Выхаваць дасведчанага чытача

- 11:28Адукацыйная прастора

З 1 верасня шасцікласнікі нашай краіны карыстаюцца новым вучэбным дапаможнікам па рускай літаратуры. Аб перавагах гэтага дапаможніка і асаблівасцях работы з ім наш карэспандэнт гутарыць з яго аўтарамі — выкладчыцай рускай мовы і літаратуры Ліцэя Белдзяржуніверсітэта Святланай Мікалаеўнай ЗАХАРАВАЙ і начальнікам упраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг Нацыянальнага інстытута адукацыі Гульнарай Мансураўнай ЮСЦІНСКАЙ.

— Як склаўся ваш аўтарскі калектыў?

Гульнара ЮСЦІНСКАЯ:

— Наша знаёмства са Святланай Мікалаеўнай і аўтарскі тандэм — гэта проста вялікая ўдача. Па-першае, у нас супадаюць погляды на літаратуру як на прадмет мастацтва слова, на тое, як неабходна далучаць дзяцей да чытання і развіваць любоў да кнігі, на само дзіця, як на маленькага шасцікласніка, так і на дарослага адзінаццацікласніка, выпускніка. А самае галоўнае — супадаюць характаралагічныя якасці. Мы прыблізна аднаго ўзросту, вельмі любім літаратуру насуперак усяму, апантаныя ёй. Да таго ж у нас малодшыя дзеці прыблізна аднаго ўзросту, і мы добра ведаем іх патрэбы, захапленні. Гэта мой першы вопыт стварэння вучэбнай літаратуры.

Святлана ЗАХАРАВА:

— Першы мой дапаможнік быў выдадзены ў 2010 го­дзе — гэта дзеючы дапаможнік па рускай літаратуры для 10 класа. Таму слабыя месцы сваіх старых падручнікаў я добра ведаю, бо мала таго, што сама іх напісала, дык  яшчэ і працую па іх.

Пры напісанні вучэбнага дапаможніка для 6 класа мы ўлічвалі рэкамендацыі псіхолагаў наконт сучаснага пакалення. Адбыліся змяненні ў плане падачы матэрыялу, пашырана нагляднасць, узмацнілася структураванасць. У ранейшых дапаможніках для 5—7 класаў пераважаў тэкст, было шмат рубрык, якія апісвалі работу з ім. Нам важна было зрабіць так, каб вучань не загарнуў кнігу не дачытаўшы твор — гэта складаная задача і не кожны педагог з падачы аўтарскага калектыву яе вырашыць.

— Чым адметны новы вучэбны дапаможнік?

Святлана ЗАХАРАВА:

— У нашым дапаможніку новыя падыходы можна назіраць і ў падачы матэрыялу, і ў мастацкім афармленні, і ў навігацыі, і ў метадычным апараце.

Дапаможнік цудоўна аформлены. З намі працаваў неабыякавы калектыў прафесіяналаў выдавецкага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі, за што мы ім вельмі ўдзячны. На форзацах старых падручнікаў калісьці было некалькі ілюстрацый, зараз на іх — калаж з аўтографамі класікаў рускай літаратуры, фрагментамі гістарычных дакументаў. Такая форма афармлення форзацаў была прыменена ўпершыню. Самае галоўнае — мы адказваем за праўдзівасць прадстаўленай там інфармацыі. Часам настаўнікі крытыкуюць, што карцінкі атрымаліся драбнаватымі, аднак гэты дапаможнік у электронным выглядзе размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале, і там яны захаваны ў цудоўнай якасці — у PDF-фармаце. Іх у класе можна вывесці на вялікі экран.

Усе раздзелы вучэбнага дапаможніка маюць пэўнае колеравае афармленне, якое прыцягвае ўвагу навучэнцаў. Раздзелы пачынаюцца з застаўкі, якая ненавязліва дапамагае зразумець, пра што будзе ісці гаворка ў творах, рыхтуе да іх успрымання.

Акрамя таго, раней у нашых падручніках не было такога, каб на старонках побач з паэтычным тэкстам размяшчаліся пэўныя пытанні, якія дапамагаюць вылучыць нейкія ключавыя моманты. Яны размешчаны так, каб непасрэдна суадносіліся з тэкстам. Настаўнікі адзначаюць, што гэта вельмі зручна і дзецям падабаецца. Чаго граху таіць, дзеці дрэнна працуюць з інфармацыяй: ім складана суаднесці пытанне і сам тэкст.

Яшчэ адно ноу-хау, якое мы зрабілі, таксама тычыцца работы з тэкстам. Паколькі некаторыя дзеці слаба ў­спрымаюць вялікія аб’ёмы інфармацыі, то пытанні і заданні, звязаныя з работай па тэксце, мы развялі: частка іх размяшчаецца пасля твора (яны носяць інтэгруючы характар, абагульняюць, дазваляюць сістэматызаваць веды вучняў альбо звязаны з работай па ўсім тэксце), а частка — пасля канкрэтных яго глаў.

У навігацыйным апараце дапаможніка таксама з’явіўся значок, пад якім размяшчаюцца дадатковыя матэрыялы. Заўсёды на ўроках літаратуры шмат інфармацыі, якую бярэ на сябе настаўнік і даносіць яе дзецям. Так, напрыклад, у вучэбнай праграме пры вывучэнні раздзела “Байка як эпічны жанр” прадугледжана азнаямленне з творчасцю І.А.Крылова. У матэрыяле даведачнага характару пададзена інфармацыя пра байкі Эзопа, Лафантэна, пра “эзопаву мову”. Прычым мы імкнуліся, каб гэтыя дадатковыя даведачныя матэрыялы не былі пададзены ў форме энцыклапедычнага артыкула. Яны разнародныя па сваім змесце, бо дзесьці прадстаўлена біяграфічная даведка, дзесьці — гістарычная, дзесьці дадзены культуралагічны каментарый, дзесьці — пэўная літаратурная з’ява. Педагогам трэба мець на ўвазе, што гэта не абавязковая для завучвання інфармацыя. Мы настойваем на тым, што па ёй не можа праводзіцца ніякі кантроль. Гэта даведачныя матэрыялы ў дапамогу вучню.

Гульнара ЮСЦІНСКАЯ:

— Змест рубрыкі “Дадатковыя матэрыялы” па сваёй функцыі забяспечвае міжпрадметныя сувязі. Акрамя таго, ён дапамагае дзецям у арганізацыі даследчай ці праектнай дзейнасці, паказвае, ад якіх літаратурных фактаў і з’яў трэба адштурхнуцца, якія імёны і прозвішчы вучоных, літаратуразнаўцаў, крытыкаў можна выкарыстоўваць у тым ці іншым творчым праекце.

У навігацыйным апараце ёсць яшчэ адзін значок, які адрасуе вучняў да электронных адукацыйных рэсурсаў, размешчаных на нацыянальным адукацыйным партале. Мы прапаноўваем імі скарыстацца. Правілы карыстання рэсурсам у дапаможніку не агаворваюцца: яны ёсць на галоўнай старонцы партала. Навучэнцы лёгка заходзяць на старонку і разумеюць, што ім неабходна зрабіць. Там патрабуецца рэгістрацыя. Для зручнасці яна можа быць як індывідуальная, так і групавая (усяго класа). Прапанаваныя заданні вельмі розныя: і тэставыя, і гульнявыя, і творчыя. Усё залежыць ад тэмы, ад твора.

Як класічны дапаможнік, кніга заканчваецца раз­дзелам “Паўтарэнне”, у якім змешчаны заданні для паўтарэння, прычым пераважна творчага характару, і літаратурным слоўнікам.

— Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра метадычны апарат дапаможніка.

Гульнара ЮСЦІНСКАЯ:

— Метадычны апарат прадстаўлены вельмі шырокім спектрам заданняў, накіраваных як на рэпрадукцыйныя, так і на прадукцыйныя віды дзейнасці навучэнцаў. Гэта, па-першае, тэставыя заданні розных форм і відаў: дапаўнення, свабоднага выкладання, альтэрнатыўных адказаў, множнага выбару, устанаўленне адпаведнасці і паслядоўнасці; па-другое, рознаўзроўневыя задачы (як правіла, рэпрадукцыйна-прадукцыйныя ці прадукцыйныя; тэарэтычныя, практычныя і эксперыментальныя); па-трэцяе, творчыя заданні (гістарычныя і літаратурныя сачыненні, эсэ і інш.), праекты (творчыя, даследчыя). Напрыклад, навучэнцам прапаноўваецца па матэрыялах ЭАР даведацца, як з’явілася слова “летапіс”, ці адбыліся змяненні ў напісанні і значэнні слова, а потым выступіць з паведамленнем у класе.

Святлана ЗАХАРАВА:

— У навігацыйным апараце дапаможніка заданні і практыкаванні адзначаны рознымі значкамі. Гэта пытанні і заданні, якія прадугледжваюць непасрэдна работу з тэкстам, пытанні і заданні па выбары вучняў, а таксама пытанні і заданні абагульняльнага характару. Апошнія мы ўвялі ў сувязі з тым, што ў настаўніка дастаткова часу на абагульненне работы. Пытанні і заданні па выбары — гэта і практыка-арыентаваныя, і творчыя заданні для праект­най, даследчай работы. Сустракаючыся з педагогамі, мы акцэнтуем увагу на тое, што пытанняў і заданняў у дапаможніку прапаноўваецца з запасам і ўсе іх выкарыстоўваць неабавязкова. Гэта зроблена спе­цыяльна, каб дапаможнік быў цікавым для педагога кожны год. Заўсёды прыцягвае ўвагу, калі сам педагог вучыцца і спазнае штосьці новае.

— Як у дапаможніку ўлічваюцца рознаўзроўневыя магчымасці школьнікаў?

Святлана ЗАХАРАВА:

— Рознаўзроўневасць прадугледжвае паступовы рух ад рэпрадукцыйных заданняў да творчых. Таму заданні, якія накіраваны на работу з тэкстам, — гэта заданні 1—4 уз­роўню, а заданні творчага характару — гэта заданні 5 узроўню. На цяперашні момант ёсць пэўныя цяжкасці з вылучэннем кампетэнтнасна арыентаваных заданняў. Мы ўкараняем на ўсіх узроўнях адукацыі кампетэнтнасны падыход. А ўзроўневасць ацэнкі ведаў, уменняў і навыкаў і кампетэнтнасны падыход зараз знаходзяцца на этапе вывучэння. Узроўневасць узнікае, калі нам неабходна ацэньваць навучэнцаў. Тады мы бачым узровень пазнавання, узнаўлення, разумення, узнаўлення ў тыповай сітуацыі і творчы ўзровень. Кампетэнтнасны падыход працуе на тое, каб гэта ўсё дыягнаставаць у комплексе і адразу. Таму мы не вылучалі кампетэнт­насна арыентаваныя заданні ў асобную групу. Мы прадугледжвалі, што пры выкананні такіх заданняў навучэнец ідзе ад пазнавання да вышэйшай ступені творчасці, калі дэманструе элементы праектнай і даследчай дзейнасці.

Выкладанне рускай літаратуры традыцыйна заканчвалася сачыненнем. Сачыненне — гэта толькі адзін з відаў творчых заданняў. Мы імкнуліся не паўтарацца. Дзесьці прапаноўваюцца і сачыненні (праўда, мы адыходзім ад іх напісання ў форме літаратурна-крытычнага артыкула) у выглядзе старонкі асабістага дзённіка ад імя героя, дзесьці — творчыя заданні, звязаныя з распрацоўкай сцэнарыя, з падрыхтоўкай электроннай паштоўкі, з распрацоўкай рэкамендацый для пастаноўкі твора і інтэрпрэтацыі ў іншым відзе мастацтва. Яны могуць быць звязаны з работай у сацсетках (аформіць як старонку). Наша ідэя была ў тым, каб мы ад тэмы да тэмы тыражавалі не адны і тыя ж формы. У 6 класе скласці сінквейн прапаноўваецца напрыканцы першых заняткаў. Наступны раз сінквейн ёсць толькі ў 8 класе. Гэта не значыць, што настаўнік не можа яго выкарыстоўваць. Гэта фантазія і творчасць самога педагога.

Наш дапаможнік разлічаны ў першую чаргу на думаючага настаўніка. Пры яго стварэнні нам хацелася ў большай ступені аказаць дапамогу менавіта вучню. Паколькі ў настаўнікаў ёсць іншыя крыніцы — кантрольна-вымяральныя матэрыялы, метадычныя распрацоўкі, паўрочнае планаванне. Мы арыентаваліся менавіта на вучняў і імкнуліся, каб дапаможнік дазволіў ім асвоіць матэрыял і паспрабаваць яго пераасэнсаваць: альбо ў творчай форме, альбо ў практыка-арыентаванай, і прадставіць вынік.

— Ці падрыхтаваны да новага дапаможніка метадычныя матэрыялы для настаўніка?

Гульнара ЮСЦІНСКАЯ:

— Над кнігай для настаўнікаў для 6 класа ідзе работа. У дапамогу педагогу распрацавана каляндарна-тэматычнае планаванне. У ім дакладна прапісаны тэмы, пазначаны мэты, задачы, праблемнае поле, а таксама рэкамендавана дамашняе заданне.

— На якіх метадах настаўніку трэба будаваць навучанне?

Гульнара ЮСЦІНСКАЯ:

— Комплексная методыка фарміравання чытацкіх кампетэнцый навучэнцаў уключае наступную сістэму метадаў. Па-першае, гэта метады творчага чытання, накіраваныя на фарміраванне чытацкага ўспрымання, уключаючы падрыхтоўку і праверку першаснага ўспрымання тэксту, развіццё ўзнаўляльнага і творчага ўяўлення, асацыятыўнага мыслення, лагічнай і эмацыянальнай памяці і інш. Па-другое, метады аналізу і інтэрпрэтацыі мастацкіх твораў, накіраваныя на вывучэнне твора праз яго каменціраванне пазатэкставым матэрыялам, ажыццяўленне аналізу тэкста ва ўзаемасувязі з інтэрпрэтацыя­й, абагульненнем і ацэнкай прачытанага. Акрамя таго, трэба выкарыстоўваць метады літаратурнай творчасці, накіраваныя на стварэнне ўласных тэкстаў рознай прыроды, форм і жанраў, вучэбна-даследчых работ, інтэрнэт-праектаў і інш.

— Часам ад настаўнікаў-практыкаў даводзіцца чуць, што трэба ў вучэбную праграму ўнесці карэктывы, выключыць некаторыя творы класічнай літаратуры, бо сучасныя дзеці проста не ўспры­маюць іх. Вы згодны з гэтым?

Святлана ЗАХАРАВА:

— Усім добра вядома фраза, якая прыпісваецца Я.А.Каменскаму: дзіця — гэта не сасуд, які неабходна напоўніць, а факел, які трэба запаліць. І мы запальваем яго ад крыніцы агню. Калі мы самі, настаўнікі, будзем гэтай крыніцай, дзеці з ахвотай прачытаюць любы твор. Навучэнцы заўсёды вельмі яскрава бачаць, які твор педагогу падабаецца, а які — не, якім аўтарам ён аддае перавагу.

Гульнара ЮСЦІНСКАЯ:

— Настаўніку трэба вытанчыцца так, каб і класіку выкласці цікава. Калі адзін педагог можа прапанаваць вучням напісаць класічнае сачыненне, то іншы паспрабуе перанесці творчае заданне ў віртуальную плоскасць. Можна гэтае сачыненне напісаць разам усім класам і вылажыць на электронную старонку ва “УКантакт” ці на “Фэйсбук”, можна накіраваць у рэдакцыю “Маладосці”. Паставіць спектакль — гэта адно, запісаць яго на відэа­плёнку і размясціць на сайце ўстановы — зусім іншае. Несумненна, сучаснаму вучню цікава выступіць у ролі Пушкіна, а потым сабраць каментарыі і лайкі. Такім чынам педагогу можна прадставіць сучаснасць, падкрэсліваючы традыцыі і прытрымліваючыся пераемнасці. Любое творчае заданне прадугледжвае, што дзіця выйдзе за межы таго, што напісана ў дапаможніку, які рэкамендуе настаўнік, і прыўнясе максімум свайго. Да 11 класа мы хочам выхаваць кампетэнтнага кваліфікаванага чытача, які б мог чытаць шэдэўры і разумець іх, вылучаць галоўнае і выносіць штосьці для сябе. І такім чынам будзе ўзнімацца яго чытацкая кампетэнтнасць. Важна, каб за гады вучобы ў школе вучні не згубілі цікаваць да чытання, а развілі яе. Уся работа аўтарскага калектыву і была падпарадкавана гэтаму.

— Якія б рэкамендацыі вы далі педагогам?

Святлана ЗАХАРАВА:

— Настаўнікам хочацца пажадаць творча, а не шаблонна падыходзіць да распрацоўкі і правядзення сваіх урокаў. Літаратура — гэта мастацтва слова. І варта не забываць пра гэта.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.