя практыкаванні ў слізганні, дзеці выконваюць іх з азартам, пры гэтым вырашаецца комплекс задач: фарміраванне ўменняў захоўваць раўнавагу, “адчуваць ваду”, захоўваць абцякальнае становішча цела, выконваць рух у гарызантальным становішчы і г.д. Пачаткоўцы плыўцы хутчэй асвойваюць слізганне на грудзях, чым на спіне, таму варта прыступаць да навучання плаванню з вывучэння рухаў рукамі спосабамі “кроль” і “брас” на грудзях, падкрэсліўшы супрацьлегласць прынцыпаў работы рук у гэтых спосабах. Немэтазгодна канцэнтраваць увагу і намаганні на рабоце ног (за выключэннем плавання спосабам “брас”). Калі занадта энергічна працаваць нагамі, дзеці могуць сутыкнуцца ў далейшым з цяжкасцямі пры засваенні тэхнікі работы рук. Практыка паказвае, што ногі толькі тады пачынаюць правільна працаваць, калі работа рук забяспечвае неабходную цягу, г.зн. хуткасць і бесперапыннасць перамяшчэння ў вадзе.
Спосабаў плавання шмат, і ў кожным з іх у плыўца будзе свой стыль або індывідуальныя асаблівасці плавання. Уладзімір Іванавіч расказаў, што плаванне кролем на грудзях і кролем на спіне з дапамогай рухаў толькі рукамі (без актыўных намаганняў ног) з’яўляецца найбольш эфектыўным для вывучэння дзецьмі “аблегчаных спосабаў” плавання. А плаванне з рухамі аднымі рукамі (з дапамогай плавальнай дошкі) — найбольш рацыянальнае для захавання правільнага становішча ног і цела на паверхні вады. Найбольш зручным са спосабаў плавання лічыцца “кроль” на спіне, бо ён не мае складанай тэхнікі дыхання і дазваляе хутка павялічваць адлегласць пераплывання.
Набор практыкаванняў, якія дзеці выконваюць на пэўных занятках, залежыць ад іх падрыхтаванасці і ад таго, наколькі рэгулярна яны наведваюць басейн. Бывае так, што адно дзіця ўмее рабіць усё, што неабходна, а другое ў гэты час толькі пачынае хадзіць у басейн. Для таго, каб у дзяцей больш хутка фарміраваўся навык плавання, і для развіцця найбольш значных фізічных якасцей Уладзімір Іванавіч рэкамендуе “дамашнія заданні”: каб бацькі ў гульнявой форме праводзілі з дзецьмі комплексы спецыяльных практыкаванняў у ванне. У гэтым кірунку работы бачна пераемнасць узаемадзеяння педагога з выхавальнікамі, якія атрымліваюць зваротную сувязь ад бацькоў.
“У дзіцячым садзе мы не рыхтуем будучых спартсменаў, не вучым спартыўным спосабам плавання — мы выхоўваем у дзяцей любоў да плавання, — падкрэслівае Уладзімір Іванавіч. — Каб навучанне было ў радасць, я ўключаю ў заняткі больш гульнявых і сюрпрызных момантаў, музычнае суправаджэнне, што станоўча ўплывае на вынікі навучання. Арганізую для дзяцей конкурсы малюнкаў і фатаграфій па тэме плавання, святы і сюжэтныя спаборніцтвы на вадзе, па выніках якіх узнагароджваю дзяцей граматамі ў намінацыях “Сябрую з вадой”, “Умею трымацца на вадзе”, “Умею плаваць” і г.д. Зараз працую над стварэннем невялікіх сюжэтных вучэбных відэафільмаў з удзелам сваіх выхаванцаў, у якіх будуць прадстаўлены разнастайныя спосабы і тэхнікі руху дзяцей у вадзе, раблю наглядныя дапаможнікі, плакаты і размалёўкі па плаванні, для якіх падбіраю тэматычныя ілюстрацыі, якія адпавядаюць узросту дзяцей. Увасабляць задумы мне дапамагаюць адміністрацыя і творчыя супрацоўнікі дзіцячага сада”.
Надзея ЦЕРАХАВА.