Выхаваць патрыётаў

- 15:35Адукацыйная прастора

Гераічныя старонкі ў жыцці бываюць не толькі ў людзей, але і ў караблёў. Часам яны разам з людзьмі здзяйсняюць подзвіг. Саюз ветэранаў ваенных маракоў Пінска сабраў цікавы матэрыял для ідэйна-выхаваўчай работы са школьнікамі. Асаблівае месца сярод гэтых матэрыялаў займаюць успаміны ветэранаў-падводнікаў. Вывучаючы гісторыю Дняпроўскай флатыліі і яе баявы шлях, вучні па-новаму асэнсоўваюць гераічныя падзеі мінулага, імкнуцца даць ім сваю ацэнку, адчуваюць гонар за Радзіму, народ і яго гісторыю.

выхавать патрыётаўУ 1963 годзе ў памяшканні матроскага клуба Пінска быў створаны музей Дняпроўскай ваеннай флатыліі. З распадам СССР ён спыніў сваё існаванне. У 1998 годзе Саюз ветэранаў ваенных маракоў Пінска вырашыў аднавіць музей пад назвай Чырванасцяжнай ордэна Ушакова І ступені Дняпроўскай ваеннай флатыліі і 1-га вучэбнага атрада Ваенна-марскога флоту СССР. Збор матэрыялаў, выраб стэндаў і іншыя падрыхтоўчыя мерапрыемствы занялі тры гады. Першых наведвальнікаў адноўлены музей прыняў у пачатку 2002 года, а з 2005 года ён знаходзіцца ў памяшканні сярэдняй школы № 1.

Асноўная мэта работы музея — выхаванне моладзі, нераўнадушнай да мінулага і сённяшняга Радзімы, і павышэнне эфектыўнасці адукацыйнага працэсу. Гэтая мэта дасягаецца праз фарміраванне ў дзяцей паважлівых адносін да Узброеных Сіл краіны, гістарычнага мінулага Беларусі, роднага горада, школы, а таксама праз фарміраванне агульначалавечых каштоўнасцей, развіццё сацыяльнай актыўнасці вучняў і іх творчай ініцыятывы, супрацоўніцтва з зацікаўленымі арганізацыямі. У рамках музейнай дзейнасці праводзяцца сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, вечарыны, канферэнцыі, канцэрты, святы, экскурсіі і агульнашкольныя лінейкі, прысвечаныя памятным датам, афармляюцца тэматычныя выставы, арганізоўваецца шэфства над ветэранамі вайны і працы, рыхтуюцца экскурсаводы. Акрамя таго, музей з’яўляецца цэнтрам пошукава-даследчай работы.

Музей складаецца з некалькіх экспазіцый: “Гісторыя Дняпроўскай флатыліі”, “Пінская флатылія ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Маракі-дняпроўцы ў аперацыі “Баграціён”, “Маракі-дняпроўцы ў баях за вызваленне Пінска”, “Дняпроўцы — Героі Савецкага Саюза”, “Традыцыям Дняпроўскай флатыліі верныя”, “Баявыя караблі Ваенна-марскога флоту СССР”, “Гісторыя развіцця рускага падводнага флоту” і інш.

Музейныя матэрыялы выкарыстоўваюцца на ўроках гісторыі, геаграфіі, літаратуры і іншых прадметаў. Педагогі не толькі паведамляюць інфармацыю, але і арганізоўваюць самастойную работу вучняў з экспанатамі, іх параўнальны аналіз, гутаркі, абмен меркаваннямі. Музейныя ўрокі павышаюць эфектыўнасць вучэбна-выхаваўчага працэсу. Аповед настаўніка спалучаецца з аглядам экспанатаў і работай над падручнікамі, даведнікамі і картамі, чытаннем перыядычнага друку і праглядам фільмаў. Акрамя таго, у музеі ладзяцца краязнаўчыя мерапрыемствы: конкурсы малюнкаў, апавяданняў, вершаў, насценных газет і завочных падарожжаў, тэматычныя вечарыны, віктарыны і алімпіяды, прэзентацыі кніг мясцовых краязнаўцаў. Музей з’яўляецца экскурсійным цэнтрам не толькі школы, але і горада.

У рамках музейнай работы збіраюцца матэрыялы па наяўных экспанатах, вывучаюцца жыццё і подзвігі землякоў — абаронцаў Айчыны, баявы шлях вайсковых часцей, злучэнняў і партызанскіх атрадаў, якія вызвалялі вёскі Піншчыны, пашыраюцца веды вучняў і мясцовага насельніцтва пра Вялікую Айчынную вайну, даглядаюцца помнікі, а таксама арганізоўваецца ўдзел школьнікаў у абласных і рэспубліканскіх патрыятычных конкурсах і акцыях.

У музеі пабывалі дэлегацыі не толькі з гарадоў Беларусі, але і з Масквы, Санкт-Пецярбурга і Кіева. Цесныя сяброўскія адносіны склаліся з Цэнтральным ваенна-марскім музеем Санкт-Пецярбурга. Па гісторыі Дняпроўскай і Пінскай ваенных флатылій зняты тры фільмы. Аформлены фотаальбом з фотаздымкамі помнікаў і памятных знакаў, прысвечаных Дняпроўскай ваеннай флатыліі. Вялікую дапамогу ў ваенна-патрыятычнай рабоце музея аказвае Саюз ветэранаў ваенных маракоў Пінска. На базе школьнага музея праводзяцца семінары і канферэнцыі рознага ўзроўню. У 2011 годзе музею быў прысвоены статус народнага.

У школе дзейнічае навуковае таварыства “Погляд у будучыню”, мэта якога заключаецца ў аб’яднанні вучняў, здольных да навуковага пошуку і зацікаўленых у павышэнні інтэлектуальнага і культурнага ўзроўню. Хлопчыкі і дзяўчынкі збіраюць звесткі пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і маракоў-падводнікаў, якія пакінулі значны след у гісторыі. Па выніках пошукава-даследчай работы афармляюцца фотарэпартажы, інтэрв’ю і ўспаміны. Класныя кіраўнікі выкарыстоўваюць назапашаныя матэрыялы падчас інфармацыйных гадзін, на ўроках мужнасці і тэматычных мерапрыемствах.

Выставачная, стэндавая і фотаальбомная інфармацыя рэгулярна абнаўляецца. Сабраны відэаматэрыялы з гісторыі стварэння музея, вопыту правядзення вучэбных і пазакласных заняткаў на яго базе. На школьным сайце ёсць спецыяльны раздзел, прысвечаны музею.
Адным з важных напрамкаў работы школьнага музея з’яўляецца прафесійнае выхаванне вучняў і папулярызацыя ваенных спецыяльнасцей.

Таццяна КРАЎЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 1 Пінска.