Развіццю фінансавай дасведчанасці дзяцей дапамагае створаны ва ўстанове спецыяльны гульнявы пакой, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Працуючы з дзецьмі, выхавальнікі заўважылі, што сучасныя дашкольнікі праяўляюць цікавасць да многіх рэчаў, якія раней можна было аднесці да сферы дзейнасці дарослых. Свабоднае валоданне гаджэтамі нават сярод самых маленькіх і доступ да інтэрнэт-рэсурсаў патрабуюць ад педагогаў кантраляваць захапленні малых, накіроўваць іх у патрэбнае рэчышча.
Ініцыіраваўшы праект па фінансавай дасведчанасці, выхавальнікі дзіцячага сада атрымалі падтрымку з боку бацькоў і адміністрацыі ўстановы. Вырашылі абсталяваць пакой. Знайшлося свабоднае памяшканне — і справа закіпела. Збіралі калекцыю грошай, рэчы, якія раскрываюць заяўленую тэму, нешта рабілі сваімі рукамі. Атрымалася вельмі прыгожа і змястоўна. А галоўнае, дзеці ў захапленні ад такога пакоя.
— Наш гульнявы пакой па фінансавай дасведчанасці “Мы і фінансы” быў створаны сумеснымі намаганнямі педагогаў і бацькоў, — расказала выхавальніца Вольга Сяргееўна Кецка. — Тут створаны ўсе ўмовы для таго, каб дзецям было лёгка і зручна гуляць і атрымліваць веды пра фінансы. У нас ёсць апазнавальныя знакі, дзякуючы якім дзеці ведаюць, як трэба сябе паводзіць. У гэтым пакоі яны вучацца і спазнаюць новае, выкарыстоўваючы магнітныя дошкі і іншыя прыстасаванні. Дзеці апранаюцца ў касцюмы банкаўскіх служачых і спрабуюць адчуць сябе ў іх ролі, а дзякуючы нашаму “банкамату”, вучацца аперацыям з банкаўскімі карткамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі вельмі палюбілі міні-музей грошай, гуляюць са старымі банкнотамі, задаюць вельмі шмат пытанняў.

Шмат створана рукамі педагогаў, напрыклад, дыдактычная гульня “Супермаркет”. Падчас гульні дзецям выдаецца спіс прадуктаў, якія трэба купіць, і пэўная сума грошай. На ўсе пакупкі грошай не хопіць, і яны самі павінны выбраць, што купіць важней, а ад чаго можна адмовіцца. Для азнаямлення з фінансавымі тэрмінамі выкарыстоўваюцца кубікі Блума. Тут настолькі ўсё арганізавана для развіцця дзяцей, што нават дыван на падлозе складзены ў выглядзе пазлаў: дзеці разбіраюць іх і могуць сабраць у рознай паслядоўнасці, што развівае лагічнае мысленне.
Для зручнай работы педагогаў у пакоі сабраны і сістэматызаваны на спецыяльным сайце дыдактычны матэрыял па тэме фінансавай дасведчанасці. Выхавальнікі могуць скарыстацца QR-кодам і атрымаць неабходны матэрыял для заняткаў. А яшчэ педагогі падтрымліваюць цесную сувязь з бацькамі, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у навучанні малых. Так, ва ўсіх старшых групах ёсць дрэва “Фінансавая казка”, дзе дэманструецца, што бацькі чыталі сваім дзецям па названай тэме, а затым педагогі абмяркоўваюць гэта з усімі выхаванцамі.
У праект па фінансавай дасведчанасці ў асноўным уцягваюцца дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту, але цікавасць праяўляюць і малышы. Яны таксама бываюць у гэтым пакоі, атрымліваюць мінімальныя веды. Што вельмі важна, на занятках заўсёды прысутнічае псіхолаг.
— Праект па фінансавай дасведчанасці — гэта толькі пачатак нашага руху ў раскрыцці тэмы, — расказала загадчыца дзіцячага сада № 8 Навагрудка Вольга Сяргееўна Весялуха. — Пакой па фінансавай дасведчанасці стаў месцам, дзе для выхавальнікаў сабраны разнастайны дыдактычны матэрыял, які яны выкарыстоўваюць у сваёй педагагічнай дзейнасці. А для дзяцей гэта месца, дзе яны могуць не толькі пагуляць, як у звычайнай групе, але і атрымаць пэўныя веды. Надалей плануем прадоўжыць рэалізацыю праекта і задзейнічаць у якасці інфармацыйнай прасторы калідоры, рэкрэацыі дзіцячага сада. Падчас рамонту ўстановы летам ужо была аформлена інтэрактыўная сцяна, якую можна выкарыстоўваць як грыфельную дошку, а таксама для замацавання інфармацыі на магнітах. Адным словам, праект будзе развівацца, пэўныя задачы перад калектывам пастаўлены на ўвесь навучальны год. Лагічным яго працягам стане развіццё тэмы камп’ютарызацыі. Будзем імкнуцца паказаць дзецям, што камп’ютар патрэбен не толькі для гульні — гэта магутны сродак самаадукацыі.
Дзіцячы сад № 8 — адзін з найбуйнейшых у Навагрудку, яго наведваюць больш за 200 дзяцей. З гэтага навучальнага года, акрамя дзевяці дашкольных груп, тут таксама будуць працаваць тры першыя класы гімназіі.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара





