Прыярытэтныя напрамкі дзейнасці, а таксама праблемы, дасягненні, задачы і перспектывы сістэмы дадатковай адукацыі абмеркавалі ўдзельнікі заключных мерапрыемстваў у рамках Рэспубліканскага тыдня дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, месцам правядзення якіх сёлета стала Віцебшчына.
Выбар невыпадковы: у рэгіёне назапашаны без перабольшання ўнікальны вопыт работы. Тут захавалася разгалінаваная сетка адпаведных устаноў (6 профільных і 27 шматпрофільных), паспяхова рэалізуюцца рэспубліканскія, абласныя і мясцовыя інавацыйныя праекты. Установы дадатковай адукацыі з’яўляюцца неад’емным кампанентам адукацыйнай і выхаваўчай прасторы вобласці, яны сацыяльна запатрабаваны, маюць высокі кадравы патэнцыял і развітую матэрыяльна-тэхнічную базу. Імкненне да пошуку новых форм, павышэння эфектыўнасці і якасці адукацыйнага працэсу дае значны плён. Так, толькі за апошні год перамогу ў міжнародных конкурсах і спаборніцтвах атрымалі 145, рэспубліканскіх — 367, абласных — 713 выхаванцаў гурткоў і аб’яднанняў па інтарэсах. Вялікую падтрымку сістэме аказваюць органы ўлады на ўсіх узроўнях — ад абласнога да мясцовага. Дзякуючы такой мэтанакіраванай падтрымцы дзяцінства першым у Беларусі горадам, які набыў статус горада, дружалюбнага да дзяцей, стаў Наваполацк. Зрэшты, паўночны рэгіён быў ініцыятарам і піянерам у справе арганізацыі дадатковай адукацыі: менавіта тут некалі з’явіліся першыя ў краіне аб’яднанні пазашкольнай работы.
Другі год па ўсёй краіне яны функцыянуюць у новым статусе — як структурныя падраздзяленні сістэмы дадатковай адукацыі.
— Гэта быў перыяд не толькі асэнсавання, але і час якаснага абнаўлення зместу: установы вучыліся працаваць у рэжыме інавацыйнага развіцця, — падкрэсліў на пасяджэнні рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Якжык. — Стала відавочна, што ад педагагічных калектываў як ніколі патрабуюцца мабільнасць, своечасовая рэакцыя на запыты грамадства, дзяржавы і эфектыўнае выкарыстанне накопленага вопыту навучання і выхавання з захаваннем лепшых традыцый савецкай педагагічнай школы.
Як адзначыў Віктар Віктаравіч, у новым навучальным годзе захаваецца дзяржаўная падтрымка і фінансаванне сістэмы дадатковай адукацыі. Такім чынам, сцвярджэнні пра тое, што значная частка гурткоў будзе пераведзена на камерцыйныя рэйкі, не адпавядаюць сапраўднасці. Разам з тым у новым навучальным годзе работа аб’яднанняў па інтарэсах павінна быць арганізавана ў складзе не менш за 15 навучэнцаў у гарадской мясцовасці і не менш за 6 — у сельскай, за выключэннем арганізацыі заняткаў па індывідуальнай праграме. Міністэрствам адукацыі падрыхтаваны пералік сацыяльна значных праграм, які, на думку намесніка міністра, дапаможа захаваць абсалютную большасць аб’яднанняў і актуальныя напрамкі выхаваўчай дзейнасці, намеціць новыя арыенціры развіцця сістэмы дадатковай адукацыі і ў той жа час скараціць незапатрабаваныя аб’яднанні па інтарэсах, у якіх наведвальнасць недапушчальна нізкая. Да галоўнага пераліку прыкладаюцца праграмы аб’яднанняў па інтарэсах і па профілях, ён варыятыўны, мабільны, прычым перыядычнае абнаўленне замацавана нарматыўна. Асобна прадстаўнік галіновага міністэрства зазначыў, што якасць дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі мае на ўвазе не толькі атрыманне ведаў і развіццё здольнасцей навучэнцаў, але і эканамічную эфектыўнасць дзейнасці. Таму неабходна актывізаваць работу па пашырэнні сеткі аб’яднанняў па інтарэсах, якія дзейнічаюць на платнай аснове. Таксама быў узгаданы вопыт рэгіёнаў, дзе праводзяцца пілотныя праекты па падушавым фінансаванні навучэнцаў агульнаадукацыйных школ: пасля дэталёвага вывучэння вынікаў эксперымента наступным крокам, магчыма, будзе яго ўкараненне ў сістэме дадатковай адукацыі.
У ліку перспектыўных інавацый Віктар Якжык назваў дыстанцыйнае навучанне, праектную дзейнасць, узаемадзеянне з прадпрыемствамі і арганізацыямі, эканамічнае выхаванне і навучанне навыкам прадпрымальніцтва. У цэлым роля практыка-арыентаванага падыходу да зместу дадатковай адукацыі відавочна павышаецца. Разам з тым захоўваюцца асноўныя кірункі работы сістэмы: мастацкая і тэхнічная творчасць, эколага-біялагачная і турыстычна-краязнаўчая работа, спорт, даследчая дзейнасць і як адзін з найважнейшых прыярытэтаў грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў. Але ад колькасці як інтэгральнага паказчыка эфектыўнай дзейнасці прыйшла пара адмовіцца. На рэгіянальным узроўні неабходна прааналізаваць мерапрыемствы, магчыма, змяніць перыядычнасць іх правядзення (ад зін раз у 2-3 гады) і ў той жа час інтэнсіўна развівацца, каб штогод на рэгіянальным узроўні аналізаваўся вопыт і лепшыя раённыя праекты набывалі статус абласных, а змест традыцыйных абласных пастаянна абнаўляўся.
— Сістэмы дадатковай і агульнай сярэдняй адукацыі не павінны дапусціць дэвальвацыі мерапрыемстваў, калі за колькасцю наступае фармальны падыход, і яны становяцца нецікавыя для дзяцей, калі няма абнаўлення, — расставіў акцэнты намеснік міністра адукацыі. — Аналізуючы ж развіццё сітуацыі па рэспубліцы, нельга не сказаць: працэнтны ахоп школьнікаў, якія займаюцца ва ўстановах дадатковай адукацыі, штогод павялічваецца. Калі не так даўно прадстаўнікі сістэмы з гонарам гаварылі, што іх выхаванцам з’яўляецца кожны чацвёрты беларускі школьнік, то ў гэтым годзе гэта можа быць і кожны другі. У такім аспекце прыемна аналізаваць рэгіянальны вопыт: кожная вобласць рэспублікі мае свае адметныя асаблівасці і магчымасці. Так, у кірунку захавання нацыянальных традыцый, правядзення фальклорных фестываляў асабліва варта адзначыць Брэстчыну, развіцця інтэлектуальнай творчасці дзяцей і моладзі — Гомельшчыну. Па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі плённа працуе Магілёўшчына, а з вырашэннем задач, звязаных з эканамічнай пісьменнасцю, сацыяльнай адаптацыяй дзяцей, найбольш паспяхова спраўляюцца Мінск і Мінская вобласць. З мэтай павышэння якасці вучэбнага працэсу ў сістэме дадатковай адукацыі рэалізуюцца інавацыйныя рэспубліканскія праекты. Тут узорам можа паслужыць вопыт Віцебскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцей.
— Цікавыя падыходы да арганізацыі дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі ёсць у кожным рэгіёне, — далучыўся да абмеркавання начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. — Мы на Віцебшчыне вельмі ўважліва падыходзім да пытанняў развіцця гэтай сферы. У прыватнасці, я асабіста не прыхільнік кардынальных мер па скарачэнні кадраў і рэструктурызацыі ўстаноў. Наадварот, лічу, што калі сёння не будзе працаваць гэтая сістэма, то мы вельмі многае страцім. Асобна хачу звярнуць увагу вось на што: у рэгіянальнай сістэме дадатковай адукацыі працуюць стабільныя кадры — і гэта пры тым, што сёння гэтай спецыяльнасці не вучыць ніводная ўстанова вышэйшай адукацыі. Вялікі дзякуй гэтым прафесіяналам, людзям нават не захопленым — апантаным сваёй справай! З вынікамі іх работы вы будзеце мець магчымасць азнаёміцца. Адукацыя ёсць выхаванне, а ў выхаванні велізарная роля належыць менавіта дадатковай адукацыі. Зыходзячы з гэтага тэзісу, мы і працуем.
Свае здабыткі і дасягненні калегам прэзентавалі прадстаўнікі рэгіёнаў. Задачы, пастаўленыя перад профільнымі напрамкамі ва ўстановах дадатковай адукацыі, падрабязна прааналізавалі дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка, дырэктар Рэспубліканскага эколага-біялагічнага цэнтра Лідзія Каліноўская, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства Сяргей Мітраховіч, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці Аляксандр Далжэўскі.
Госці Прыдзвінскага краю пазнаёміліся з дзейнасцю педагогаў дадатковай адукацыі рэгіёна на прыкладзе работы Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі і ўстаноў адукацыі Аршанскага раёна.
Ад імя кіраўніцтва Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі беларускіх калег павітаў дырэктар Федэральнага Цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Міхаіл Бастанжогла.
— Упэўнены, што сённяшняя сустрэча будзе садзейнічаць абмену перадавым педагагічным вопытам, шырокай прапагандзе здаровага ладу жыцця, далейшаму ўдасканаленню сістэмы дадатковай адукацыі брацкіх дзяржаў — Расіі і Беларусі, — сказаў Міхаіл Бастанжогла.
Падрабязна пра сітуацыю ў сферы дадатковай адукацыі ў Расійскай Федэрацыі расказала намеснік дырэктара Дэпартамента дзяржаўнай палітыкі ў сферы выхавання і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Таццяна Пятрова.
— Для дзяцей сістэма дадатковай адукацыі — гэта магчымасць стартаваць у дарослае жыццё, сфера свабоднага выбару ў сваіх захапленнях, пробы сваіх сіл, што напрамую звязана з прафесійнай арыентацыяй. У Расіі гэтай сферы ўдзяляецца прыярытэтная ўвага — паведаміла Таццяна Эдуардаўна. — Зараз фарміруецца адпаведная дзяржаўная праграма, згодна з якой да 2020 года 70 працэнтаў навучэнцаў плануецца далучыць да сістэмы дадатковай адукацыі, прычым 50 працэнтаў — на бясплатнай аснове. І асноўныя інавацыі, як сказаў наш міністр, павінны праходзіць не ў форме рэарганізацыі ўстаноў, а ў форме стварэння ўмоў для сучасных дзяцей і бацькоў з улікам каласальнага вопыту савецкай педагогікі. Мы павінны стварыць новую школу, але, безумоўна, асноўная функцыя ўстаноў дадатковай адукацыі — выхаванне грамадзяніна і патрыёта. Што тычыцца кадравага пытання, то крыніцай навукова-метадычнай работы, падрыхтоўкі кадраў для рэгіёнаў стануць федэральныя цэнтры дадатковай адукацыі. Вельмі прыемна, што нашымі пастаяннымі партнёрамі ў правядзенні шэрагу мерапрыемстваў з’яўляюцца беларускія калегі. Хацелася б, каб межы супрацоўніцтва пашыраліся і далей.
Дарэчы, спадзяванні ў пэўнай меры спраўдзіліся літаральна праз некалькі гадзін: на ўзроўні адпаведных рэспубліканскіх і федэральных структур было вырашана стварыць каардынацыйны савет, адным з напрамкаў дзейнасці якога стане пашырэнне кола мерапрыемстваў па лініі Саюзнай дзяржавы, дзе непасрэдны ўдзел прымаюць прадстаўнікі сістэмы дадатковай адукацыі. Вынікі дамоўленасці мы, магчыма, убачым ужо ў гэтым навучальным годзе.